Мы жывём, каб вяртацца. 21.by

Мы жывём, каб вяртацца

16.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

51-e

«Ну што, чалавек, на чужыне ты маеш? І сонца не тое, і мова не тая». Гэтыя радкі склаліся і занатаваліся пасля знаёмства са словамі пісьма, прысланага з далёкай Аргенціны. А паказалі мне яго падчас адной з журналісцкіх камандзіровак. Яшчэ запомнілася фраза просценькая, ды такая кранальная: «Часта хочацца здаровага чорнага хлеба…»

Сонца, хлеб, мова. Яно, відаць, самае першае, самае важнае. Які б ні быў дабрабыт, а агортвае настальгія па сваёй роднай зямлі. І сны – аб бацькаўшчыне, бязмежным небе дзяцінства. Але калі і не павялі далёка жыццёвыя дарогі, хіба не карціць вярнуцца да вытокаў, да сваёй малой радзімы.

«Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…» Колькі пранікнёных паэтычных радкоў, песень пра тое, што толькі на высокай душэўнай ноце можна выказать. «Мы родам з вёскі» – таксама крылаты паэтычны выраз. І тут найперш слова пра вёску, якая вельмі многае дала многім. Выхавала працавітасць, прыстойнасць, паважлівыя адносіны да старэйшых.

Успаміны пра маленства. Летняе прыволле, шырокі луг, што хмеліць пахам рамонкаў, красак разнатраўя. Рачулка, якую поўніць крынічная вада. Запруды, якія ладзілі хлопцы, каб пакупацца, паплюхацца ў воднай плыні ўжо з даволі шырокім разлівам. І жвавыя рыбкі, што мітусяцца па пясчаным дне, іх так зручна было лавіць кошыкам.

Чароўная рэчка майго дзяцінства, яна ўжо не тая. Зніклі зялёныя купкі алешніку па яе берагах. Не відаць і рыбы. Спрамілі пакручастае прыроднае рэчышча меліяратары. Усё цячэ, усё мяняецца. Зусім іншы выгляд у былой бацькоўскай хаце…

А сама хатка, якая была, як родная матка? Увогуле пра былыя і сённяшнія вясковыя хаты. У беларускіх вёсках, прынамсі нашага раёна, ужо няма глухіх куткоў, недасяжных для поступу цывілізацыі. Тэлевізары – звыклая рэч, пральныя машыны, прыродны газ, водаправод.

Больш на гарадскі лад – сённяшні вясковы інтэр’ер. З густам падбіраецца мэбля. Наўрад ці асмеляцца маладыя, часцей гарадскія, спадчыннікі, што часта ладзяць пад дачы бацькоўскія хаты або маюць такі намер, абжываючы і абсталёўваючы на свой лад жыллё матуль і бабуль, пакінуць тое, што, пэўна, не выглядае і на рарытэт. Скажам, лавы, якія ладзілі моцнымі, нярэдка з дубу, шырокімі. Каб уявіць той далёкі побыт, прачытаем лепш Коласа. Вось пра малога Юзіка, які раніцай у нядзельку верашчакай мазаў лаву. І ўвогуле нашы коласаўскія музеі – гэта жывы дух спрадвечнасці.

Пачэснае месца ў вясковай хаце займала печ. Адносіны да яе былі нават не як да прадмета, а насілі пэўны характар адухоўленасці. «Цёпла сустрэне, накорміць, абагрэе». «Печ галодная – хата халодная, яна пад’ела – у хаце пацяплела». Гэтае выслоўе, зразумела, наконт клопату гаспадара пра дровы. І яшчэ казалі: «Адзін, чалавеча, як хата без печы».

Сёння, праводзячы вадзяное, газавае ацяпленне, часам і печ ужо лічаць непатрэбнай. Маўляў, месца займае, выгляд сучасных пакояў псуе. Разважлівыя ж, робячы рэканструкцыю бацькоўскай хаты, пакідаюць печ, грубку або ладзяць камін. Гэта ж жывы агонь, нездарма ж ёсць такое ўсёабдымнае выслоўе пра цяпло дамашняга ачага.

Мы жывём, каб вяртацца… Шчаслівыя, калі чакае мама, бабуля, хто дасць мудрую жыццёвую параду, парадуецца поспехам, абагрэе, суцешыць. І ім, хаця можа і не папросяць, вельмі патрэбна дапамога маладых.

З павагай скажам (шмат замалёвак змяшчалася ў газеце) пра тых, хто не імкнуўся шукаць шчасця ў гарадах, а застаўся, знайшоў працу па душы. Адчуў сябе запатрабаваным на роднай зямлі. Ці вярнуўся сюды пасля вучобы ўмелым спецыялістам. А якія майстры, умельцы так хораша аздабляюць жыллё і падворак!

І ўсё ж факт – многія вёскі старэюць. Таму станоўчыя факты ўладкавання людзей прыезджых. Завуць іх звычайна мясцовыя дачнікамі, хаця і не ўсе ладзяць у вёсках лецішча, а набываюць жыллё, усталёўваючыся на пастаяннае жыхарства. Працоўныя рукі на сяле патрэбны, тым больш, калі гэта людзі ўмелыя, без шкодных звычак. Дзясяткі фактаў таго, як перасяленцы паказваюць прыклад у працы, з’яўляюцца перадавікамі вытворчасці ў гаспадарках.

На нядаўнім свяце вёскі Белькаўшчына з асаблівай цеплынёй прадставілі самага юнага жыхара Арсенія Рака, якому споўніўся годзік. Маладыя бацькі перабраліся сюды са Століншчыны. Па прыкладзе заняткаў на «агурэчнай радзіме» абсталявалі і тут надзейныя цяпліцы. І каму пашкодзіць, калі будзе на мясцовым рынку шырокі выбар свежай гародніны.

На жаль, прыкметы старэння заўважаюцца ў шмат якіх вёсках. І няхай гэтыя адна-дзве халупкі, паўразбураныя ды зараснікі пустазелля на сядзібе – бяльмом на вачах, стрэмкай у душах прыстойных сяльчан, якія хочуць бачыць сваю вёску прыгожай і дагледжанай. Каб такая «злосная пухліна» не разрасталася, пільны і дзейсны кантроль з боку мясцовай улады. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 100 складаюцца спісы жылых дамоў, якія прапануецца ўключыць ў рэгістр уліку як пустуючыя. Папярэдне сельвыканкамамі адшукваюцца адрасы спадчыннікаў. І праз газету, і персанальнымі напамінкамі іх папярэджваюць аб неабходнасці распарадзіцца гэтай маёмасцю.

Бывае, што і спадчыннікаў ужо няма, але калі яны жывыя-здаровыя… То аб чым гаворыць такое маўчанне? Словамі суседзяў: «Не глядзелі тату і маму пры жыцці, то і цяпер не хочуць ніякага клопату. Хіба ж не грэх такое».

Паўразбураныя хаты пойдуць пад знос. Вырастуць новыя дамы. Вёска жыве, калі не спыняюцца тут будоўлі і гучаць дзіцячыя галасы.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Ну што, чалавек, на чужыне ты маеш? І сонца не тое, і мова не тая». Гэтыя радкі склаліся і занатаваліся пасля знаёмства са словамі пісьма, прысланага з далёкай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика