У еднасці гістарычных лёсаў
11.07.2018
—
Разное
|
Гістарычна склалася ў нашым раёне, што польская супльнасць сярод іншых нацыянальных мяншынстваў — самая прадстаўнічая і шматлікая. У нас у раёне працуюць Стаўбцоўскі гарадскі і, Дзераўнянскі і Рубяжэвіцкі сельскія аддзелы Саюза палякаў у Беларусі. Прадстаўнікі іх у гэтым годзе паўдзельнічалі ў справаздачна-выбарчай канферэнцыі Мінскага абласнога аддзела, якая адбылася ў Доме палякаў у Івянцы. Для нас адметна, што грамадскае аб’днанне Саюз палякаў у Беларусі ўзначальвае Мечаслаў Лысы, які са сваёй сям’ёю пражывае ў Рубяжэвічах і больш за 20 гадоў да выбрання на пасаду старшынёю Саюза палякаў паспяхова ўзначальваў Рубяжэвіцкую сярэднюю школу з укараненнем многіх інавацыйных накірункаў работы. Напрыклад, у школе польская мова вывучалася як другая замежная, што было вызначана статутам навучальнай установы. Былі зроблены крокі па інфарматызацыі навучальнага працэсу, што было асабістай ініцыятывай Мечаслава Лысага. Дарэчы, ён з’яўляецца аўтарам навуковых публікацый па фізіцы, матэматыцы і вучэбных дапаможнікаў па вышэйшай матэматыцы. Уражаннямі аб удзеле ў канферэнцыі Мінскай абласной арганізацыі з намі падзялілася старшыня стаўбцоўскага аддзела настаўніца сярэдняй школы № 3 Хрысціна Бельская. Па гэтых уражаннях можна зрабіць выснову, што аддзелы палякаў жывуць супольна, зацікаўлена ўзельнічаюць у прапагандзе і развіцці нацыянальнай культуры, што і пацвердзіў у інтэрв’ю нашай газеце Мечаслаў Лысы. – Мечаслаў Часлававіч, як старшыня Саюза палякаў у Беларусі з 12-гадовым вопытам работы на гэтай выбарнай пасадзе, якія прыярытэтныя накірункі работы аб’яднання вы б хацелі адзначыць? – Саюз палякаў у Беларусі з’яўляецца добраахвотным, незалежным, самакіраваным аб’яднаннем грамадзян, якія аб’ядналiся на аснове агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў і жадаюць ўдзельнічаць у адраджэнні і развіцці польскай мовы і культуры. Мы садзейнічаем гэтым памкненням нацыянальнага адраджэння. Пры гэтым важнымі аспектамі застаюцца выхаванне патрыятызму і павагі да гісторыі, прапаганда традыцый сяброўства і супрацоўніцтва беларускага і польскага народаў, якія парадніліся ў гістарычных лёсах. У ажыццяўленні сваёй дзейнасці нам прыемна знаёміць жыхароў Беларусі з жыццём, гісторыяй, культурай, народнай творчасцю польскага народа. На дадзены момант у Саюзе палякаў Беларусі зарэгістравана каля 70 абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх аддзелаў, у склад якіх уваходзяць некалькі тысяч чалавек. Мінскі абласны аддзел уключае ў сваёй структуры 14 аддзелаў агульнай колькасцю каля 500 членаў. У Беларусі плённа працуюць 14 Дамоў польскіх, у тым ліку ў Гродне, Ваўкавыску, Лідзе, Шчучыне, Навагрудку, Поразаве, Івянцы, Барысаве, Магілёве, Нясвіжы, Баранавічах і Мінску. – Якія накірункі работы, жывыя ініцыятывы дапамагаюць выконваць задачы па прапагандзе польскай культуры і развіцці талентаў? – Для ўсіх жадаючых арганізавана вывучэнне польскай мовы, працуюць польскія бібліятэкі, адзначаюцца найбольш важныя польскія нацыянальныя і рэлігійныя святы, праводзяцца шматлікія культурныя мерапрыемствы. Пачну з вывучэння польскай мовы. Інтарэс да гэтага ў рэспубліцы вялікі і павышаецца з году ў год. На сучасны момант у Беларусі польскую мову ў школах і дзіцячых садах вывучаюць каля 10 тысяч дзяцей. Заняткі для дзяцей і дарослых арганізаваны і ў Дамах палякаў. Толькі ў Мінску ў апошнія гады колькасць слухачоў па вывучэнні польскай мовы пры Доме польскім вырасла да 600 чалавек. Традыцыйна польская мова вывучаецца ў рамках факультатыўных заняткаў у Вілейскім, Валожынскім, Дзяржынскім, Маладзечанскім раёнах, а таксама ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі. Мы працягваем традыцыю правядзення святаў польскай культуры. Ініцыятыву гэтаму добраму пачынанню ў Мінскай вобласці паклалі Стоўбцы, дзе ў 2006 годзе прайшоў першы ў вобласці маштабны фестываль польскай культуры. Потым гэтую эстафету перанялі Валожын, Нясвіж, Маладзечна, гарадскі пасёлак Івянец. Асаблівым гонарам і вялікай адказнасцю для нас стала правядзенне Фестываляў польскай культуры ля Гарадской ратушы ў Мінску з прапагандай польскай нацыянальнай кухні, фальклору, культуры, народных рамёстваў. Аматарскія калектывы мастацкай самадзейнасці шырока прыцягваюцца да ўдзелу ў такіх прыгожых святах нацыянальнай культуры. У ліку іх – і мастацкія гурты Стаўбцоўскага раёна. Напрыклад, пастаянны ўдзельнік фестываляў, рэспубліканскіх конкурсаў узорны тэатр «НА-ДЗЕЯ» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. У культурным жыцці Беларусі сваю нішу занялі такія яркія мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню, як выстава-кірмаш народных промыслаў «Казюкі» ў Гродне, фестываль «Паланэз» у Слоніме, мастацкі фестываль дружбы «Аўгустаўскі канал у культуры трох народаў». Гэта ўнікальная магчымасць назіраць сучаснае сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць на Беларусі, магчымасць падвядзення вынікаў іх творчай дзейнасці, судотык з культурай іншых народаў, пачуццё асабістай значнасці і запатрабаванасці кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы. Сёлета пройдзе 12-ы фестываль нацыянальных культур у Гродне. Так што мастацкія калектывы Стаўбцоўшчыны могуць далучыцца да ўдзелу ў гэтым свяце і прадэманстарваць свае таленты, адпачыць на гэтым свяце мастацтва. – Мечаслаў Часлававіч, заслугоўвае прызнання дзейнасць Саюза палякаў па увекавечанні гістарычнай памяці. Якія добрыя справы ў гэтым накірунку на рахунку аб’яднання? – Вялікая ўвага надаецца месцам народнай памяці, польскім пахаванням часоў вайны. Аддзелы на месцах займаюцца аховай і добраўпарадкаваннем месцаў пахавання нашых суайчыннікаў.Традыцыйна прыбіраюцца магілы на Дзень памяці, на Пасху ў Дзераўнянскім, Рубяжэвіцкім аддзелах. На працягу некалькіх гадоў сумесна з яўрэйскай і цыганскай абшчынамі вядзецца актыўная работа па аднаўленні, добраўпарадкаванні аб’ектаў Калдычаўскага канцлагера недалёка ад гарадскога пасёлка Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Яшчэ шмат чаго належыць зрабіць. У тым ліку і добраўпарадкаваць месца расстрэлу і стаўбцоўскай інтэлігенцыі, мы маем спіс загінуўшых. Неабходна прывесці ў належны парадак месцы пахавання ксяндзоў. Гэтая дзейнасць аб’ядноўвае нас у патрыятычных пачуццях, у духоўнай еднасці. Святлана ЖЫБУЛЬ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гістарычна склалася ў нашым раёне, што польская супльнасць сярод іншых нацыянальных мяншынстваў — самая прадстаўнічая і шматлікая. У нас у раёне працуюць... |
|