Цёплыя вочы бацькоўскай хаты. 21.by

Цёплыя вочы бацькоўскай хаты

21.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старыя вёскі, век якіх адлічвае апошняе дзесяцігоддзе, навяваюць асаблівыя пачуцці. Іх нельга мінуць хутка, едучы на аўтамабілі, а толькі пешшу, спыніўшыся амаль перад кожнай сядзібай. Бо кожны дом з даўно зарослай сцежкай і чорнымі вачыма-вокнамі на падсвядомым узроўні перадае нам сваю гісторыю, лёс кожнага яе жыхара.

Старыя цяпер яблыні некалі радаваліся дотыку клапатлівых рук гаспадара. Праз тую аселую ў зямлю браму яшчэ да першых прамянёў сонца гаспадыня гнала на пашу карміліцу-кароўку, а то і дзве-тры. Колькі іх было ў гаспадарцы, каб пракарміць дзяцей-пагодкаў, скажуць вялізныя адрыны. І ў шэрагу гэтых ужо асірацелых сядзіб раптам з’яўляецца астравок жыцця – агарод, кветкі, пафарбаваная агароджа. Тут бываюць тыя, каго не адпускае хата бацькоў. І калі такіх агародна-кветкавых сядзіб у вёсцы не застаецца, сумна і балюча робіцца, бо разумееш, што жыццё сюды больш не вернецца.

Парадак павінен быць заўсёды

Аднымі з першых перасяленцаў прыйшлі ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў вызначанае для наноў будаванай вёскі Касішча бацькі Адама Дубіка. Калектывізацыя дала магчымасць атрымаць у карыстанне надзел у некалькі дзясяткаў сотак, але з умовай уступлення ў толькі што створаны на гэтых землях калгас, які потым атрымаў назву “13-я гадавіна Кастрычніка” і аб’яднаў вёскі Касішча, Саснавец і Сотнічы.

У непраходным балоце на асушанай яго частцы людзі будавалі новае жыццё з перспектывай на “светлую будучыню”, пракладаючы шлях да суседзяў па балотных гацях.

– Памятаю, у вайну тут немцы ўладкавалі завод па вырабе каўбас, – расказвае Адам Антонавіч. – Зганялі жывёлу ў вёску, прымушалі падлеткаў яе пасвіць. Падстрэшша хлявоў было завешана каўбасамі, прыходзілі грузавікі і везлі іх на фронт нямецкім салдатам. Магчыма таму, што ў вёсцы былі немцы гаспадарчай часці, а не карнікі, мясцовых не мучылі і не калечылі. Дзяцей нават кармілі са сваёй кухні.

Сорак гадоў адпрацаваў механізатарам апошні мужчына ў вёсцы. Паўстагоддзя побач была жонка Пелагея. Ужо трэці год пайшоў, як яе не стала. Двое сыноў жывуць у Бабунічах, часта прыязджаюць да бацькі, а Сяргей – штодзень. На зіму клічуць да сябе, ды гаспадар не хоча замінаць сынам і іх сем’ям, пакуль сам сябе абслугоўвае. Кажа, што дроў яму сын у сенцы наносіць, вады выцягне. Двойчы на тыдзень аўтамагазін пад хату прыходзіць і паштовая машына. Так паціху і спраўляецца. Нават пару курэй і пеўня даглядае. Было курэй і з тры дзясяткі, ды куніцы з лісамі панадзіліся хадзіць у яго хлеў “на паляванне”.

– Дзічыны тут не мерана, – расказвае мужчына, прысеўшы на лаўцы пад маладзенькай яблыняй. – Казулі ходзяць зімою да стагоў, што стаяць за хлявом з пазалеташняй зімы. Некалі нарыхтаваў на карову, а яна пры ацёле прапала. Ужо другі год без яе жыву. Днямі праходзілі два кабаны, бульбу не чапалі, відаць, наедзеныя былі. Непакоіць, што гадаў ўсялякіх развялося шмат. Свой двор трымаю у парадку, але зносілі хату суседскую, ды так і пакінулі груды смецця. Цяпер туды не прыступіцца. Таго і глядзі нехта “сыкаць” пачне. Разумею, што вёска наша далёкая, ніхто не бачыць. Гэта ж не Барычаў, што з дарогі відаць. То ці ж варта пра нас забываць?

Жыць хочацца ў сваёй хаце

Толькі мінулую зіму з-за хваробы Ніна Палтаран правяла ў дзяцей. Мяркуе, што наступную застанецца ў сваёй хаце. Цяжка апынуцца ў іншым месцы, калі амаль восемдзесят гадоў прайшло ў адной вёсцы.

Адукацыю атрымала па тых часах добрую. У Касішчах была чатырохгадовая школа, сем класаў закончыла ў Бабунічах, а дзесяць – у Смятанічах. І ўсе гады працавала ў калгасе, на ферме ці ў брыгадзе. Толькі сем гадоў – загадчыцай мясцовага магазіна, ад якога ўжо і следу ў вёсцы не засталося. Як няма і прыкмет хлявоў для авечак і кароў, валоў і коней, што былі тут, мехдвара з безліччу тэхнікі. Нават калі ў 60-я гады іх калгас аб’ядналі з бабуніцкімі “Запаветамі Ільіча”, хлявы былі поўнымі. Толькі працаваць жанчынам даводзілася і на іншых палетках. Машынай штодзень забіралі ў Касішчах і вазілі, дзе патрэбна была іх праца. Тады ў гаспадарцы садзілі акрамя звыклых бульбы і буракоў таксама капусту, памідоры, гуркі, часнок.

– Не думала, што дажыву да такога часу, калі вёска будзе зыходзіць у нябыт, – кажа Ніна Іванаўна. – Апошнія мы з суседам тут, пакуль жывём – ёсць і яна. Прыязджае на лета яшчэ жанчына з Мазыра, але яна дачніца. У сваёй хаце я ўжо васемнаццаты год сама. Сын з Бабунічаў і дачка з Петрыкава прыязджаюць часта, але не хочацца іх лішні раз непакоіць. Хварэць пачала я часта, а фельчар наша Тамара Рэвут пайшла на пенсію. Раней яна часта да нас з суседам наведвалася, цяпер ніхто не ходзіць. Праўда, ёсць у мяне сацыяльны работнік Марыя Палтаран. Двойчы на тыдзень прыходзіць да мяне з Бабунічаў.

На лета дачка прывезла матулі двух трусянят, каб была старая пры справе. Людзям той, пасляваеннай загартоўкі, увогуле без справы сядзець нельга.

Справы не адпускаюць

Доўга і з задавальненнем Раман Цімафеевіч расказваў пра свае пчолы, седзячы на лаўцы каля двара. Яго дом першым сустракае гасцей вёскі Палессе, названай так у час калектывізацыі замест спрадвечнага імя – Падканаплішча. У пачатку 50-х гадоў ён вярнуўся сюды пасля таго як “сцягнуў увесь свет”. Так гаспадар кажа пра той час, калі маленькім быў выгнаны ў Германію, потым вучыўся ў Калінкавічах на будаўніка, зноў вярнуўся ў Германію ўжо салдатам тэрміновай службы, быў на будоўлях у Польшчы, Маскве, тэлевізійную вежу ў Смятанічах будаваў. Шмат прафесій прымераў на сябе ў роднай вёсцы: быў і пастухом, і будаўніком, і вартаўніком, і брыгадзірам, і лесарубам.

– У нас быў калгас “Новае Палессе”, можа таму і вёску назвалі Палессем, ці наадварот, не ведаю, – разважае старажыл. – Некалі было 40 двароў, у кожным не менш трох дзяцей. Цяпер мы з жонкай “кеўляем” ды сусед наш, дарэчы, ён мне брат родны. Праз нашу вёску ідзе дарога на Падозбін. Там землі былі вельмі добрыя, гародніна расла выдатная. Некалі мы былі агульным калгасам, разам і да “Запаветаў Ільіча” далучыліся. Цяпер у Падозбіне нікога няма – пустыя хаты. Хутка і ў нас так станецца. Ужо і следу ў вёсцы няма ад свінарнікаў і кароўнікаў, нават ад магазіна.

– Землі і ў нас добрыя, – далучылася да размовы гаспадыня Марыя Сяргееўна. – Надзелаў было многа, разраблялі дзялянкі ў лесе нават. Бо хатняя гаспадарка была вялізная: каровы, быкі, па 6 свінняў, індыкі, качкі. Многа здавалі, а грошы на ашчадкніжку клалі. Страшна сказаць, колькі іх там згінула ў дзевяносты год – 46 тысяч. Паспелі толькі дзеду матацыкл з каляскай купіць, усё пайшло ветрам. Думалі і кватэры дзецям купім, і машыны, і ўнукам будзе. Няма нічога. Толькі зямля засталася, ды рукі, якія ўжо і працаваць нявартыя.

А як некалі працавалі рукі гаспадароў зразумела здалёк. У двары ладныя гараж, летняя кухны, лазня, хлявы і прыбудовы да іх.

– Добра, што ўдвох, – кажа гаспадар. – Старому чалавеку, пад дзевяноста, аднаму – бяда. Думаю, навошта так доўга жывем. Ды дзеці кажуць, што мы павінны яшчэ трымацца. Паміраць не дазваляюць. Кажуць, што памром, то і ездзіць у Палессе не будуць. А як жа так? Куды ж гэта ўсё? Прападзе!

Будзем жыць!

Бацькоў Івана і Рамана Панцюкоў раскулачылі, за тое, што не хацелі ісці ў калгас. Жылі яны тады на хутары Яблыня пад Людзвіновам. Худобу і скарб забралі, нават дах з хаты скінулі. Сям’і загадалі ехаць у Падканаплішча, названае тады Палессем. Па-першасці сям’я тулілася ў нейкім хляве з іншымі выгнаннікамі, потым сталі будаваць хаціну.

Да вайны Іван Цімафеевіч скончыў толькі чатыры класы ў Бабуніцкай школе, у сваёй вёсцы класаў не было. Памятае як ўцякалі ў лес, калі карнікі палілі вёску, як іх лавілі і грузілі ў таварныя вагоны для выгнання. Вярнуўшыся з нямеччыны адразу пайшоў працаваць, а на васемнаццатым годзе ажаніўся. Усё пачынаў без дапамогі бацькоў, бо маці ў вайну засталася ўдавою з шасцю малымі дзецьмі. Ужо маючы двух сваіх дзетак амаль на чатыры гады стаў салдатам. Потым з жонкай яшчэ двух нарадзілі.

– Некалі ў вёсцы былі дзіцячыя яслі. Там яшчэ маці мая працавала, і маіх дзетак там даглядала, – узгадвае мужчына. – Потым яслі закрылі, зрабілі клуб. Дзеці мае цяпер – хто дзе: у Светлагорску, Мазыры, дачка і сын жывуць у Бабунічах. Дапамагаюць мне. Ды я яшчэ і сам спраўляюся. Вось учора варэння наварыў, сёння гуркі закатаў. Нават калі была жывая жонка, няма нябожчыцы ўжо дзявяты год, заўсёды сам гэтыя справы рабіў. Куры мае нешта не нясуцца, прадаў мне іх нейкі цыган, мабыць падмануў, што маладыя.

Іван Панцюк даўно выконвае абавязкі старасты ў вёсцы. Нават цяпер, калі, як кажа мужчына, і ногі далёка не ідуць, і вочы далёка не бачаць, клапоцяць яго агульныя справы: як агароджваюцца могілкі ў Бабунічах, дзе хаваюць і яго аднавяскоўцаў, як спраўна ходзіць аўталаўка і паштовая машына. Расказаў, як давялося выказваць у розных інстанцыях сваё патрабаванне, каб паштовая машына брала ў іх падпіску на газеты. Не ў Бабунічы ж хадзіць за такой дробяззю. Разважае, што напэўна, згадзіўся б з абслугоўваннем сацыяльным работнікам, ды ніхто да яго не ідзе, не пытае.

Усмешлівы і не па гадах светлы ў твары мужчына патлумачыў, што асаблівага сакрэта ў гэтым няма. Проста ніколі не піў залішне гарэлкі. Па маладосці неяк балаваўся, а потым перастаў. Прыгубіць на свяце можна, але каб залішне – ніколі. Таму на сваіх нагах і са светлай галавою праз год плануе сустрэць дзевяностагоддзе. Пакуль жыве ён і брат-сусед з жонкай, будзе жыць іх Палессе.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

4jIMqiFXfSY

-ZnHWCQLZmY

SjVtu6xXXvA

ahbi7uSkYfc

knK8PC-Lc3M

Gmi1_hnqn8s

HAZ_muNZEJI

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старыя вёскі, век якіх адлічвае апошняе дзесяцігоддзе, навяваюць асаблівыя пачуцці. Іх нельга мінуць хутка, едучы на аўтамабілі, а толькі пешшу, спыніўшыся амаль...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика