З легендаў і казак былых пакаленняў. 21.by

З легендаў і казак былых пакаленняў

04.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Звыш за 30 удзельнікаў з ліку дзяцей і моладзі сабраў ІІ Рэспубліканскі конкурс чытальнікаў народнай прозы, які праводзіўся ў рамках юбілейнага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Хто з нас у дзяцінстве не любіў казкі? Напэўна, не знойдзеш тых, каго не краналі словы маці, якія расказвалі ім, маленькім, на ноч неверагодныя гісторыі пра людзей і жывёл, дзе дабро заўсёды перамагала зло – у дзіцячыя гады кожны з нас шчыра верыў у казачныя прыгоды і цуды. І мы не маглі не заўважыць, што яны былі рознымі, у залежнасці ад таго, якім народам складзены: у беларускіх казках – адны персанажы, у рускіх – зусім іншыя і гэтак далей. Тое ж датычыць і пэўных мясцовасцяў: у суседняй вёсцы, напрыклад, падобную казачную гісторыю раскажуць зусім па-іншаму, чым у вашай. Гэта яшчэ раз сведчыць, што вусную творчасць (казкі, легенды, паданні, сказы і іншае) ствараў менавіта сам народ – невядомыя аўтары, якія калісьці жылі з нашымі далёкімі продкамі зусім побач, але іх проста не запомнілі. Тым не менш, такія творы жывуць, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з’яўляючыся адной з галоўных састаўных частак фальклору.

Менавіта на пераемнасць яго традыцый, майстэрства тых, хто можа цікава, змястоўна і эмацыянальна данесці да слухача ўзоры вуснай народнай творчасці, першапачаткова рабілі ўпор заснавальнікі фестывалю “Берагіня”. Магчыма, конкурс апавядальнікаў у ліку іншых, больш масавых і відовішчных, быў не так прыкметны, але яго заўважылі і ацанілі гледачы. І зараз многім памятна паспяховае выступленне падчас заключных імпрэзаў першай “Берагіні” ў 1999 годзе апавядальніка, тады яшчэ вучня Акцябрскай СШ №3 Юрыя Яршова, які майстэрскі паведаў прыгожую гісторыю “Паданне пра камень”, заснаваную на мясцовым фальклорным матэрыяле.

З улікам усё большай цікавасці да гэтага творчага спаборніцтва некалькі гадоў таму было вырашана пашырыць яго да ўзроўню рэспубліканскага. У такім статусе яно і адбылося на мінулай “Берагіне”  як ужо другі конкурс апавядальнікаў народнай прозы  “Несцерка”. Нагадаем, што ў параўнанні з першымі “берагінеўскімі” спробамі турнір юных чытальнікаў папоўніўся новымі намінацыямі: у старэйшай групе – імправізацыяй расказчыка на зададзеную тэму, а ў малодшай – выкананнем хуткамовак і лічылак. Што датычыць апошніх, то яны, як элементы вуснай народнай творчасці, надзвычай папулярныя ў дзіцячым асяроддзі. Так, каму не вядомы ўзоры хуткага вымаўлення сугучных паміж сабой слоў і словазлучэнняў накшталт “Шла Саша па шашы…” альбо пра двух зладзюжак Карла і Клару, якія адпаведна “насалілі” адзін аднаму?  Ці лічылкі, якія даўно сталі хрэстаматыйнымі, — “На золотом крыльце сидели…” (аднолькава папулярныя ў Расіі і Беларусі), “Кацілася торба з высокага горба…” і гэтак далей.

У другім Рэспубліканскім турніры апавядальнікаў “Несцерка” на сцэну пачаргова выходзілі аматары народнай прозы, якія прадстаўлялі 28 аматарскіх аб’яднанняў пры фальклорных калектывах ці ўстановах культуры з розных куткоў краіны. Ад Акцябршчыны, дарэчы, выступіла ўдзельнікаў больш за іншых – 14 (усе – дзяўчынкі) з сельскіх бібліятэчных устаноў раёна. Трэба адзначыць, што ўсе нашы юныя чытальніцы дастойна падрыхтаваліся да прэстыжнага конкурсу, не губляліся, праяўлялі добрае валоданне мастацкім словам і шчыры артыстызм. Тое ж можна сказаць у адносінах да вядучай конкурснай праграмы – бібліятэкара Акцябрскай раённай бібліятэкі Святланы Мордус. Адзіная заўвага – паўторы ў падборцы рэпертуару, калі тыя ж лічылкі пра “залатое крыльцо”, пра “торбу з горба”, “Аты-баты, шлі салдаты…” гучалі некалькі разоў, як, між іншым, і казка “Каза-манюка” (лепш на слых усё ж такі ўспрымаецца свежы, а не “заезджаны” матэрыял).

Асобных слоў заслугоўваюць пераможцы конкурсу “Несцерка”. Карацей кажучы, гэта ўжо, нягледзячы на іх юны ўзрост, сапраўдныя артысты размоўнага жанру, якіх, калі па-сур’ёзнаму прыцягваць займацца гэтай справай, чакае добрая перспектыва. Цікава, што ўладальнікамі Дыпломаў ІІІ і І ступеняў адпаведна сталі прадстаўніцы аднаго і таго ж творчага калектыву – фальклорнага ансамбля “Залядынская гамонка” Залядынскага СДК Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Наталля Устымчук і Ірына Карачун. У іх выступленнях усё было на вышыні – і казкі з мясцовых паданняў пра Івана Кацюбку і бабулю Фядору, і бездакорна выкананыя арыгінальныя лічылкі і хуткамоўкі, перамежаваныя словамі з характэрным  акцэнтам, нагадваючым больш украінскую мову, так званымі “балясамі Полісся”, што сведчыць аб яркай аўтэнтычнасці фальклорнай спадчыны той мясцовасці. Дыплом ІІ ступені атрымаў Максім Міхайлаў з дзіцячага ўзорнага калектыву “Берагіня” (Мётчанская сярэдняя школа-сад Барысаўскага раёна Мінскай вобласці). Юны артыст на высокім эмацыянальным уздыме паведаў казку пра салдата, які ішоў з палону, вельмі добра справіўся (можа, нават і лепш, чым дзяўчынкі-саперніцы) з лічылкамі і хуткамоўкамі.

Больш дасканалымі па зместу, глыбіні і раскрыцці матэрыялу, падачы яго да слухача вызначаліся выступленні ўдзельнікаў ІІ Рэспубліканскага конкурсу апавядальнікаў народнай прозы ў катэгорыі “Б” з ліку навучальнай і рабочай моладзі. Іх было ўсяго 3, прычым, двое прадстаўлялі наш раён – Кацярына Лысенка (Дзербінская сельская бібліятэка) і Сяргей Нікітка (Рассветаўская сельская бібліятэка), якія на высокім выканальніцкім узроўні адпаведна паведалі паданне пра ўзнікненне вёскі Юркі і гісторыю пра мужыка, цара і пана і даволі ўдала справіліся з імправізацыямі на зададзеную тэму. Аднак пераможцам у гэтай катэгорыі, можна сказаць, па-за канкурэнцыяй стаў Віктар Шыпкоў з ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцкіх і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава” (г. Гомель). Расказаная ім казка  “Хітры мужык і мудры яўрэй” і асабліва імправізацыя “Жыла ў адной вёсцы дзяўчына”, якую, здаецца, слухаў бы і слухаў бясконца, былі вельмі эмацыянальна ўспрынятыя гледачамі, а таксама журы: яно ацаніла выступленне апавядальніка з Веткі  вышэйшымі баламі.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.   

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Звыш за 30 удзельнікаў з ліку дзяцей і моладзі сабраў ІІ Рэспубліканскі конкурс чытальнікаў народнай прозы, які праводзіўся ў рамках юбілейнага фестывалю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика