Отличный отдых на берегу Дивы. В оздоровительный лагерь «Туросполье» с удовольствием едут дети
13.07.2018
—
Разное
|
Выязджаем з Ушач, мінаем Сарочына, Слабаду, Малінаўку – значыць, хутка будзем на месцы. Знак “Увага – дзеці!” прапаноўвае павярнуць на такую знаёмую з дзяцінства дарогу. Час ідзе, а ў аздараўленчым лагеры “Турасполле”, здаецца, нічога не мяняецца – адпачываючых і гасцей сустракаюць звілістая рака Дзіва і надзвычай чыстае паветра, ад якога з непрывычкі кружыцца галава. Ужо ля варот чутны звонкія дзіцячыя галасы – падчас другой змены тут знаходзяцца 47 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 9 да 17 гадоў, якія пасля ранішніх працэдур і зарадкі рыхтуюцца да сняданку. Гэты важны прыём ежы повар Святлана Судак стараецца зрабіць не толькі спажыўным, а і па-дамашняму смачным. У лагеры забяспечана пяціразовае паўнацэннае харчаванне, штодзень дзеці атрымліваюць садавіну і агародніну. Пасля ж сняданку наступаюць абавязковыя паўгадзіны на ўборку карпусоў і тэрыторыі: падтрыманне чысціні – адзін з галоўных законаў “Турасполля”. І вось на гадзінніку 10.30 – адзін з атрадаў спяшаецца на фізкультуру. Дзеці з увагай слухаюць маладога кіраўніка фізічнага выхавання Паўла Паршонка, пад яго кіраўніцтвам адточваюць спартыўныя навыкі. Другі ж атрад у гэты час разам з педагогам-арганізатарам Аляксандрай Жаваранак-Дрозд займаецца музыкай – развіццё талентаў тут таксама ў фаворы. – Заняткі на свежым паветры, энергічныя танцы спрыяюць агульнаму фізічнаму развіццю. Такое аздараўленне ўдвая эфектыўней! Тым больш удалечыні ад камп’ютараў і іншых гаджэтаў, – расказваюць маладыя выхавальнікі Аляксандр Грысюк і Анжэла Молакава. Здароўе дзяцей пад пастаянным кантролем кваліфікаванага медработніка – фельчара Андрэя Карповіча. Добра ладзяць з дзецьмі і прадстаўнікі райаддзела міліцыі, якія клапоцяцца пра бяспеку ў лагеры. Штораніцы хлопчыкі і дзяўчынкі ў прадчуванні цікавага, іх дзень насычаны рознымі мерапрыемствамі. Ярка адсвяткавалі ў “Турасполлі” Купалле – з песнямі пад гітару, карагодамі ля кастра, касцюміраванымі прадстаўленнямі і спусканнем на раку вянкоў. Шмат удзельнікаў сабралі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Пераможцамі сталі Ілья Падворны і Насця Бутоўская, добра праявіла сябе і самая юная “рыбачка” Надзя Пятніца. Чацвёрты год запар праводзіцца ў лагеры чэмпіянат па хакеі на траве – з дапамогай гімнастычных палак і абавязкова басанож каманды з трох чалавек выяўляюць больш спрытных, меткіх (сёлета ўзнагарода дасталася “Турасполлю-Сіці”). Калі падводзіць надвор’е, выхавальнікі і выхаванцы, іншы персанал збіраюцца ля тэлеэкрана за праглядам матчаў Чэмпіянату свету па футболе, пасля чаго ўстройваюць своеасаблівы спартыўны агляд. Выпускаюць у “Турасполлі” і дзве насценныя газеты з цікавымі інтэрв’ю, навінамі аб “надзвычайных” сітуацыях – накшталт, нехта з дзяцей пасля адбою быў заўважаны на калідоры. Заўсёды чаканае мерапрыемства – дыскатэка, тым больш, калі яна тэматычная, з гульнямі і конкурсамі. Выязджаюць прадстаўнікі лагера і за яго межы. Так, у Дзень Незалежнасці пабывалі з экскурсіяй на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, а 6 ліпеня прынялі ўдзел у сустрэчы з работнікамі газеты “Юны выратавальнік”, што праходзіла ў РДК. – Кожная змена збірае актыўных, таленавітых, ініцыятыўных дзяцей, – кажа начальнік лагера Уладзімір Хамёнак. – Яны не чакаюць, калі ім прапануюць у чым-небудзь прыняць удзел. Іх неверагодныя задумы, ідэі, жаданні – нам арыенцір пры арганізацыі адпачынку. А з такім выдатным педагагічным калектывам – моладдзю і вопытнымі педагогамі Аленай Ціханавай, Зояй Жогаль любая мэта дасягальная. Для нас галоўнае – пачуць у канцы змены ад дзяцей, што яны хочуць вярнуцца сюды зноў. А такіх аматараў нямала. Штогод прыязджаюць у лагер Дзіма Адамовіч, занесены на Дошку гонару лагера, Максім Пашковіч, Ілья Каваленка, Сяргей Якімовіч, Насця Дук. Да спадобы “Турасполле” і школьнікам з іншых раёнаў: падчас другой змены тут адпачылі адзін палачанін і чацвёра лепяльчан, на трэцюю плануецца заезд дзяцей з Браслаўскага і Расонскага раёнаў. Штогод у лагеры паляпшаюцца ўмовы знаходжання. Калі раней дзецям даводзілася карыстацца туалетамі на вуліцы (да іх цяпер падведзена каналізацыя), то зараз дадатковыя з ракавінамі для мыцця рук ёсць непасрэдна ў спальным корпусе. Дарэчы, у апошнім арганізавана ацяпленне, што дазваляе ў выпадку халоднага надвор’я забяспечыць у пакоях камфортны тэмпературны рэжым, не бывае праблем з гарачай вадой. Ісці “ў нагу з часам” дапамагаюць інтэрнэт, сучасная мультымедыйная ўстаноўка. – У “Турасполле” ўпершыню трапіў роўна 20 гадоў таму, калі сам яшчэ быў школьнікам, – расказвае У.Хамёнак. – Важатымі тады былі Віталь Клімашэўскі, цяперашні дырэктар Ушацкай школы, і Алег Раманоўскі, што працуе ў праваахоўных органах і перыядычна дзяжурыць у лагеры. “Зарніцу”, якую яны праводзілі, памятаю як зараз і штосьці падобнае – яркае, цікавае – імкнуся арганізоўваць сам. У папярэднія тры гады быў выхавальнікам, у тым ліку старшым, а сёлета “даслужыўся” да начальніка. Спадзяюся, што і трэцяя наша змена атрымае шмат пазітыўных эмоцый. І ў верасні дзеці сядуць за парты адпачнуўшымі, поўнымі самых цёплых успамінаў аб праведзеным у “Турасполлі” леце. * * * Сезон актыўнага адпачынку і аздараўлення школьнікаў працягваецца. 17 ліпеня стартуе трэцяя змена ў “Турасполлі”, тады ж на яго базе адкрыецца дзевяцідзённы палатачны эколага-біялагічны летнік. А з 23 ліпеня па 15 жніўня ва Ушацкай школе (сумесна з райаддзелам міліцыі) будзе працаваць дзённы ваенна-патрыятычны лагер, а ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі – дзённы аздараўленчы. Па пытаннях набыцця пуцёвак, іншых, звязаных з аздараўленнем дзяцей, можна звяртацца ў аддзел па адукацыі райвыканкама, кабінет 73 да метадыста Алены Мечыславаўны Жук (тэлефон 2-74-92). Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выязджаем з Ушач, мінаем Сарочына, Слабаду, Малінаўку – значыць, хутка будзем на месцы. Знак “Увага – дзеці!” прапаноўвае павярнуць на такую знаёмую з дзяцінства... |
|