Пасяджэнне ВДС Саюзнай дзяржавы ў Мінску. 21.by

Пасяджэнне ВДС Саюзнай дзяржавы ў Мінску

20.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы адбылося 19 чэрвеня ў Мінску ў Палацы Незалежнасці. Парадак дня ўключаў каля дзясятка пунктаў. Сярод іх — праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады, пытанні далейшага развіцця інтэграцыйнага аб'яднання на 2018—2022 гады. Вышэйшы орган Саюзнай дзяржавы таксама разгледзеў пытанні бягучай дзейнасці інтэграцыйнага аб'яднання.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі перагаворы ў вузкім складзе. Яны абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках.

222815-06

Лукашэнка заявіў аб неабходнасці ўстаранення ў гандлі з Расіяй узаемных бар'ераў і выключэнняў

Аб гэтым ён заявіў у Мінску на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

«У 2017 годзе мы пераадолелі працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту і выйшлі на яго рост. Сёння вельмі важна замацаваць дадатныя тэндэнцыі і забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж нашымі краінамі. У тым ліку за кошт устаранення ўзаемных бар'ераў, выключэнняў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Апошнім часам вырашэнне актуальных пытанняў часта пераводзіцца з аднаго інтэграцыйнага фармату ў іншы. Напрыклад, на пляцоўку Еўразійскага эканамічнага саюза. Думаю, што нам не трэба гэтага ў далейшым  рабіць, таму што мы ў нашым саюзе можам вырашаць тыя пытанні, якія існуюць. Калі нейкія праблемы перашкаджаюць нашым адносінам, я думаю, што нам іх трэба вырашаць тут і цяпер».

Паводле слоў Прэзідэнта, для знаходжання кансэнсусу не трэба абмяркоўваць асобныя пытанні з краінамі, якія ў іх не задзейнічаны.

Ён звярнуў увагу на каардынуючую ролю Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. «Яму трэба забяспечыць сістэмнае і рэгулярнае супрацоўніцтва профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоту максімальна глыбока ўнікаць у сутнасць і выразна бачыць баланс інтарэсаў бакоў па пытаннях, якія абмяркоўваюцца на пляцоўцы Пасткама. «Тыдзень таму я аддаў распараджэнне ўраду, каб ні адны перагаворы не праходзілі без удзелу кіраўніка нашага апарату — Рыгора Рапоты — яны павінны быць у тэме, у курсе справы. І нядрэнна будзе, калі нашы спрэчныя пытанні будуць пераносіцца і на ўзровень Пастаяннага камітэта, там абмяркоўвацца са спецыялістамі», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка разлічвае на ўрэгуляванне ўсіх пытанняў па перасячэнні беларуска-расійскай граніцы

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве — гэта абарона інтарэсаў грамадзян абедзвюх краін. «Для іх ужо ў поўнай меры забяспечаны належны ўзровень розных правоў і свабод. Па крайняй меры, мы рушылі ў саюзе далей за любы інтэграцыйны праект. Узнікаюць асобныя пытанні, напрыклад, па парадку перасячэння беларуска-расійскай граніцы. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час разбяромся з гэтай праблемай», — сказаў беларускі лідар.

«Добры прыклад — ва ўмовах неабходнасці забеспячэння бяспекі праводзімага ў Расіі чэмпіянату свету па футболе мы з разуменнем ставімся да пазіцыі расіян аб прымяненні элементаў пагранічнага кантролю. Але чакаем, што ўсе астатнія пытанні па перасячэнні беларуска-расійскай граніцы трэба ўрэгуляваць», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знешнепалітычнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны і шматпланавы характар. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных праблемах сучаснага свету, падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях.

Міністэрствы замежных спраў дзвюх дзяржаў, рэалізуючы ўзгодненыя праграмы, узаемадзейнічаюць вельмі канструктыўна, упэўнены беларускі лідар.

Лукашэнка: міжрэгіянальныя сувязі застаюцца залогам поспеху беларуска-расійскай інтэграцыі

«Залогам поспеху нашай інтэграцыі застаюцца міжрэгіянальныя сувязі. Гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю маюць 80 суб'ектаў Расіі. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве. З 2014 года праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І чарговы форум у кастрычніку гэтага года пройдзе ў Магілёве», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну наведаць гэты форум.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што жыццё не стаіць на месцы і патрабуе пастаяннага руху наперад. Адным з ключавых пунктаў сённяшняга парадку дня ВДС з'яўляецца зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. «У рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў павінны быць задзейнічаны ўсе органы кіравання Саюзнай дзяржавы. Перакананы, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам пераадолець выклікі, якія дыктуе нам міжнародная сітуацыя. Менавіта такі падыход адпавядае прынцыпам нашага інтэграцыйнага праекта», — рэзюмаваў беларускі лідар

Пуцін пацвердзіў зацікаўленасць у далейшай эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы пацвердзіў  зацікаўленасць Расіі ў развіцці Саюзнай дзяржавы і нарошчванні палітычнай і эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю. Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што ў наступным годзе краіны будуць адзначаць 20-годдзе падпісання дагавора аб стварэнні саюза.

На думку расійскага лідара, за мінулы перыяд шмат чаго ўдалося дабіцца — нарасціць гандлёва-эканамічныя, інвестыцыйныя, навукова-тэхналагічныя, культурныя, гуманітарныя сувязі, а таксама ўмацаваць дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.

Прэзідэнт Расіі лічыць, што далейшага пашырэння і дыверсіфікацыі патрабуе саюзны гандаль. Ён канстатаваў, што ў мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць — плюс 23,5 працэнта і дасягнуў $32,4 млрд. У гэтым годзе таксама назіраецца прырост гандлю паміж Беларуссю і Расіяй.

«Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама сказаў, што аб'ём накопленых расійскіх капіталаўкладанняў у беларускую эканоміку перасягае $3,9 млрд. У сваю чаргу беларускія прадпрыемствы інвесціравалі ў Расію каля $620 млн.

Кіраўнік расійскай дзяржавы лічыць важным паляпшаць дзелавы і інвестыцыйны клімат, праводзіць узгодненую фінансавую і крэдытную, падатковую палітыку, прадоўжыць гарманізацыю нарматыўнага рэгулявання. Ён лічыць неабходным зрабіць дадатковыя крокі для пашырэння прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй.


222815-07

Пуцін бачыць добрыя магчымасці для ўмацавання супрацоўніцтва з Беларуссю ў энергетыцы

Расійскі лідар спыніўся на перспектыўных для Беларусі і Расіі праектах. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што расійскія кампаніі будуюць у Беларусі завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду, што выкарыстоўваецца ў аўтамабільнай і хімічнай прамысловасці. «Узводзім фабрыку будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы па перапрацоўцы збожжавых. І гэта праекты на суму амаль $480 млн», — сказаў ён.

На думку Уладзіміра Пуціна, вялікія перспектывы ёсць менавіта ў сферы энергетыкі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў канцы наступнага года адбудзецца запуск першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі, а ў 2020-м — другога энергаблока. «Аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў у будаўніцтва станцыі склаў $10 млрд», — падкрэсліў расійскі лідар.

Ён таксама сказаў, што Беларусь і Расія рэалізуюць сумесныя праекты па мадэрнізацыі газатранспартнай сістэмы. Расія да 2020 года інвесціруе амаль $2,5 млрд у абнаўленне беларускага ўчастка газаправода «Ямал — Еўропа».

Прэзідэнт Расіі таксама выказаў меркаванне, што абодвум бакам неабходна прыкласці больш намаганняў для таго, каб павялічыць выпуск навукаёмістай прадукцыі.

«Важна стымуляваць расійскі і беларускі бізнес для больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі, заахвочваць вучоных і спецыялістаў да ўкаранення новых тэхналогій», — заявіў ён.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што менавіта для гэтага засноўваецца новая прэмія ў галіне навукі і тэхнікі.

Ён таксама падкрэсліў важнасць міжрэгіянальнага беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і маючага адбыцца восенню V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Прэзідэнт чакае, што па выніках гэтай важнай міжрэгіянальнай сустрэчы будуць запушчаны новыя ініцыятывы. Уладзімір Пуцін сказаў, што традыцыйна кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі наведваюць такое мерапрыемства і плануюць гэта зрабіць у бягучым годзе.

Беларусь і Расія на ВДС пацвердзілі імкненне знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні спрэчных пытанняў

Аб гэтым па выніках праведзеных перагавораў заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Спрэчныя пытанні, якія часам узнікаюць у беларуска-расійскіх адносінах, традыцыйна будуць вырашацца ў духу ўзаемаразумення і кампрамісу. Што ўжо ў прынцыпе нашы ведамствы робяць. Гэта яшчэ раз было пацверджана і на маёй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам, і непасрэдна ў ходзе праведзенага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, бакі маюць намер прадаўжаць канструктыўны дыялог па ўсіх напрамках супрацоўніцтва.

«Для ўстойлівага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.

«Перакананы, што нам сёння ўдалося надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў асаблівы статус фармату ВДС. «Напэўна, нідзе ні ў якую краіну вось так усё кіраўніцтва Расіі не прыязджае, як у Беларусь. Мы гэта цэнім», — сказаў беларускі лідар.

На пасяджэнні ВДС былі разгледжаны пытанні далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, развіцця інтэграцыйных працэсаў і нарошчвання ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы.

«Наш праект з'яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. Галоўная мэта застаецца нязменнай — паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў мінулым годзе і ў пачатку бягучага года бакі выйшлі на стабільную траекторыю росту ўзаемнага тавараабароту. «Нам неабходна забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. І мы гэтай тэме сёння прысвяцілі асноўны наш час», — сказаў ён.

Важным элементам праведзеных перагавораў стаў разгляд Прыярытэтных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. Адным з ключавых інструментаў дасягнення зафіксаваных у гэтым дакуменце мэт з'яўляецца павышэнне сістэмнага ўзаемадзеяння профільных арганізацый Беларусі і Расіі. Гэта задача ўскладзена на Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Пільная ўвага была таксама ўдзелена міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву як важнейшаму кампаненту двухбаковых сувязей. Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што 80 суб'ектаў Расіі падтрымліваюць гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве.

Прэзідэнт нагадаў, што ў кастрычніку ў Магілёве адбудзецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Наведаць гэта значнае для развіцця двухбаковых адносін мерапрыемства запрошаны і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

«Мы таксама гаварылі аб важнасці каардынацыі работы знешнепалітычных ведамстваў. Нашы краіны прытрымліваюцца адзіных пазіцый па асноўных сусветных праблемах і падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Так будзе заўсёды», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што захоўвае сваю важнасць і рэалізацыя Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады. «Мы і далей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам», — сказаў ён.

ВДС Саюзнай дзяржавы зацвердзіў праграму ўзгодненых дзеянняў у знешняй палітыцы на 2018—2019 гады

У праграме, прадстаўленай міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Расіі, захавана пераемнасць. Краіны і далей прадоўжаць паглыбляць двухбаковае ўзаемадзеянне на прасторы СНД і АДКБ. Размова таксама ідзе аб такіх напрамках, як фарміраванне ўзгодненай пазіцыі ў ААН, АБСЕ і іншых міжнародных арганізацыях, забеспячэнне рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі, павышэнне ролі Беларусі і Расіі ў барацьбе з новымі выклікамі і пагрозамі, у тым ліку міжнародным тэрарызмам, экстрэмізмам, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, наркагандлем, транснацыянальнай злачыннасцю.

Адным з важнейшых вектараў супрацоўніцтва ў праграме вызначана актыўнае ўзаемадзеянне ў сферы ўмацавання і развіцця Саюзнай дзяржавы.

Асаблівая ўвага ўдзелена аказанню дыпламатычнага суправаджэння дзейнасці ЕАЭС, павышэнню яго міжнароднага аўтарытэту, нарошчванню супрацоўніцтва ў пытаннях спалучэння будаўніцтва саюза і кітайскага праекта «Адзін пояс і адзін шлях».

Праграма дае магчымасць весці актыўны сістэмны дыялог бакоў па найбольш важных праблемах міжнародных адносін і каардынаваць намаганні ў знешняй палітыцы, у тым ліку па асноўных пытаннях парадку дня МАГАТЭ на сесіях Савета кіраўнікоў агенцтва, а таксама ўзаемадзеяння пры ўзгадненні рэзалюцый і рашэнняў сесій Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ.


222818-03

Зацверджаны прыярытэтныя напрамкі развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады

Прыярытэтнымі напрамкамі і першачарговымі задачамі вызначаны правядзенне ўзгодненай макраэканамічнай, прамысловай, бюджэтнай палітыкі, паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін, фарміраванне адзінай прававой прасторы і развіццё інстытуцыянальных асноў Саюзнай дзяржавы.

Прадугледжваецца выпрацоўка сумесных мер па далейшым скарачэнні адміністрацыйных бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, развіцці аб'яднанай транспартнай сістэмы і фарміраванні адзінага паліўна-энергетычнага рынку.

Як адзначыў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, відавочна, што для руху наперад неабходна яшчэ шмат зрабіць па шэрагу напрамкаў. «У іх ліку і прадаўжэнне намаганняў па зняцці бар'ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, і рэалізацыя ўзгодненай прамысловай палітыкі, і развіццё аграпрамысловага комплексу, і фарміраванне адзінага паліўна-энергетычнага комплексу, і стварэнне адзінай міграцыйнай прасторы», — сказаў ён.

Названы ўладальнікі прэмій СД па літаратуры і мастацтве за 2017—2018 гады

Уладальнікі прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017—2018 гады вызначаны на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Мінску.

Прэміі прысуджаны кампазітару народнаму артысту Расіі Алегу Іванову, аўтарскаму калектыву ў складзе дырыжора народнага артыста Расіі Валерыя Палянскага і заслужанага работніка культуры РФ Аляксандра Шаніна, балетмайстру народнаму артысту СССР Валянціну Елізар'еву.

Прэмія Саюзнай дзяржавы па навуцы і тэхніцы заснавана на ВДС у Мінску

Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі заснавана на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Мінску.

Прэмія будзе прысуджацца грамадзянам Беларусі і Расіі за выдатныя вынікі сумесных навуковых даследаванняў, адкрыцці і навуковыя дасягненні адзін раз у два гады, пачынаючы з 2019 года. Яна будзе прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Памер прэміі складзе 5 млн расійскіх рублёў па аналогіі з прэміяй у галіне літаратуры і мастацтва.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць ВДС. Яна прызначана стаць стымулам для навуковай дзейнасці, ствараць спрыяльныя ўмовы для новых адкрыццяў і дасягненняў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы адбылося 19 чэрвеня ў Мінску ў Палацы Незалежнасці. Парадак дня ўключаў каля дзясятка пунктаў. Сярод іх —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика