25 ліпеня значны юбілей адзначае пажарная служба Беларусі — 165 год
26.07.2018
—
Разное
|
Ва ўсе часы мерам барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі надавалася першачарговае значэнне. Вядома, што яшчэ з часу ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы ў Шаркаўшчыне дзейнічала Добраахвотнае пажарнае таварыства ў складзе дзесяці чалавек. Размяшчалася яно на тэрыторыі цяперашняга кінатэатра. У 1951 годзе шаркаўшчынскія пажарныя перайшлі ў новы будынак. А ўзначальваў тады службу Сяргей Міхайлавіч Шаблоўскі. Дарэчы, пры ім была атрымана першая аўтацыстэрна ГАЗ-А. З цягам часу будаваліся машынныя боксы, набываліся аўтамабілі, спецінвентар. — Цяперашнюю тэхніку ні ў якім разе нельга і параўнаць з той, на якой працавалі мы, — кажа ветэран пажарнай службы Вікенцій Антонавіч Русачонак. — Пачынаў я службу ў 1962 годзе, з’яўляўся вадзіцелем аўтацыстэрны на базе ГАЗ-51, затым былі ГАЗ-66, ЗіЛ-157, ЗіЛ-131. Дваццаць шэсць год свайго жыцця аддаў службе ў пажарнай часці і ветэран Мілецій Паўлавіч Глушонак, які ў 1969 годзе пачынаў працаваць інструктарам прафілактыкі, а пасля стаў начальнікам каравула. Ёсць што ўспомніць пра гады службы ў радах пажарных-выратавальнікаў і Андрэю Катушонку, былому вадзіцелю пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аграгарадка Лужкі. Адразу пасля тэрміновай службы ў арміі, у 1992 годзе, мужчына пачаў працаваць пажарным. — Спачатку быў вадзіцелем аўтацыстэрны на базе аўтамабіля ГАЗ-53, — успамінае Андрэй. — Затым паступіла больш магутная тэхніка — ЗіЛ-130 і ЗіЛ-131. У пачатку 1990-х гадоў на нашай тэрыторыі было мноства пажараў, у тым ліку і з чалавечымі ахвярамі. Стараліся працаваць так, каб своечасова ліквідаваць стыхійныя бедствы, мець станоўчыя водгукі ад насельніцтва за сваю службу. У цяперашні час я знаходжуся на заслужаным адпачынку, займаюся хатняй гаспадаркай. Вельмі захапляюся рыбнай лоўляй, займаюся пчалярствам. Заняткаў для душы мне хапае. Дваццаць два гады адслужыў у Шаркаўшчынскім РАНС Аляксандр Ішчык. Яшчэ ў дзяцінстве, як успамінае Аляксандр, ён са сваімі равеснікамі часта наведваўся ў пажарную часць, каб убачыць тэхніку, пазабаўляцца з беласнежнымі клубамі пены. У дваццаціпяцігадовым узросце ён і сам стаў пажарным. Прайшоў шлях ад радавога байца да камандзіра аддзялення. І сёння на варце стаяць выратавальнікі-пажарныя, якія пачыналі несці службу яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Сярод іх — камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 Андрэй Івонін. — За дваццаць тры гады працы здараліся розныя надзвычайныя выпадкі, — кажа Андрэй, — але самым жудасным быў пажар у аграгарадку Вялікае Сяло, калі ў агні загінулі двое маленькіх дзетак. Наогул, любы пажар мае вялікае псіхалагічнае ўдзеянне, у тым ліку і для нас. Горыч слёз і беды людзей, якіх закранае гэта трагедыя, успрымаеш як свой уласны боль. Разам пачыналі несці службу ў 1994 годзе вадзіцелі ПАВЧ №1 гарадскога пасёлка Валерый Фёдараў і Аляксандр Казаневіч. Сёння гэта ўжо сталыя і вопытныя выратавальнікі-пажарныя, якія перадаюць свае навыкі маладаму папаўненню. — Цяпер у нас на ўзбраенні маецца сучасная новая тэхніка, спецабсталяванне, — кажуць мужчыны. — Гэта дазваляе аператыўна рабіць выезды для ліквідацыі пажараў, іншых надзвычайных сітуацый. У дадзены момант нашай асноўнай задачай перад выхадам на заслужаны адпачынак з’яўляецца навучанне маладых выратавальнікаў-пажарных ўсім навыкам і ўменням, якія ў свой час атрымалі мы. Сёння раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, як і МНС краіны, — гэта служба, якая гатова ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу людзям. Характэрнымі рысамі выратавальнікаў-пажарных былі і застаюцца адданасць службоваму абавязку і імкненне дапамагчы тым, хто апынуўся ў бядзе. І гэта для большасці супрацоўнікаў стала не проста абавязкам, а вобразам жыцця. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|