Справядлівая маланка
25.06.2018 17:24
—
Разное
|
Спачатку хачу напомніць беларускую іранічную прымаўку-суцяшэнне аб няўдалым гаспадару, у якога згарэла клуня з неабмалочаным збожжам. Выйшаў гаспадар на двор, моцна пачухаў патыліцу і прамовіў: “Але ж затое, браткі мае, колькі мышэй ляснула!” У дадзеным выпадку мы не ведаем прычыну пажару, не выключана, што гэта была навальніца. У Лагуцкіх, урочышчы ля Сяльца, больш за сто гадоў жылі Пікулы, заможныя людзі. Маёмасць іх дасягала аж да 270 гектараў. Апошнім трымальнікам быў Восіп, чалавек фанабэрысты і ганарлівы. У нейкай меры і дзівак. Прывесці прыклады яго дзівацтваў можна, але нам тое сёння без патрэбы. У тэму пойдзе адзінае здарэнне сярэдзіны 1930-х гадоў. Восіп на сенажаць каля Пікулінага лесу (а як жа інакш!) запрасіў за вялікі барыш дванаццаць сельчукоў: і мужчын, і жанчын. Трэба было згрэбці сена. Нічога дзіўнага ў тым няма. Акрамя… Пікула – католік, запрошаныя работнікі – праваслаўныя, а дзень для працы прыпаў на Пятра і Паўла. Ніхто цяпер не скажа, ці наўмысна выбраў гаспадар тое праваслаўнае свята, ці шкада было чарговага пагодлівага дня, але не ўлічваць тое ён не мог. Не першы ж дзень на свеце жыў. Пётр П., апавядальнік і ўдзельнік тых падзей: “Да паловы першай работа была выканана. На сенажаці паўстаў прыгожы стог, тоны на дзве. Пасля працы Пікула пачаставаў нас добрым абедам, разлічыўся. Адышлі мы ад стога метраў дзвесце, на небе было толькі адно цемнаватае, вельмі маленькае воблачка, не хмарка нават, з яго пырскнуў дожджык на хвілінкі дзве-тры, і раз грымнула. Толькі адзін раз. І трэба ж, стукнула тая маланка ў стог Восіпа. Мы кінуліся ратаваць сена, але Пікула нас спыніў і на дзіва спакойна прамовіў: “Няхай гарыць. То – для мяне навука, ведай, што робіш. У Бога дзён многа. І вам не пашкодзіла б запамятаць гэты выпадак”. Пасля павярнуўся і няспешна пайшоў у бок сваёй сядзібы”. А цяпер накіруемся ў Нарутавічы і пазнаёмімся з мясцовым жыхаром Арцёмам Герасімавічам Велясевічам. На самай справе бацька яго насіў імя Іеранім, відаць, па хрышчэнні, але яго дзяцей пісалі Герасімавічамі. Нарадзіўся Арцём пры цару, у 1884 годзе, школу наведваў, пісьмо напісаць мог, хаця і з цяжкасцю. Сям’я вялікая, чацвёра дзяцей акрамя яго, Арцёма. Жаніўся позна, у 27 гадоў, выглядаў ужо сапраўдным сталым мужыком: плечы шырокія, рукі дужыя. Жонкай стала мясцовая 18-гадовая дзяўчына Таццяна Адамаўна Русіна. У адрозненне ад мужа Таццяна выглядала маленькай і худзенькай, такой кабета застанецца да канца, а пражыве аж 92 гады. У тым жа 1911 годзе народзіцца адзіны сынок Пётр. Ён трапіў у палон у раёне Брэсцкай крэпасці летам 1941 года, загінуў у нямецкім канцлагеры, быў жанаты, тры дачкі ў сям’і.
Арцём Велясевіч (у цэнтры) з аднавяскоўцамі, 1930-я гады. Больш дзяцей у Арцёма Велясевіча не будзе, і прычынай таму стаў яго ад’езд за мяжу, у Новы Свет, сыну тады пайшоў толькі другі год. Жаданне завесці прыстойную гаспадарку штурхнула Арцёма, як і тысячы іншых беларусаў, у пошуках стабільнага і добрага заробку. Нездарма наш паэт пісаў: “А дзе той выхад? Дзе збавенне?.. Адзін ён ёсць: зямля, зямля”. Сёння ніхто не ведае, на які тэрмін выбіраўся жыхар Нарутавіч, а прабыў там 20 (!) гадоў. Сусветная вайна, рэвалюцыі адкладвалі вяртанне. Восем гадоў, што прайшлі на радзіме, пахавалі набытае яго працай прахам і дымам. Вярнуўся Арцём Герасімавіч толькі ў 1933 годзе, паўстагоддзя за плячыма, на вяселле сына Пятра. І вярнуўся не на пустое месца. Жонка Таццяна аказалася руплівай гаспадыняй, дакладна выконвала даручэнні мужа, купляла зямлю, пабудавала вялікі дом, фундамент з пустакаў, гаспадарчыя пабудовы. Толькі склепа асобнага (карысталіся тым, што быў пад падлогай кухні) і спраўнай клуні не было. Клуня была, але маленькая і з тонкага круглага бярвення. Муж ужо сам пабудуе клуню, з пілаванага лесу, высокую і шырокую – палац. Выкапаюць і яму пад склеп, але новыя ваенныя напасці не дадуць давесці справу да канца. Тую яму выкарыстаюць як сховішча падчас абстрэлаў, а пасля засыплюць. Палічаць, што будаўніцтва склепа – марная і стратная задума ў новых калгасных умовах. На вяселле прывёз бацька сыну вялікі швейцарскі гадзіннік у залатым корпусе і некалькі заручальных, таксама залатых, пярсцёнкаў з выявамі гронак вінаграду на паверхні. Вучыў гаспадыню рабіць галубцы, якія вельмі спадабаў за мяжой, як і піва. Прывёз і грошы, долары, скрутак іх хавала жонка пад печчу яшчэ недзе на пачатку шасцідзясятых гадоў. Лёс іх невядомы. Перад апошняй вайной і адразу пасля яе сустракаем Арцёма Герасімавіча спраўным гаспадаром з 13,57 гектара зямлі. Былі і трохі больш заможныя ў вёсцы, але Велясевіч мала чым ім саступаў. На гектар ці два. Сад вырасціў. Жыві і радуйся. Ствараліся калгасы. Знік у Арцёма сон. Шукаў выйсце і не мог знайсці. Сэрца разрывалася ад магчымага руйнавання ўсяго, што зарабіў, пілуючы лес у Амерыцы. Гады са два перад веснавой сяўбой прыносіў свайму былому каню ў торбе авёс, прасіў на ім працаваць, сачыў за станам хамута і лейцаў. Воз са свайго двара шчыра змазваў шмаравідлам. Для калгаса па-трэбныя былі не толькі прылады працы, скаціна, але і пабудовы. І вось вырашылі ў суседнім сяле будаваць вялікую свінаферму, а на зруб скарыстаць сялянскія клуні. А ў яго такая файная, новенькая клуня. Спаліць, ці што? Пакараюць, і так коса пазіраюць. Так і ў кулакі нядоўга запісацца. Канец жніўня. Вечар. Неба зацягнула цяжкімі чорнымі хмарамі, правіла баль навальніца. Шалёны вецер і праліўны дождж. Маланка востра асвяціла пакоі хаты, гром так трэснуў, што Велясевічы аж прыселі. Праз нейкі момант стала прабівацца святло ў цемры навальніцы, палала клуня. Арцём Герасімавіч стаяў на ніжняй прыступцы драўлянага ганка і глядзеў, як агонь хутка паглынаў будынак і звезеныя нядаўна снапы. Дождж для агню не быў перашкодай. Струмені вады цяклі па фігуры гаспадара, на твары яны перамешваліся са слязамі… Страта клуні выратавала Арцёма і яго сям’ю. У калгасе нядоўга працаваў, усяго пяцігодку. Не шчыраваў, ды і стары ўжо быў, а пасля пажару пачаў марнець на вачах. Вось унукі былі ў ліку калгасных перадавікоў. Прывучаныя да працы, не маглі адносіцца да яе інакш. І дзе б тое ні было: ці на сваім, ці на чужым полі. А маланку яны, як і дзед, лічаць справядлівай, бо што з яе возьмеш? Стыхія. Мікалай ПЕЙГАН, аг. Сялец. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спачатку хачу напомніць беларускую іранічную прымаўку-суцяшэнне аб няўдалым гаспадару, у якога згарэла клуня з неабмалочаным збожжам. Выйшаў гаспадар на двор,... |
|