Гэтую яркую запамінальную жанчыну, аптыміста, прыхільніцу актыўнага ладу жыцця ведаюць многія чэрвеньцы. Яе душэўнаму настрою і бадзёрасці пазайздросціць любая жанчына. Прамая спіна, распраўленыя плечы, гордая асанка. Гледзячы на яе, ніколі не скажаш, што ў чэрвені Лідзія Мікалаеўна Задорына адзначыла шаноўны 90-гадовы юбілей. На першы погляд можа здацца, што і жыццё яе было лёгкім і бесклапотным. А між тым…
Немаўлятам апынулася ў Чэрвеньскім дзіцячым доме. Якім чынам маленькае дзіця трапіла ў сіроцкую ўстанову – загадка. Можа, і былі нейкія афіцыйныя дакументы, але архіў дзіцячага дома згарэў у Вялікую Айчынную вайну. Усё, што яна пра сябе ведала, – гэта год свайго нараджэння — 1928 год, імя — Лідзія, імя па бацьку – Мікалаеўна, прозвішча – Цынгалава. Дзень нараджэння яна прыдумала сабе сама – 24 чэрвеня. Ёй было 13, калі пачалася вайна. Яна выразна памятае расстрэл яўрэйскіх сем’яў на Замятоўскай дарозе. Ліда з сябрамі-падлеткамі назірала жудасную трагедыю з вышыні воданапорнай вежы дзіцячага дома. Галоднымі, неверагодна цяжкімі былі тры гады акупацыі. Дзяцей з дзіцячага дома, як маглі, падкормлівалі мясцовыя жыхары. У гэтыя цяжкія гады сімпатычную, худую, змучаную дзяўчынку прытуліла, а пазней ўдачарыла сям’я Адама Фларыянавіча Скуратовіча і Сафіі Іосіфаўны Душэўскай. Трое іх дзяцей памерлі яшчэ да вайны, а шаснаццацігадовы сын загінуў ад фашысцкай кулі ў першыя дні вайны. Лідзія Мікалаеўна з вялікай цеплынёй і любоўю ўспамінае клопат прыёмных бацькоў. Асабліва дабрыню і ласку Сафіі Іосіфаўны. Але мамай Лідзія Мікалаеўна так і не назвала яе за ўсё сваё жыццё. Амаль дарослай дзяўчыне цяжка было гэта зрабіць. На злосць цяжкасцям Ліда заставалася вясёлай, душой кампаніі. А яшчэ ў яе былі велікія прыгожыя вочы і длінная пушыстая каса. Шмат хлопцаў заглядваліся на Ліду.
Пасля вайны яна працавала ў дзіцячым доме, адкуль яе ўдачарылі: спачатку вяла гурток, а неўзабаве стала і выхавальнікам. У 1948 годзе выйшла замуж за прыгажуна лётчыка Нестара Задорына і паехала з маладым мужам у Севастопаль. Там нарадзіўся сын Уладзімір. Праз тры гады Ліда з сынам вярнулася ў Чэрвень – гордая жанчына не захацела мірыцца са шкоднымі звычкамі і разгульным жыццём мужа. Зноў працуючы ў дзіцячым доме, паралельна вучылася ў Мінскім двухгадзічным настаўніцкім інстытуце. Да маладой прыгожай жанчыны доўга заляцаўся мясцовы спартсмен Аляксандр Калтовіч. Пяць гадоў ён дабіваўся каханай. У 1955 годзе пара ўзяла шлюб. Лідзія пакінула сабе прозвішча Задорына, ёй здавалася, што яно вельмі адпавядае яе характару. Амаль праз адзінаццаць гадоў у сям’і нарадзілася доўгачаканая дачушка Марынка. Каб быць болей часу з дзіцем, Лідзія Мікалаеўна перайшла на працу выхавацелем групы падоўжанага дня сярэдняй школы №1 (цяперашняя гімназія). Адсюль і пайшла на пенсію. У Лідзіі Мікалаеўны дружная сям’я. З мужам Аляксандрам Мікалаевічам разам яны ўжо шэсцьдзесят тры гады. Дачка Марына працуе ў Мінску. Многія жыхары раёна памятаюць гэтую яркую прыгожую дзяўчыну па працы ў аддзеле моладзі Чэрвеньскага райвыканкама. На жаль, рана, у 49 гадоў, пайшоў з жыцця старэйшы сын Уладзімір.
Лідзія Мікалаеўна і Аляксандр Мікалаевіч у добрай фізічнай форме: шмат рухаюцца, танцуюць, наведваюць пасяджэнні клуба пажылых людзей. Лідзія Мікалаеўна з задавальненнем займаецца скандынаўскай хадой, у дзень можа прайсці да дзесяці кіламетраў.
Павіншаваць Лідзію Мікалаеўну з шаноўным юбілеем з кветкамі і падарункамі прыйшлі старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Фёдаравіч Ладуцька, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віталь Іванавіч Труш, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гімназіі №1 Алена Мікалаеўна Белакабылава.
Рэдакцыя газеты далучаецца да віншаванняў і жадае нашай даўняй чытачцы Лідзіі Мікалаеўне моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму, увагі і радасці ад родных.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара і з асабістага архіва Л. М. Задорынай
Гэтую яркую запамінальную жанчыну, аптыміста, прыхільніцу актыўнага ладу жыцця ведаюць многія чэрвеньцы. Яе душэўнаму настрою і бадзёрасці пазайздросціць любая...