Памужнелі нашы хлопцы
11.06.2018
—
Разное
|
У райваенкамаце, адкуль нядаўна пайшло на службу чарговае маладое папаўненне, давялося сустрэць тых, хто толькі адслужыў і вярнуўся дадому. Маладыя людзі адразу пасля «дэмбеля» заняліся працаўладкаваннем і іншымі важнымі і першачарговымі справамі. Сярод іх – зварот у ваенкамат, сустрэча з ваенкамам Аляксеем Дзядковым, які кожнаму з іх год-паўтара таму ўручаў павестку на тэрміновую ваенную службу. Тыя, хто адслужыў, становяцца на воінскі ўлік, а асобныя дадаткова афармляюць дакументы на прысваенне першага афіцэрскага звання – лейтэнант запасу. У ваенкамат яны прадастаўляюць разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі характарыстыку-рэкамендацыю са сваёй воінскай часці. Што ім дасць прысваенне афіцэрскага звання? У першую чаргу – права выбіраць у якасці месца працы сілавыя органы рэспублікі. Згадзіцеся, вельмі нядрэнная перспектыва ў 20 з невялікім «хвосцікам». Знаёмімся з амбіцыёзнымі маладымі стаўбчанамі. Некаторыя з іх, накшталт Аляксандра Раманоўскага, ужо вырашылі працягнуць службу (да арміі ён атрымаў адукацыю інжынера-механіка). Пасля ўнутраных войскаў яго запрашалі на работу ў Дэпартамент аховы, іншыя структуры. Ён выбраў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Цяпер праходзіць медыцынскую камісію для працаўладкавання ў органы МНС. – Нёс службу ў Мінску, – прыгадвае армейскія будні Аляксандр. – Спачатку быў курс маладога байца, затым – ахова грамадскага парадку ў Кастрычніцкім раёне сталіцы. Быў вадзіцелем у першага намесніка начальніка штаба ўнутраных войскаў. Атрымаў званне малодшага сяржанта, пасаду інструктара па ваджэнні. Рыхтаваў малодшы прызыў. Аляксандр падкрэслівае: ішоў служыць з жаданнем, настроем. У арміі знайшоў шмат сяброў. Відавочна, што званне лейтэнанта запасу яму вельмі дарэчы. На афіцэрскае званне прэтэндуе і Мікіта Мігус. На цяперашні момант ён выбраў творчы шлях – хоча паспрабаваць сябе ў сферы арганізацыі святочных мерапрыемстваў, – аднак хто ведае, як далей складзецца яго лёс. Ён – інжынер-энергетык па прафесіі, мае любімае хобі – пісаць і выконваць песні. Адну з іх прысвяціў воінскай часці ў Івянцы, дзе служыў радыётэлеграфістам. Разважанні і аптымізм гэтага маладога чалавека яшчэ раз даказваюць, што тэрміновая ваенная служба можа быць шанцам для самарэалізацыі, школай самадысцыпліны, а не страчаным, як лічаць асобныя прызыўнікі, часам. «Час гэты праляцеў хутка. Калі развітваліся, былі і слёзы. І не толькі ў мяне аднаго…» – прызнаецца Мікіта. Размаўляем з Артурам Ігнацікам і высвятляем, што ён таксама ўваходзіць у пасляармейскае жыццё з пазітыўнымі эмоцыямі. «Наша застава была як адна сям’я», – гаворыць Артур. І яму, камандзіру аддзялення, інструктару, і ўсім яго саслужыўцам было няпроста на беларуска-польскай граніцы: гэта кругласутачныя дазоры, у любую мінуту – пад’ём па трывозе… За паўтара года Артур, у адрозненне ад Аляксандра і Мікіты, нават у водпуск не прыязджаў. Бацькі прыязджалі да яго ў Гродна. А вярнуўся дамоў, дык быццам нікуды і не адлучаўся. Усё ў парадку і далей бяжыць маладосць… У 20 так шмат чаго хочацца ажыццявіць! Да арміі закончыў каледж электронікі, пасля арміі Артур хоча атрымаць профільную вышэйшую адукацыю. Ужо знайшоў цікавую работу. Наймальнік адпраўляе яго падвучыцца на курсы ў Маскву… У гутарцы з хлопцамі падлічваем іх новыя «бонусы». Адслужылі і сталі дарослымі. Да іх прыйшла ўпэўненасць, павага да сябе. З’явілася матывацыя дасягаць, крочыць наперад. Родныя не могуць надзівіцца на сваіх дарослых дзяцей. Ваенкам Аляксей Дзядкоў заўважае: – У гэтых рабят – цудоўны старт у самастойнае жыццё. За час службы яны атрымалі не толькі воінскія спецыяльнасці, а і жыццёвы досвед. Гэтая навука дарагога каштуе. …У Аляксандра Раманоўскага і Артура Ігнаціка атрымалася прыйсці ў ваенкамат у ваеннай форме. Імі нельга не залюбавацца. Падцягнутыя, прыгожыя. Сапраўдныя абаронцы нашай Радзімы. НА ЗДЫМКУ: раённы ваенны камісар рады сустрэчы з тымі, хто адслужыў: (злева направа) Мікіта Мігус, Артур Ігнацік, Аляксандр Раманоўскі. Таццяна ПЯТКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У райваенкамаце, адкуль нядаўна пайшло на службу чарговае маладое папаўненне, давялося сустрэць тых, хто толькі адслужыў і вярнуўся дадому. Маладыя людзі адразу...
|
|