Молодёжный лидер Ушаччины Рита Пивульская. 21.by

Молодёжный лидер Ушаччины Рита Пивульская

27.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бадзёрая. Разумная. Смелая. Мэтанакіраваная. Усё гэта – пра першага сакратара райкама БРСМ Р.Півульскую. Сустрэцца з ёй напярэдадні падрыхтоўкі мерапрыемстваў да Дня моладзі было даволі праблематычна, знайсці крыху вольнага часу атрымалася толькі ў абедзенны перапынак. Але да такога “ахвяравання” Рыта прывыкла. Браць ад жыцця па максімуме, не губляць ні хвіліны – адзін з яе галоўных прынцыпаў.

Нарадзілася і вырасла яна на Ушаччыне. Не маючы ў акружэнні дзяўчат-аднагодак, сябравала ў асноўным з хлопцамі – разам будавалі шалашы, снежныя тунэлі, абсталёўвалі цэлыя штабы з вартавой аховай і медсанчасцю. “Не раз даводзілася прымаць удзел у бойках, – з усмешкай успамінае Рыта. – Хадзілі, як кажуць, двор на двор. Сінякі, драпіны практычна не сходзілі…”

Нямала “подзвігаў” яна мела і падчас навучання ў школе. Дзённік проста пярэсціў запісамі настаўнікаў аб нездавальняючых паводзінах, пакідалі жадаць лепшага і адзнакі. Перагледзець жа такі падыход да справы прымусілі абарваныя планы тады яшчэ дзевяцікласніцы. Пасля прагляду па тэлебачанні серыяла “Тайны следства” Рыта марыла стаць пракурорскім работнікам. А паступіць у юрыдычны каледж пры БДУ не здолела. “Як так? – задавала сабе пытанне максімалістка па натуры. – Я абавязкова дасягну мэты!”.

Ужо ў дзясятым класе дзяўчыну нібы падмянілі – на ўрокі прыходзіла падрыхтаванай, паводзіла сябе цалкам прыстойна. Як вынік – школу скончыла з сярэднім балам 9,3, паступіла на факультэт правазнаўства Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ВНУ вярнулася на малую радзіму, уладкавалася юрысконсультам у аддзел адукацыі райвыканкама.

Актыўнасць Р.Півульскай, яе арганізатарскія здольнасці былі заўважаны кіраўніцтвам раёна – ёй прапанавалі пасаду дырэктара райкінавідэасеткі. З ускладзенымі на яе абавязкамі, а ў падначаленні было дзевяць спецыялістаў, маладая дзяўчына спраўлялася паспяхова. Без яе ўдзелу не абыходзілася практычна ніводнае мерапрыемства раённага ўзроўню. Стройная, прыгожая, у нацыянальным касцюме, Рыта па сутнасці была візітоўкай Ушаччыны.

Калі ў 2016 годзе ў райкаме БРСМ з’явілася вакансія першага сакратара, яе заняла менавіта Р.Півульская. “З маладзёжнай суполкай раёна дагэтуль была знаёма, – расказвае дзяўчына. – Яе членам стала ў 14-гадовым узросце – прыйшла ў райкам і заявіла пра сваё жаданне далучыцца да кагорты дружных, неабыякавых юнакоў і дзяўчат. Не раз удзельнічала ў мерапрыемствах грамадскага аб’яднання. Лічу сімвалічным тое, што мой першы рабочы дзень на новай пасадзе супаў з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, датай, якую шырока адзначаем, шануем”.

Рыта зарыентавалася ў новай дзейнасці, наладзіла зносіны з актывістамі, знайшла новыя рэзервы і формы работы. Зараз у раённым аб’яднанні БРСМ 506 членаў, што крыху больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі. І ўсё ж гэты паказчык – не мяжа. “На жаль, сучасныя юнакі і дзяўчаты часта безыніцыятыўныя. Выцягнуць іх з таго ж інтэрнэту, сацыяльных сетак няпроста. Але робім для гэтага ўсё магчымае. Напрыклад, перад Новым годам райкам наладзіў сустрэчы з сельскай моладдзю – з конкурсамі, прызамі, дыскатэкай. Шмат удзельнікаў сабрала вясёлая эстафета, праведзеная ў рамках Дня снегу. Стаў традыцыйным на Ушаччыне фестываль “Уладар сяла” сярод маладых сямей. “Працуем і ў грамадзянска-патрыятычным накірунку, – расказвае Р.Півульская. – Удзельнічаем у навядзенні парадку на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, брацкай магіле воінаў і партызан у скверы гарпасёлка. Праводзім сустрэчы маладых людзей са свяшчэннікамі, не забываемся аб спартыўных акцыях, падтрымліваем валанцёрскі рух, прапагандуем здаровы лад жыцця”.

Хапае Р.Півульскай і іншых грамадскіх абавязкаў. Сёлета яна абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. Нягледзячы на маладосць, а можа і дзякуючы ёй, Рыта зацікаўлена знаёміцца з праблемамі жыхароў даверанай ёй Савецкай выбарчай акругі і ўжо робіць першыя крокі па іх вырашэнні.

Нягледзячы на занятасць, яна знаходзіць вольную хвілінку на сябе і блізкіх. Разам з сябрамі не прэч з’ездзіць на прыроду, паўдзельнічаць у турыстычных паходах, як пешых, так і веласіпедных. Любіць дамашнюю жывёлу, а кошка Маня стала практычна членам яе маладой сям’і – некалькі тыдняў таму Рыта выйшла замуж.

“Лічу, што кожны новы дзень павінен быць чымсьці адметным, лепшым, чым папярэдні, – кажа Р.Півульская. – І імкнуся рабіць іх такімі”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бадзёрая. Разумная. Смелая. Мэтанакіраваная. Усё гэта – пра першага сакратара райкама БРСМ Р.Півульскую. Сустрэцца з ёй напярэдадні падрыхтоўкі мерапрыемстваў да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика