Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай. 21.by

Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

11.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

222700-04

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9-10 чэрвеня знаходзіўся з рабочым візітам у Кітаі, дзе прыняў удзел у мерапрыемствах саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Пасля пасяджэння ён правёў перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з лідарамі Манголіі і Ірана.

У ліпені 2015 года Беларусі быў нададзены статус наглядальніка ў ШАС. Аляксандр Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы-наглядальніка прыняў удзел у самітах у 2016 годзе ў Ташкенце і ў 2017-м у Астане.

Беларусь удзельнічае ў статусе наглядальніка ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў, нарадах міністраў краін ШАС, якія адказваюць за знешнеэканамічную і знешнегандлёвую дзейнасць, у канферэнцыях па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, мерапрыемствах няўрадавых структур арганізацыі.

Дынамічна развіваецца ўзаемадзеянне з ШАС у ваеннай сферы і па лініі Выканаўчага камітэта Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС. Беларусь развівае супрацоўніцтва з арганізацыяй і ў культурна-гуманітарнай сферы.

Лукашэнка: ШАС павінна ўнесці свой уклад у перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цындаа.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый супярэчнасці паміж дзяржавамі прымаюць усё больш вострую форму. Нявызначанасць стала новай «нармальнасцю».

«Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур'ёзных канфліктаў з непрадказальнымі вынікамі. У гэтых абставінах Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у забеспячэнне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных норм і правіл, перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне новых хваль пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, якія прама ці ўскосна закранаюць практычна ўсе дзяржавы, што ўдзельнічаюць у саміце, узнікае прамая пагроза ўцягвання ў гандлёвыя войны.

«Таму для ўсіх нас вельмі актуальным з'яўляецца прыняцце сумесных мер, накіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы шляхам выкарыстання магчымасцей Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы», — лічыць беларускі лідар.


222700-06

Беларусь гатова садзейнічаць пашырэнню напрамкаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі — Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта практычная эканамічная кааперацыя краін — членаў ШАС з дзяржавамі-наглядальнікамі і партнёрамі, эфектыўнае выкарыстанне іх транзітных і лагістычных магчымасцей можа стаць адным з перспектыўных напрамкаў развіцця арганізацыі.

«На гэтым шляху ў рамках плана сумесных дзеянняў ужо зроблены першы важны крок па стыкоўцы нацыянальных стратэгій развіцця, а таксама па спалучэнні ЕАЭС з ініцыятывай „Пояса і шляху“.

Беларусь як краіна-ініцыятар і прыхільнік ідэі „інтэграцыі інтэграцый“ гатова садзейнічаць выяўленню новых агульных інтарэсаў і пашырэнню напрамкаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі», — заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне гэтым мэтам у поўнай меры адпавядае рэалізацыя праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», за якім нездарма замацавалася назва «жамчужына Шаўковага шляху».

Паспяховае развіццё парка прыцягвае да яго ўсё большую ўвагу замежных кампаній з усяго свету, асабліва з краін Еўрапейскага саюза.

Лукашэнка прапануе ШАС задзейнічаць магчымасці Беларусі для ўмацавання харчбяспекі

«Беларусь — краіна з традыцыйна моцным і эфектыўным аграрным сектарам, высокатэхналагічнымі вытворчасцю і сельскагаспадарчым машынабудаваннем. Прапануем задзейнічаць магчымасці нашай дзяржавы па пастаўках прадукцыі ўсіх гэтых галін для ўмацавання харчовай бяспекі ШАС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што пасля ўступлення ў 2017 годзе Індыі і Пакістана ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва яе прастора пашырылася практычна да чвэрці тэрыторыі зямной сушы, на якой пражывае амаль палова насельніцтва свету.

У гэтых умовах паўнацэнная забяспечанасць прадуктамі харчавання з'яўляецца найважнейшым фактарам далейшага працвітання ШАС і ўмацавання бяспекі ў гэтым вялікім рэгіёне, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Старшыня КНР, Прэзідэнт Пуцін, усе кіраўнікі дзяржаў тут вельмі правільна гаварылі пра бяспеку, пра стабільнасць нашай арганізацыі. Але яе ніколі не будзе, калі людзі элементарна не будуць накормлены і апрануты», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў стварыць спецыялізаваную экспазіцыю «АграШАС» на міжнародным форуме аграрыяў «Белагра», які штогод праходзіць у Мінску. Ён запрасіў паўдзельнічаць у ёй у 2019 годзе ўсіх сяброў і партнёраў па арганізацыі.


222700-03

СМІ, сацсеткі і электронны гандаль — Лукашэнка прапануе стварыць ІТ-экасістэму ШАС

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сучасныя тэмпы развіцця тэхналогій нясуць у сабе як новыя магчымасці, так і новыя пагрозы і выклікі. Ніводная дзяржава не можа сабе дазволіць проста закрыцца або нешта забараніць у гэтай сферы.

«Прапаную ўсім нам сумесна падумаць над стварэннем агульнай электроннай платформы, скажам, „ІТ-экасістэмы ШАС“, якая аб'яднае ў сабе магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і шмат іншага», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць узмацніць кааперацыю, павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнага свету. «А таксама дапаможа нам забяспечыць бяспеку нашых краін», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь цалкам падтрымлівае кантроль над мірным выкарыстаннем атамнай энергіі — Лукашэнка

«Беларусь цалкам падтрымлівае кантроль над мірным выкарыстаннем атамнай энергіі і раўнапраўнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва пры яе выкарыстанні ў мірных мэтах, замацаваных у Астанінскай дэкларацыі ШАС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што развіццё супрацоўніцтва ў пытаннях умацавання ядзернай бяспекі, мірнага выкарыстання атама і даследаванняў у гэтай сферы можа стаць адным з напрамкаў, якія ўяўляюць значны ўзаемны інтарэс для краін ШАС.

Лукашэнка прывёў работу саміту ШАС у прыклад усім міжнародным арганізацыям

«Узровень арганізацыі і форма нашай сённяшняй работы — гэта прыклад для ўсіх міжнародных арганізацый, як трэба працаваць, а не хадзіць па залах, забываючы аб тым, што трэба слухаць адзін аднаго», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў старшынства Кітая ў ШАС, якое завяршаецца. Паводле яго слоў, яно мае гістарычнае значэнне. «Прапанаваўшы ўсім дзяржавам канцэпцыю Супольнасці адзінага лёсу, Кітайская Народная Рэспубліка за мінулы год ўнесла значны ўклад у пераадоленне ўзнікаючых перад намі новых выклікаў і пагроз у мэтах стварэння больш бяспечнага і працвітаючага свету», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне ён пажадаў поспехаў Кыргызстану, які прымае старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.


222702-01

Лукашэнка: саміт ШАС гучыць значна мацней за сустрэчу G7

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час перагавораў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Цындаа.

«Цяжкая работа, якую вы правялі, варта таго, таму што вынік мерапрыемстваў у Цындаа вельмі добры, і ён будзе мець свой плён. Я паглядзеў міжнародныя навіны. Не ведаю, выпадкова ці не, паралельна ідзе сустрэча „сямёркі“. Я вам павінен сказаць, што наша мерапрыемства ў рамках ШАС значна мацней гучыць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ва ўсіх СМІ цытуюцца заявы кіраўнікоў дзяржаў з саміту і двухбаковых перагавораў, якія адбыліся на яго палях.

Лукашэнка: з моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь

«Нас вельмі радуе, што мы безагаворачна падтрымліваем адзін аднаго ў любой сітуацыі. Ніколі не аглядваемся на рэакцыю і меркаванні іншых, калі размова ідзе аб незалежнасці і суверэнітэце дзяржаў. Упэўнены, што з моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь, якая з'яўляецца вашым верным саюзнікам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў кітайскі бок з завяршэннем старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і адзначыў, што саміт, які прайшоў, стаў знакавым пасяджэннем.

«Гэта прыклад, як трэба праводзіць міжнародныя сустрэчы. Гэта ўзор парадку, дысцыплінаванасці і эфектыўнасці, паколькі кожны чуў адзін аднаго, і кожны з нас мог выказацца і ацаніць іншага. Гэта вялікае адрозненне ад іншых міжнародных арганізацый, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — ШАС — гэта дзецішча Кітая. Міжнародны аўтарытэт, які набыла арганізацыя, — сведчанне ўзмацнення ролі вашай краіны ў свеце. Мы як вашы шчырыя сябры ўсяляк будзем падтрымліваць гэту арганізацыю і ўсе тэндэнцыі, якія будуць адбывацца ў ёй».

У сваю чаргу Сі Цзіньпін адзначыў актыўны ўдзел Беларусі ў самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў гатоўнасць Кітая заўсёды быць надзейным сябрам і партнёрам Беларусі.

«Мы гатовы спалучыць наша развіццё з развіццём Беларусі», — сказаў Старшыня КНР.

Сі Цзіньпін таксама ўспомніў сваю першую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. «Мы з першага моманту знаёмства як даўнія сябры. Мы ўвесь час звяраем гадзіннікі па пытаннях развіцця адносін, тэматыцы, якая ўяўляе ўзаемны інтарэс, пастаянна надаём новы імпульс развіццю двухбаковых адносін. Я гатовы і ў далейшым падтрымліваць такія цесныя кантакты», — заявіў лідар Кітая.

Беларусь і Кітай устанаўліваюць бязвізавы рэжым

Адпаведнае міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў падпісана ў Цындаа.

Дакумент заключаны па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Ад беларускага боку подпіс пад пагадненнем паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Бакі таксама падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў іншых сферах. У прыватнасці, заключана міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, рамачнае пагадненне аб прадастаўленні Беларусі льготнага крэдыту для рэалізацыі заключнага этапу арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, мемарандум паміж Міністэрствам эканомікі Беларусі і Дзяржаўным агенцтвам міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Кітая аб супрацоўніцтве па развіцці чалавечага патэнцыялу.

Сярод падпісаных дакументаў таксама мемарандум паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам камерцыі Кітая аб Плане сумеснага развіцця дзвюх краін на аснове спалучэння стратэгічных праграм на сярэдне- і доўгатэрміновы перыяды, парадак узаемадзеяння паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем Кітая аб узаемным прызнанні ўпаўнаважаных эканамічных аператараў.

Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць Беларусі ствараць у Манголіі высокапрадукцыйныя прадпрыемствы

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Манголіі Халтмагійн Батулгам.

Мангольскі бок у час сустрэчы выказаў зацікаўленасць у стварэнні малочнай вытворчасці па беларускіх тэхналогіях. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што Беларусь гатова падзяліцца вопытам у гэтым напрамку. «І ў выпадку, калі мы дамовімся, гатовы пабудаваць у вас кластар па вытворчасці і перапрацоўцы малака. Я ведаю, што Манголія мае патрэбу ў такіх высокапрадукцыйных прадпрыемствах», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў Манголіі знаёмы з магчымасцямі Беларусі па вытворчасці аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

«Калі вас гэта будзе цікавіць, мы гатовы вам гэта прадэманстраваць у Беларусі. Калі вас зацікавіць новая тэхніка, якую мы ствараем, мы гатовы з вамі гандляваць ёю, але і не толькі. Мы гатовы таксама да таго, каб на тэрыторыі Манголіі ствараць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці такой тэхнікі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

У час сустрэчы Халтмагійн Батулга расказаў, што некалькі гадоў таму ён наведваў Беларусь на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі. «Маю ўвагу прыцягнула тое, што Беларусь паспяхова развівае малочную вытворчасць, яе прадукцыя пастаўляецца на рынкі Расіі і Еўрапейскага саюза», — адзначыў мангольскі лідар. Наведваючы Беларусь, ён таксама звярнуў увагу на развіццё ў краіне вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і планаваў затым арганізаваць у Манголіі выстаўку беларускай прадукцыі, аднак рэалізаваць намечанае ў тыя гады так і не ўдалося.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Халтмагійн Батулгу зноў наведаць краіну.

«Я запрашаю вас у любы зручны час прыехаць у Беларусь ужо Прэзідэнтам для таго, каб больш глыбока азнаёміцца з тымі напрамкамі развіцця нашай дзяржавы і эканомікі, якія зацікавяць і будуць карысныя для Манголіі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што праведзеная сустрэча важная для развіцця супрацоўніцтва і ад яе шмат у чым залежыць, які вектар набудуць адносіны дзвюх краін. Бакі канстатавалі, што Беларусь і Манголія размяшчаюцца паміж буйнымі дзяржавамі або блокамі, таму важна змагчы скарыстацца гэтым становішчам і знайсці перавагі з пункту гледжання эканомікі.

Беларусь настроена вырашаць праблемы ў адносінах з Іранам — Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Ірана Хасанам Раўхані на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цындаа.

«У нас не проста год ад году паляпшаюцца адносіны — у нас ёсць ужо цэлая гісторыя адносін», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што не раз бываў у Іране і добра ведае, з якімі праблемамі сутыкалася краіна і якія цяжкасці існуюць у беларуска-іранскіх адносінах. «І мы поўныя рашучасці гэтыя праблемы вырашаць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Беларусь гатова да развіцця адносін з вашай краінай на столькі, на колькі вы гэтага жадаеце».

У сваю чаргу Хасан Раўхані ўспомніў аб сваёй папярэдняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў ліпені 2015 года ва Уфе таксама на палях саміту ШАС. «Пасля яе я даў даручэнне свайму міністру прамысловасці, каб ён прыехаў з візітам у Беларусь для абмеркавання, як нам далей развіваць двухбаковыя адносіны і вырашыць усе праблемныя пытанні. Я думаю, што да аптымальнага ўзроўню ў адносінах нам пакуль яшчэ далёка, але сёння мы знаходзімся на ўзроўні значна лепшым, чым раней», — сказаў іранскі лідар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9-10 чэрвеня знаходзіўся з рабочым візітам у Кітаі, дзе прыняў удзел у мерапрыемствах саміту Шанхайскай арганізацыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика