На ўлонні
19.06.2018
—
Разное
|
«РАЗБОЙ» Фатаграфуючы шпакоў, якія шматлікай шумнай стаяй ахапілі за суседскім плотам рослую чарэшню, густа абсыпаную ружовымі недаспелымі ягадамі, успомніў пачутыя колісь на рынку ля садоўніка, які гандляваў гадаванцамі-чарэшанькамі, словы, адрасаваныя камусьці з пакупнікоў, маўляў, можа і не ўдасца паласавацца. Пацвердзілася. Той прамоўца, відаць, меў горкі вопыт. Два рослыя, амаль чатыры метры ў вышыню, дрэвы былі начыста абабраны за пару гадзін і з панікшым голлем, пакамечаным лісцем мелі драматычны выгляд. Не дапамагалі ні крыкі, ні ўзмахі рук. Стая нахабных птахаў узнімалася толькі на нейкую хвіліну, рабіла круг і зноў рашуча садзілася на дрэва, карпатліва падсілкоўваючы вітамінным спакуслівым кормам маладняк, які ўжо навучыўся лятаць, а вось карміцца самастойна пакуль не. Васіль ЗЯНЬКО, фота аўтара
З КЛОПАТАМ – ДА МУРАШОЎ Ціха цяпер у лесе. Замаўкаюць птушкі, для якіх наступіў штогадовы клопат – карміць сваё малое сямейства. І наўрад ці сустрэнеш наведвальнікаў з вёдрамі ды карзінамі. Суніцы, пэўна, выспелі, але такая доўжыцца сухмень, дзейнічае распараджэнне аб забароне ўезду і ўваходу насельніцтва ў лясы. Чакаем дажджу, які стане сапраўды гаючым, здыме і напружанасць з пажаранебяспечнай абстаноўкай. Адчуваю, многія чакаюць абставін, каб прайсціся зноў па лясных сцяжынках. Акрамя прыродных знаходак, цікавяць і розныя адметныя «аб’екты ў лясным горадзе». Вось, скажам, вялізны мурашнік, які здалёку бачны. Пасля зімы гэты «дом» з, пэўна, тысячамі насельнікаў крыху абсунуўся ў бакі, «дах» пакасіўся. Але толькі прыгрэла сонейка, як атрады працавітых мурашак дружна парамантавалі сваю «высотку». Стала яна, як і належыць, такой жа конусападобнай ці, можна сказаць, пірамідападобнай. Маўляў, вучыцеся, як будаваць! Неяк летась, ідучы па лясной дарозе, здзівіўся: на самы верх мурашынага дома птушка завітала. Ды не проста сядзіць, а робіць нейкія «спартыўныя» практыкаванні. То крыламі махае, то спускаецца, падае з вяршыні. Не, пэўна ж не шкодзіць маленькім жыхарам, калі яны не праганяюць гэтую госцю. Пры сустрэчы расказаў аб такой прыгодзе лесніку. Хто ж лепш ведае пра звычаі лясных жыхароў, чым той, хто падтрымлівае парадак і аберагае спакой зялёнага царства? – Птушка? Пэўна, сойка гэта была. Я таксама назіраў падобныя візіты. Лічу, што паспяшалася крылатая вандроўніца да мурашоў, каб дапамаглі ёй пазбавіцца ад дакучлівых насякомых, што залезлі ў яе пёры. Узбуджаныя мурашкі апырскваюць птушку мураўінай кіслатой. Вось і палёгка кемлівай сойцы. Падобныя выпадкі «ўзаемадапамогі» ў лясных насельнікаў нярэдкія. Толькі паназіраць, уважліва прыгледзецца, і адкрыюцца таямніцы «зялёнай краіны».
ІЗНОЎ БУДЗЕ ГАЙ ЗЕЛЯНЕЦЬ Сёлетняя вельмі цёплая вясна паскорыла росквіт і выспяванне многіх раслін. Як ніколі, у пачатку чэрвеня гараджане сталі скардзіцца на алергічны тапаліны пух. Ды і ліпа ўжо цвіце, не чакаючы свайго каляндарнага ліпеня. І бяроза распусціць свае кветачкі-завушніцы, каб пасля вецер панёс ва ўсе бакі малыя «мошачкі» насення. А ўвогуле ці заўважалі, што на дзялянках пасля лесанарыхтоўкі, нават дзе на падрыхтаваных барознах, зелянеюць пасаджаныя елачкі ды сасёнкі. Там-сям, апярэджваючы іх у росце, узнімаюцца бярозкі. На высечках, пасля буралому лясное месца пустым не бывае. Год-другі – і пойдуць зелянець бярозы-самасейкі. Леснікі падтрымліваюць запланаваную сістэму аднаўлення. Толькі ведаюць яны, якія далікатныя, патрабавальныя да ўмоў надвор’я, саставу глебы тыя ж елачкі, не кажучы ўжо пра дубы. А бярозам ды соснам – вобразам вядомай усімі песні – любая зямелька даспадобы, толькі б свая, родная. Аднак жа лесаводы дбаюць і пра біялагічную разнастайнасць. Каб не зводзіліся ў нашых лясах усялякія дрэвы. Скажам, дубы, каб яны, увасобленыя магутнай паэзіяй Коласа, гэтак жа дружнай чарадою стаялі над наднёманскай вадою. Фёдар БАНДАРОВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«РАЗБОЙ» Фатаграфуючы шпакоў, якія шматлікай шумнай стаяй ахапілі за суседскім плотам рослую чарэшню, густа абсыпаную ружовымі недаспелымі ягадамі, успомніў...
|
|