Новаандрэеўка. 21.by

Новаандрэеўка

19.07.2018 — Разное | Радзiма  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Радзiма

Заканчэнне.

Вяскоўцы дапамагалі партызанам і адзеннем, і ежай, а галоўнае — каштоўнай інфармацыяй. У лютым 1942 года за такую дапамогу на могілках у вёсцы Веснава былі расстраляны Кузьма Дзянісавіч Буневіч, Нікіфар Архіпавіч Заяц, Дзмітрый Данілавіч Сокал, Сямён Іванавіч Кіпель, Пётр Іванавіч Кіпель. “На гэтай брацкай магіле мо гадоў са два назад Хваставіцкі сельскі Савет паставіў помнік”, — успамінаюць вяскоўцы. У чэрвені 1942 года расстраляны Андрэй Іванавіч Касько, Іосіф Андрэевіч Касько, Ганна Андрэеўна Касько. Андрэя Яўсеевіча Касько немцы схапілі таксама ў 1942 годзе, забралі з сабою, так ён і прапаў невядома дзе. Каля 50 чалавек, мужчын маладых, у поўным росквіце сіл, не вярнулася з вайны ў сваю вёску, у свае родныя хаты. У час блакады Ленінграда загінуў Рыгор Іванавіч Заяц, Марцін Данілавіч Сокал памёр ад ран у Пскоўскай вобласці, там, у вёсцы Капылок, і пахаваны; Міхаіл Дзмітрыевіч Касько таксама памёр ад ран у Германіі, яго старэйшы брат Васіль Дзмітрыевіч Касько, сяржант, камандзір узвода, загінуў ва Усходняй Прусіі. Аляксей Германавіч Глаз, танкіст, прайшоўшы з 1941-га ўсю вайну, загінуў у красавіку 1944 года. Андрэй Сідаравіч Сокал, партызан 100-й Глускай брыгады, загінуў летам 1944 года, Аркадзь Уладзіміравіч Кіпель — ва Усходняй Прусіі ў 1945-м, не дажыўшы да перамогі два месяцы. Яфім Аляксеевіч Казецкі, танкіст, афіцэр, прапаў без вестак у 1943 годзе.

Іх, прапаўшых без вестак жыхароў Новаандрэеўкі, каля трыццаці чалавек. Іх сем’ям дзяржава пасля вайны нічым не дапамагала, на дзяцей не было пенсіі. Быў чалавек, і няма чалавека, а няма даведкі, што з ім здарылася там, на вайне, — і сям’і нічога няма. Такі быў указ кіраўніцтва. Маці, жонкі і дзеці ўсё жыццё чакалі сваіх родных, паглядаючы на фотаздымкі (калі ў каго яны былі). І толькі ў 1964 годзе, калі паставілі помнік у Клетным, цэнтральнай сядзібе калгаса “Радзіма”, на ім былі выбіты прозвішчы не толькі загінуўшых у вайну новаандрэеўцаў, але і прапаўшых без вестак. І ў гэтым — вялікая заслуга Аляксандра Міхайлавіча Трыфанава, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

За адзін дзень — шэсць працадзён

“Пад сцягам Леніна, пад правадырствам Сталіна — уперад за канчатковы разгром гітлераўскай Германіі, за далейшае ўмацаванне ваенна-эканамічнай магутнасці нашай Радзімы!” — з такім заклікам уступіў савецкі народ у мірнае жыццё 1945 года. Вайна яшчэ працягвалася, але там, далёка ад родных хат. А тут: “У першы раз за гады Айчыннай вайны мы сустракалі дзень 1 Мая так, як сустракалі мы гэты дзень да пачатку вайны. Усе мы ганарымся нашымі слаўнымі воінамі, якія знішчаюць фашысцкае звяр’ё ў яго ўласнай бярлозе. У нашай калектыўнай працы мы не павінны адстаць ад нашых слаўных воінаў. Пакуль ідзе вайна, кожны з вас павінен ведаць, што працаваць трэба аднаму за дваіх, за траіх. Добрай працай мы ўносім свой вялікі ўклад у справу канчатковай перамогі над ворагам”, — так гаварыла калгасніца з Новаандрэеўкі Фядора Кураленя пры абмеркаванні сацыялістычнага спаборніцтва. Першы пасляваенны старшыня калгаса “Чырвоны франтавік” Ворахаў казаў: “Кожны дзень усход сонца Кураленя Фядора сустракае на полі. Любоўна адносіцца да каня, добра падкормліваючы яго ў баразне на полі, Фядора ўзорвае на адным кані па 0,70—0,80 гектара, штодзённа выконваючы такім чынам норму на 300 процантаў. Акрамя гэтага, Кураленя Фядора ў час, калі конь падкормліваецца, апрацоўвае глебу ўручную, выконваючы пры гэтым не менш адной нормы. Нярэдка за адзін рабочы дзень яна выпрацоўвае па 6 працадзён”.

Так старанна працавала не адна Фядора Сямёнаўна, якую, дарэчы, за шчырую працу ўжо добра пазней, калі яна была цялятніцай калгаса “Радзіма”, узнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. Так цягнулі сваю цяжкую пасляваенную лямку ўсе жанчыны вёскі, дапамагалі дзеці ды сталыя жыхары, пакуль з вайны не вярнуліся гаспадары і сыны, амаль усе — з узнагародамі. Сярод іх — Андрэй Тарасавіч Ільчык, які ваяваў у складзе I Беларускага фронту, вызваляў Беларусь, Польшчу, на Эльбе быў паранены; узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”. Мітрафан Сямёнавіч Лугін узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, “Чырвонай Зоркі” і медалём “За адвагу”. Вярнуўся дадому і адзін з першых трактарыстаў калгаса “Чырвоны франтавік” Павел Іванавіч Огур, які яшчэ да вайны працаваў на трактары “Фардзон-Пуцілавец” і пасля вайны зноў сеў на трактар. Вельмі быў аўтарытэтны ў сяле чалавек. Акрамя сваёй асноўнай калгаснай справы, ён яшчэ дапамагаў сяльчанам: то дроў прывязе, то хату дапаможа адрамантаваць, то дах перакрыць… А галоўнае, калі дзе была якая спрэчка, то Павел Іванавіч заўжды выконваў ролю суддзі, і яго слова было справядлівым. Багата грамат і пахвальных лістоў уручылі яму за добрасумленную працу ў калгасе, яму, Паўлу Іванавічу Огуру, — сапраўднаму гаспадару зямлі.

Працавалі адэльцы і ў тыя пасляваенныя, і ў пазнейшыя гады вельмі шчыра. Трэба было разжывацца, дзяцей падымаць, праца прыносіла для сяльчан і прыбытак у хату, і дабрабыт. Перадавікамі калгаснай вытворчасці ў свой час былі браты Іван і Васіль Прыц. Любая справа ў калгасе, і вывазка ўгнаенняў, і сяўба, і ўборка, не абыходзілася без іх працавітых рук, без іх стараннасці і руплівасці.

Калі калгас “Чырвоны франтавік” увайшоў у калгас “Радзіма”, то вёска Новаандрэеўка стала лічыцца брыгадай, а брыгадзірам працаваў Якаў Іванавіч Кіпель.

Ордэн — меліяратару

У пачатку 1960-х гадоў у ваколіцах вёскі прайшла меліярацыя, быў пракладзены дрэнаж, вырыты вялікі цэнтральны канал, у выніку ў калгасе было асушана больш за паўтары тысячы гектараў тарфянікаў. Самы непасрэдны ўдзел у асушэнні прымаў жыхар Новаандрэеўкі Іван Мацвеевіч Радкевіч. Пасля вызвалення Беларусі, у 17 год, ён быў прызваны ў армію і пайшоў дабіваць немца. Ваяваў у Польшчы, вайсковую службу скончыў ва Уральскай ваеннай акрузе. Як вярнуўся дадому, вывучыўся на экскаватаршчыка. Уладкаваўся на працу ў ПМК-86. Працаваў шчыра і добрасумленна, гэта было закладзена з дзяцінства. За працу атрымліваў не толькі добрыя грошы, а яшчэ і шматлікія пахвальныя лісты, падзякі. Амаль не вылазячы з экскаватара ў 1961—1965 гадах, калі быў самы пік меліярацыі, дасягнуў вялікіх поспехаў, за што неаднойчы меў узнагароды. А ў 1971 годзе Івану Радкевічу быў уручаны ордэн Леніна.

У Маскву на ВДНГ

На тых асушаных тарфяніках вырошчвалі калгаснікі неблагія ўраджаі. Так, у 1969 годзе ў брыгадзе Новаандрэеўкі з кожнага гектара сабралі па 200 цэнтнераў бульбы, па 34,6 — ячменю, па 28,6 — аўса і 11 цэнтнераў грэчкі… І гэта на плошчы больш за 30 гектараў для кожнай культуры.

Працавала ў брыгадзе і ферма, а ў 1972 годзе быў пабудаваны новы кароўнік на 120 галоў. Самая старэйшая і вопытная даярка Лідзія Архіпаўна Сокал неаднойчы дапамагала маладым і словам, і справай. Ад яе не адставала і Тамара Дзмітраўна Заяц, якая лічылася майстрам сваёй справы. Яна надойвала ў сярэднім ад кожнай каровы па 3 500 кг малака. Стараліся і даглядчыкі жывёлы І. Казецкі і І. Заяц. Кіраваў фермай адразу Якім Лугін, пасля яго — Алена Фядотаўна Ламашка, якая пачала свой працоўны шлях з 1959 года даяркай. А вось загадчыцай фермы яна прабыла нядоўга. Цягнула да любімай справы, ды і зарплата была ў даярак пад 300 рублёў, а ў загадчыка — 120.

Напярэдадні 50-годдзя савецкай улады жывёлаводы новаандрэеўскай фермы ўзялі сацыялістычныя абавязацельствы і выканалі іх цалкам. Калектыў фермы заняў першае месца сярод калектываў малочнатаварных ферм раёна, яму быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг райкама партыі і выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных. А яшчэ для ўсіх перадавікоў калгаса — і паляводаў, і механізатараў, і жывёлаводаў — арганізавалі паездку ў Маскву на знакамітую ВДНГ — Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. “Калгас даў грузавую машыну, якую абкрылі брызентам, у кузаў наслалі багата саломы і за дзень даехалі да Масквы. Паглядзелі тую выставу — і назад. Разам з усімі ездзіў і старшыня калгаса “Радзіма” Барыс Іосіфавіч Гелер, а яшчэ з другіх брыгад: з Байлюкоў — Марыя Канстанцінаўна Кабанава, з Барбарова — Шура Басякоў…” — успамінала Алена Фядотаўна Ламашка, якая таксама была сярод тых пераможцаў. Дарэчы, крыху пазней, за поспехі ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве 1972—1973 гг., Алена Ламашка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Тады ж атрымала такі ордэн і Тамара Дзмітраўна Заяц, а Лідзія Архіпаўна Сокал — ордэн “Знак Пашаны”, пахвальныя лісты і грашовыя прэміі — усе жывёлаводы.

Немалая заслуга ў добрых выніках па надоях малака была ў пастухоў — Васіля Ігнатавіча Прыца, Данілы Сяргеевіча Зайца, Віктара Сяргеевіча Касько, Васіля Рыгоравіча Сокала. Загадчыкам фермы ў 1970-я гады быў Я. Д. Ламашка. У 1970 годзе ў Новаандрэеўцы пражывала 289 чалавек, і амаль усе дарослыя працавалі ў калгасе. Добрая праца — добрыя і заробкі, а гэта і дабрабыт. Многія сяльчане пабудавалі новыя хаты, крытыя гонтай і шыферам, а дзе-нідзе то і жалезам і нават чарапіцаю. У хатах з’явіліся новая мэбля, радыёлы, радыёпрыёмнікі. У вёску правялі электрычнасць, радыё, галоўны рупар вісеў на сцяне клуба. У клубе ладзіліся канцэрты, танцы, праводзіліся сходы…

Спектакль на вясковай сцэне

У 1960 годзе ў раённым Доме культуры была створана агітбрыгада, якая рэгулярна выязджала ў населеныя пункты раёна. Пабывала яна і ў Новаандрэеўцы — выступіла з канцэртнай праграмай, а драмкалектыў паказаў калгаснікам п’есу А. П. Чэхава “Прапанова”. Загадчыцамі новаандрэеўскага клуба ў розныя гады працавалі Алена Ламашка, Воля Огур, Глафіра Кіпель… А яшчэ раней,  пакуль клуба ў вёсцы не было, гуляла моладзь па хатах, танцавалі пад музыку, якую граў Фёдар Заяц.

Бібліятэкі, як успамінаюць вяскоўцы, сваёй не было, але кнігі заўсёды прывозілі, і ўсе, хто хацеў чытаць, карысталіся паслугамі такой перасоўкі.

Насупраць клуба паставілі новы цагляны будынак магазіна. Дагэтуль магазін знаходзіўся ў хаце Паўла Сокала, а яшчэ раней, адразу пасля вайны, у вёсцы быў ларок ды наязджалі “каравачнікі”. Са старога магазіна ў новы перайшла і яго першы прадавец Ева Данілаўна Кіпель.

Была ў Новаандрэеўцы і пачатковая школа. Яшчэ з 1931 года яна размяшчалася па хатах, а дзесьці незадоўга да вайны збудавалі новую — “у Курганах”, бліжэй да дарогі. У вайну ў школе ўсё разбурылі, там зрабілі канюшню. Калі ж немцаў прагналі, дзеці вучыліся па хатах, пакуль у школе ішоў рамонт. Адразу займаліся ў хаце Волі Мікалаішынай, потым яшчэ ў адной жанчыны, а потым ужо перайшлі ў школу. У адным памяшканні — вучні першага і трэцяга класаў, у другім — другога і чацвёртага. Адзін рад партаў — адзін клас, другі рад — другі клас. На два класы — адзін настаўнік.

У школу новаандрэеўскую хадзілі і дзеці з Байлюкоў. Настаўніцамі працавалі ў той пасляваенны час Еўдакія Данілаўна Шумская і Надзея (прозвішча не помняць) — з Пяценкі, жылі на кватэры ў сяльчан; Надзея Сяргееўна Касько з Байлюкоў, Уладзімір Басякоў прыязджаў мо з Барбарова, вельмі доўга працаваў, Ларыса Мікалаеўна Яфрэмава вяла трэці і чацвёрты клас — рускую мову выкладала… Як успамінаюць, школы не стала дзесьці к канцу 1970-х гадоў. Дзеці пачалі хадзіць хто ў Клятнянскую, хто ў Дакольскую школы (у апошнюю і да гэтага хадзілі тыя, хто, скончыўшы чатыры класы, жадаў атрымаць сямігадовую адукацыю). “Хадзіць у Дакольскую школу кожны дзень чатыры кіламетры туды, чатыры назад пехатой было цяжка. А зімою, як пазамятае ўсё, то топчаш гэты снег, аж узмакрэеш, пакуль дадому дойдзеш. А вучыцца хацелася, стараліся”, — так успамінаюць тыя школьныя гады былыя вучні. Школа дала дарогу ў жыццё ўсім жыхарам вёскі. Яна навучыла чытаць і пісаць, а хто жадаў і меў магчымасць, то вучыўся і далей, атрымлівалі сяльчане як сярэднюю спецыяльную, так і вышэйшую адукацыю. Каго школа прывяла ў заводскі цэх, каго — на калгасныя палеткі, каго — да настаўніцкага стала…

За станком, у полі, на ферме

Фёдар Піліпавіч Заяц вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, стаў журналістам. Кажуць вяскоўцы, што зараз ён працуе ў газеце “Друг пенсионера”. Мікалай Пятровіч Дзядзюля, атрымаўшы сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў аграномам у калгасе, потым ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Глускага райвыканкама, а праз каторы час стаў і старшынёй райвыканкама. Больш за чатырнаццаць год правадніком у цягніках паўднёвага накірунку ў горадзе Гомелі працавала Наталля Віктараўна Собалева. Але захацелася дадому. Стала працаваць адразу даяркай, потым на свінаферме. Па выніках 2011 года Наталля Собалева была прызнана “лепшай па прафесіі”, і ёй было прысвоена званне “лепшы аператар па адкорме свіней”. Аксана Уладзіміраўна Булановіч стала заатэхнікам. Святлана Сяргееўна Кіпель — медсястра, працавала ў Клятнянскай бальніцы, а зараз дапамагае сяльчанам, працуючы на Клятнянскім ФАПе. Жанна Уладзіміраўна Непачаловіч — фельчар, узначальвае аддзяленне хуткай дапамогі ў Глускай раённай бальніцы.

Уладзімір Іванавіч Станкевіч стаў штурманам карабля, скончыўшы палітэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці “судаваджэнне на ўнутраных водных шляхах”. Працаваў некаторы час у Мазыры. А зімы, калі рака замярзала, Уладзімір Іванавіч праводзіў дома, у родным сяле. Тады і захапіўся новай справай, сёння ўжо яна стала яго прафесіяй, вельмі рэдкай і незвычайнай: ён бондар. Вырабляе з дрэва вёдры, кубкі, розныя бочкі і дзежачкі для цеста, бочачкі для напояў, можа зрабіць і табурэтку, змайстраваць дзіцячую цацку… Ды ўсё зроблена прыгожа, з мастацкім густам. Бондар шмат удзельнічае ў выставах дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. У 2010 годзе Уладзімір Іванавіч Станкевіч быў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У 2012 годзе яму было прысвоена званне “Народны майстар” пажыццёва.

Глафіра Кузьмінічна Кіпель колісь выбівала іголкай прыгожыя дываны. У каго ў хатах віселі на сценах дываны фабрычныя, а ў яе — самаробныя, ды такой прыгажосці, што неаднойчы яны былі вялікім аб’ектам зацікаўленасці гледачоў на выставах як мясцовага, так і рэспубліканскага значэння.

На кругі свая…

Новаандрэеўцы… Шчырыя, руплівыя сяльчане. У кожнага з іх свой лёс, сваё жыццё… “Сёння ў вёсцы нічога не засталося — ні фермы, ні школы, ні крамы, амаль усё пазарастала хмызняком. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Прывозяць усё неабходнае, нават пад заказ… Работы няма, параз’язджаліся маладыя”, — уздыхаючы, гавораць мясцовыя пенсіянеры, што, бывае, збіраюцца разам у доме сацыяльных паслуг. Успамінаюць пасляваеннае жыццё, калі было цяжка, але ж і весела, як гулялі кірмаш на Ушэсце, калядавалі, ладзілі вяселлі, хрэсьбіны… А яшчэ дружна працавалі, дапамагаючы адзін аднаму, калі садзілі бульбу “ў тыне” ды “за вуліцаю”… Цікавыя загадкавыя назвы: “На Ільчыку”, “Доўгія”, “У канцах”, “У рэпішчах”… Гэта мясціны вакол вёскі, у лесе, у які абодвума канцамі ўпіраецца вёска і які дасюль адорвае сяльчан сваім багаццем. Назвы розныя, але ўсе яны звязаны з лёсам Новаандрэеўкі, з лёсамі яе жыхароў.

Вялікі лес, што раскінуўся тут, багаты чарнічнікам, малінаю ды ажынаю. А дзе нізіна, то можна і журавін назбіраць, бліжэй да краю трапляецца і каліна. А грыбоў розных колькі тут: і баравікі, і падасінавікі, і абабкі… Ды вось толькі збіраць гэтае багацце ўжо амаль няма каму.

Калі ў 1986 годзе ў вёсцы было 136 жыхароў і 70 гаспадарак, то ў 2002 годзе —  ужо 80 жыхароў і 48 гаспадарак. А на сённяшні дзень, кажуць жыхары, засталося тут мо чалавек 10, зімою і таго менш, бо некаторых да сябе забіраюць жыць дзеці ў горад. Хаты пусцеюць, а вось сады, якія тут амаль у кожнай сядзібе, па вясне прыгожа квітнеюць, летам вёска патанае ў зеляніне садоў і лесу — ельнік, асіннік, бярэзнік, алешнік, на курганах узвышаюцца векавыя дубы… Дыхаецца тут лёгка, толькі ахоплівае нейкі жаль: з чаго тут пачыналася жыццё — да таго яно і вяртаецца праз стагоддзі…

І. КІРЫНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне. Вяскоўцы дапамагалі партызанам і адзеннем, і ежай, а галоўнае — каштоўнай інфармацыяй. У лютым 1942 года за такую дапамогу на могілках у вёсцы Веснава...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика