Первый рейс…в последний путь. Поставлена точка в резонансном деле о ДТП с полоцкой маршруткой и бульдозером
27.06.2018
—
Разное
|
Кожнага пасажыра першай ранішняй маршруткі, што накіроўвалася пятага студзеня мінулага года з Наваполацка ў Мінск, чакалі ў сталіцы свае неадкладныя справы. Маладая дзяўчына павінна была ў гэты дзень уладкавацца на работу, мужчына – аформіць дакументы для паездкі ў Кітай, пасажыр сярэдніх гадоў ехаў у анкалагічны дыспансер, яго суседка па салоне збіралася лячыць суставы. 29-гадовы навапалачанін Дзмітрый Глазкоў, што заняў месца за вадзіцелем, вёз у Мінск для тэсціравання сваю новую праграму – са школьных гадоў ён пачаў распрацоўваць вынаходніцтвы, якія зараз прымяняюцца на “Вымяральніку” і “Паліміры”, – менавіта такіх маладых навукоўцаў прынята называць залатым фондам нацыі. І калі Дзіма быў сапраўдным гонарам для таты, які выхоўваў яго адзін, то сын прадпрымальніцы Іны Марозавай моцна засмуціў маці, трапіўшы за краты. Ды як жа кінеш дзіця ў бядзе: да позняй ночы гатавала жанчына смачныя стравы, збірала перадачу, якую раніцай павезла ў сталічны следчы ізалятар… Хутка пераадолеўшы па пустыннай зімовай трасе паўсотні кіламетраў, маршрутка зрабіла прыпынак у Сарочыне, каб узяць яшчэ аднаго пасажыра. Малады ўшачанін Алег убачыў, што ўсе месцы спераду занятыя, і, крыху расчараваны, уладкаваўся на заднім, не падазраючы, што літаральна праз некалькі хвілін гэтая акалічнасць выратуе яму жыццё… Як потым раскажа вадзіцель маршруткі Іван Кандзіенка, адвал бульдозера, што больш чым на паўметра выступаў з платформы рухаўшагася па сустрэчнай паласе аўтапоезда, ён убачыў за імгненне да таго, як вострае жалеза прашыла левы бок мікрааўтобуса. Яно ўскрыла салон, як нож кансервавую бляшанку, спадарожна пакрамсаўшы безабаронных людзей. Па асфальце раскаціліся апельсіны, якія так і не парадавалі сына Іны Марозавай. Не ўбачыў ён больш і сваю маці: жанчына памерла пазней у абласной бальніцы. Малады і моцны арганізм Дзімы Глазкова адваяваў у смерці толькі некалькі пакутлівых хвілін – траўмы аказаліся несумяшчальныя з жыццём. Яшчэ шасцёра пасажыраў маршруткі трапілі на бальнічныя ложкі, двое правялі на іх некалькі месяцаў і нават зараз цалкам не аднавілі здароўе… Апісаныя вышэй трагічныя падзеі сталі вынікам таго, што некалькі людзей вырашылі, што правілы дарожнага руху складзены не для іх. Сталічнаму прадпрыемству ААТ “АДС-2000” трэба было даставіць на будаўнічую пляцоўку Полацкай ГРЭС бульдозер. Аўтапоезд з МАЗа і паўпрычэпа з пагружанай на яго тэхнікай выправіўся ў дарогу ноччу, што было грубым парушэннем патрабаванняў бяспекі. Бульдозер, які выступаў з платформы, ніяк не пазначылі (напэўна, каб захаваць інкогніта), не гарэлі нават бакавыя габарытныя агні паўпрычэпа – менавіта гэтыя злачынныя акалічнасці найперш і абумовілі трагедыю. Да таго ж вадзіцель Аляксандр Хмель не меў спецыяльнага дазволу на перавозку буйнагабарытных цяжкавагавых грузаў. Вядома ж, з такім “букетам” парушэнняў шафёр зусім не хацеў трапіць на вочы ДАІ, таму падстрахаваўся: вадзіцель бульдозера ехаў на сваёй машыне перад аўтапоездам, каб у выпадку з’яўлення пастоў транспартнай інспекцыі папярэдзіць калегу. Няшчасце, як кажуць, наспявала. Яно магло адбыцца і некалькімі хвілінамі раней, але шафёр сустрэчнага мікрааўтобуса, які таксама ў апошні момант заўважыў выступаючы з платформы адвал, нейкім дзівам паспеў выкруціць руль управа. Пра гэта ён пазней расказваў на судзе ва Ушачах – працэс праходзіў па месцы здзяйснення злачынства. Лінія абароны абвінавачваемага будавалася на сцвярджэнні, што ў сутыкненні вінаваты вадзіцель маршруткі, які нібыта выехаў на сустрэчную паласу. Каб устанавіць ісціну, па справе былі праведзены следчыя эксперыменты, аўтатэхнічныя, трасалагічныя і шэраг іншых экспертыз, дапытаны не адзін дзясятак сведкаў – гэтыя матэрыялы пацвердзілі, што І.Кандзіенка правілаў не парушаў. Пры вынясенні прыгавору суд улічыў усе акалічнасці, у тым ліку і той аспект, што А.Хмель неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне Правілаў дарожнага руху: так, толькі ў 2016 годзе ён тройчы дапускаў парушэнні, звязаныя менавіта з перавозкай буйнагабарытных грузаў без спецыяльнага дазволу – а гэта сведчыць, што падобная цынічная рызыка ў яго дзеяннях была не выпадкам, а сістэмай. Трэба сказаць, што вінаватым сябе Аляксандр так і не прызнаў, не палічыў неабходным нават папрасіць прабачэння ў пацярпеўшых. Ён імкнуўся перакласці віну на вадзіцеля маршруткі, сцвярджаў, што быццам бы пазначыў выступаючы адвал чырвонай стужкай (усе сведкі гэта абверглі), казаў, што пра неабходнасць аформіць дазвол на перавозку буйнагабарытнага грузу кіраўніцтву не паведаміў, “бо ўсё роўна гэта было дарэмна”. Вось толькі смерць і калецтвы людзей – непамерна высокая плата за працоўнае месца ці за выкананне нават самай важнай і тэрміновай вытворчай задачы – і гэты выпадак павінен стаць горкім урокам і для работнікаў, і для работадаўцаў, якія дазваляюць сабе абыходзіць інструкцыі і патрабаванні бяспекі. Суд прызнаў А.Хмеля вінаватым у здзяйсненні злачынства, і ў адпаведнасці з часткай 3 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асудзіў да пазбаўлення волі тэрмінам на 6 год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, тэрмінам на 5 год. З прадпрыемства “АДС-2000” спагнана больш 100 тысяч рублёў на пакрыццё матэрыяльнага і маральнага ўрону пацярпелым. 8 чэрвеня бягучага года суд апеляцыйнай інстанцыі пакінуў прыгавор без змянення – такім чынам была пастаўлена кропка ў гэтай справе. …Адправіліся ў архіў чатыры тамы афіцыйных папер, што падрабязна апісваюць падзеі той студзеньскай раніцы. Удзельнікі ж працэсу ніколі не забудуць мужчынскія слёзы таты Дзімы, калі ён прыгадваў, як прадчуваючы нядобрае, адгаворваў сына ехаць, ды той цвёрда казаў: “Я абяцаў, мяне чакаюць!”. І бацькавы пытанні-просьбы да выжыўшых відавочцаў: “Скажыце, мой жа хлопчык памер адразу? Ён не пакутаваў?” Тыя ж адводзілі вочы, бо не хацелі хлусіць… Наталля БАГДАНОВІЧ. ! Расследаванне па гэтай рэзананснай справе праводзілі спецыялісты цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, а для судовага разбору пракуратура вобласці стварыла групу па падтрыманні абвінавачання, у якую ўвайшлі намеснік начальніка па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах В.Сузанскі і памочнік пракурора Ушацкага раёна Н.Аваднёва, якая і пазнаёміла нас з матэрыяламі справы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожнага пасажыра першай ранішняй маршруткі, што накіроўвалася пятага студзеня мінулага года з Наваполацка ў Мінск, чакалі ў сталіцы свае неадкладныя справы....
|
|