Лічыльнік – на нейтральнай тэрыторыі
15.06.2018
—
Разное
|
Не першы год сярод бытавых абанентаў раёна ўкараняецца электронны ўлік электраэнергіі. Зручнасць ад навінкі адчуваюць не толькі абаненты, а і кантралёры. Акрамя таго, такім чынам вырашаецца праблема несанкцыянаванага спажывання электраэнергіі. – Больш за ўсё электронных лічыльнікаў з вынасам на вуліцу ў абанентаў, якія пражываюць у Стоўбцах, а менавіта ў раёне так званага Царскага сяла, у мікрараёне Акінчыцы. Там фактычна не засталося дамоў, дзе лічыльнікі электраэнергіі знаходзяцца ўнутры іх, – расказала кантралёр Стаўбцоўскага МРА філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга» Ірына Мяжынская. Сучасныя патрабаванні адносна ўліку электраэнергіі распаўсюджваюцца ў першую чаргу на новае жылое будаўніцтва, на пабудовы пасля рэканструкцыі ўнутрыдамавой сістэмы энергазабеспячэння і якія падключаюцца пасля вынесеных прадпісанняў. Ёсць і жадаючыя ўстанавіць электронны лічыльнік. Пакуль у раёне набярэцца не больш за 10 працэнтаў абанентаў, у якіх лічыльнікі электраэнергіі знаходзяцца на нейтральнай тэрыторыі – на вуліцы. Каля аднаго з такіх абанентаў па вуліцы Камінтэрна мы і спыніліся з Ірынай Мяжынскай. – Не трэба заходзіць у двор, стукаць гаспадарам у дзверы, асцерагацца сабакі, – пералічвае перавагі новага спосабу ўліку кантралёр. Са службовай сумкі яна дастае ключ, якім адкрывае скрыню, што прымацавана побач з брамкай, і самастойна здымае паказанні на электронным табло. Пад рукой у кантралёра – ведамасць, дзе адлюстраваны плацяжы абанентаў, таму можна адразу параўнаць іх з апошнімі паказаннямі. Дапускаецца, што бягучае спажыванне электраэнергіі можа вагацца ў межах 200-300 кВт. У даным выпадку – фактычна аплачана да кілавата. «Гэты абанент вельмі адказны, з ім ніколі не ўзнікае праблем», – пацвярджае Ірына Мяжынская. Кантралёрам яна працуе ўжо восем гадоў. За гэты час больш канкрэтнымі сталі патрабаванні і да іх, кантралёраў. Абход абанентаў (а гэта робіцца не радзей, чым раз у квартал) яны ажыццяўляюць выключна ў форменнай экіпіроўцы (на службовай камізэльцы спераду і ззаду чытаем надпіс – «Энергазбыт»), са службовым пасведчаннем, якое прад’яўляюць па першым патрабаванні абанента. Іх рабочы графік – з 09.00 да 18.00 ва ўсе дні, акрамя нядзелі і панядзелка. Гэтыя дні – выхадныя. Напружанымі бываюць суботы, калі кантралёры звычайна накіроўваюцца да тых, каго не могуць застаць дома ў будзённыя дні. Як сцвярджае Ірына Мяжынская, гэта актуальна ў рабоце з дачнікамі. На жаль, пакуль не ўсе дачнікі, як і вяскоўцы, жыхары райцэнтра своечасова і без напамінку разлічваюцца за электраэнергію. У энергазбыце працуюць сем кантралёраў. Яны абслугоўваюць горад і сельскія населеныя пункты раёна. Акрамя абходаў, у іх ёсць і «кабінетная» работа, звязаная з удакладненнем спісаў абанентаў, спісаў ільготнай катэгорыі абанентаў. Ім прыходзіцца выпісваць і паведамленні-папярэджанні даўжнікам з указаннем тэрмінаў аплаты доўгу ў дасудовым парадку. Адметна, што ў бягучым годзе ў Новым Свержані пачалася маштабная рэканструкцыя энергасетак, якая ў тым ліку прадугледжвае і ўстаноўку бытавым абанентам электронных лічыльнікаў з вынасам на вуліцу. З улікам таго, што выдаткі бярэ на сябе энергасістэма, гэта выглядае як своеасаблівы эксперымент. Таццяна ПЯТКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не першы год сярод бытавых абанентаў раёна ўкараняецца электронны ўлік электраэнергіі. Зручнасць ад навінкі адчуваюць не толькі абаненты, а і кантралёры. Акрамя...
|
|