Мірская зямля натхняе. Яе непаўторныя краявіды ў спалучэнні з гістарычнай спадчынай даюць магчымасць мастакам адлюстраваць усе свае творчыя фантазіі ў рэальных работах. Менавіта таму г.п. Мір стаў адным з месцаў правядзення Міжнароднага пленэра памяці акадэміка, знакамітага пейзажыста Станіслава Жукоўскага.
– Па ліку гэта ўжо чацвёрты міжнародны пленэр, у якім прымаюць удзел мастакі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пяцігорска. Працуюць яны ў рамках двух накірункаў мастацкай рэалістычнай школы, а менавіта, лірычнага пейзажу і інтэр’ернага жанру, – расказвае аб удзельніках пленэра мастацтвазнаўца, кіраўнік мастацкага аб’яднання “Таварыства перасовачных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе. Санкт-Пецярбург” Валерый Выбаржанін. – Сёлета ў Мір прыехалі 8 мастакоў, якія менавіта падчас такіх выязных пленэраў выпрацоўваюць свой асабісты стыль, а іх творчыя работы набываюць адметныя рысы. Хочацца выказаць падзяку кіраўніцтву і калектыву Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, на базе якога сёлета праходзіць пленэр, за гасціннасць і ветлівасць.
У тым, што мірская зямля сапраўды натхняе на творчасць, сумнявацца не прыходзіцца. За некалькі дзён, на працягу якіх мастакі працавалі ў Мірскім замку і ваколіцах Міра, на свет з’явіліся шматлікія пейзажы і работы інтэр’ераў архітэктурнай жамчужыны Беларусі.
Перад вачыма прадсталі эцюды маслам мастачкі з Масквы Алены Клімёнавай, на якіх адлюстраваны плошча г.п. Мір, касцёл святога Мікалая, які знаходзіцца ў цэнтры пасёлка, і, зразумела, Мірскі замак. Апошняя работа ўразіла сваім каляровым рашэннем: фіялетавае, карычневае, чырвонае, блакітнае адценні стварылі таямнічы вобраз шматвекавога гістарычнага помніка.
– Беларусь я вельмі люблю. Прыехала сюды ўжо ў пяты раз. Але не перастаю здзіўляцца ветлівасці і добразычлівасці жыхароў вашай краіны. У Міры зямля цёплая, што можна разумець як у прамым, так і пераносным сэнсах, – з натхненнем дзеліцца Алена Клімёнава. – Да таго ж мая прабабуля мае беларускія карані. Для мяне гэта вельмі важна. Зусім хутка мы пераедзем працаваць у Нясвіж, але так не хочацца пакідаць мірскую зямлю.
Каб падзяліцца сваёй творчасцю, разам з мастакамі на пленэр завітала аўтар-выканаўца, кампазітар Святлана Дольчэ, якая выступіла з канцэртам у Мірскім замку.
– Мірскія краявіды ўражваюць. Тут хочацца спяваць, – падзялілася Святлана Дольчэ. – Наўрад ці ў Санкт-Пецярбургу, адкуль я родам, знойдзеш такую прыроду ў першародным выглядзе. Ды і беларусы сустракаюць нас як родных.
Пасля некалькіх дзён, праведзеных на мірскай зямлі, удзельнікі Міжнароднага пленэра памяці акадэміка Станіслава Жукоўскага накіраваліся ў Нясвіж. Але з імі засталіся яркія ўражанні і цёплыя ўспаміны аб Міры, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў поўных экспрэсіі творчых работах.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.