Першага верасня — свята, якое з нецярпеннем чакаюць і дзеці, і дарослыя. Разам з радасцю яно прыносіць шмат клопатаў. Хвалюе пытанне, як падрыхтаваць дзяцей да новага навучальнага года. Асабліва ў тых сем’ях, дзе некалькі школьнікаў, над гэтым пытаннем прыходзіцца задумацца.
Журналіст раённай газеты «Полымя» разам з маладой маці Кацярынай Утлік з райцэнтра накіраваліся ў гандлёвы цэнтр райунівермага г.п. Карэлічы. Дзяцей у сям’і Утлік трое: першакласніца Ксенія, пяцікласнік Яраслаў і шасцікласніца Аляксандра.
У гандлёвай кропцы знаёмімся з асартыментам адзення і абутку для школьнікаў, уважліва вывучаем цэны на тавары, прыслухоўваемся да пажаданняў дзяцей.
— У продажы маюцца адзенне і абутак для хлопчыкаў і дзяўчынак, — ахвотна ўступае ў размову загадчык гандлёвага цэнтра Карэліцкага райунівермага Жанна Барысаўна Гацкая. — Паступіў тавар з базы «Гроднакультгандаль» два тыдні таму. Ужо былі першыя пакупнікі, і яны засталіся задаволеныя.
Трэці раз у першы клас збірае Кацярына дзяцей, таму ёй нескладана было выбраць адзенне для 6-гадовай Ксеніі. Не заўважылі, як дзяўчынка была апранута і ўжо круцілася ля люстэрка. Свой выбар маці і дачка спынілі на спадніцы (34,79 руб.), блузцы (33,00), скураных туфлях (44,14), рукзаку (68,57).
«Што неабходна пакласці ў рукзак для першакласніка » — узнікае пытанне, і мы накіроўваемся ў аддзел канцылярскіх тавараў. Кацярына даволі хутка называе неабходнае для школы, а прадавец, падаўшы тавар, яго кошт: сшыткі ў лінейку (7 кап. за 1 штуку) і вялікую клетачку (8 кап.) — па 5 штук, альбом для малявання 40 лістоў (2,32), каляровыя алоўкі 12 штук (2,72), акварэльныя фарбы (2,75), гуаш (4,49), пластылін (2,30), каляровы картон (1,93), каляровая папера (1,33), каса лічбаў і літар (3,53), вокладкі для сшыткаў 10 штук (па 8 кап. за адзінку), лінейка (0,79), лічыльныя палачкі (0,61), клей-аловак (0,58), нажніцы (1,92), пенал (2,64), ручка (0,23), аловак просты (0,24), ласцік (0,45), тачылка (0,24). Што ж, застаецца падлічыць, колькі будзе каштаваць адправіць Ксенію ў першы клас. За адзенне і канцылярскія тавары атрымалася 211.12 рублёў.
Зараз выбар — за другой дачкой, 11-гадовай Аляксандрай, якая сёлета пойдзе ў шосты клас. Дзяўчынцы выбралі сукенку 36 памеру (48,63 рублі), скураныя туфлі (37,00), калготкі (3,61), рукзак (53,42). Адразу падлічылі агульную суму за тавар — 142,66 рубля.
У рэшце рэшт, абноўкі выбіраюць для пяцікласніка Яраслава. Кацярына змагла падабраць адзенне і абутак: пінжак (60,77), штаны (29,85), сарочка (25,72), туфлі(45,00), рукзак (79,44). Кошт клаў 240,78 рубля.
— Мы выбіралі самае неабходнае, — тлумачыць маладая маці. — Затым прыдзецца яшчэ дакупіць многае. Да прыкладу, блузку і сарочку іншых колераў, джэмпер для сына, жакеты для дачок, спартыўнае адзенне і абутак і іншае.
Што да апошняга, то мы пацікавіліся, ці ёсць тавар зараз у продажы. Высветлілася, што спартыўныя касцюмы для хлопчыкаў каштуюць ад 31 да 41 рубля, для дзяўчынак — ад 35,18 да 45,17, спартыўная фуфайка — ад 3,78 да 6,31, спартыўныя штаны для хлопчыкаў — 25,50.
Па словах загадчыка гандлёвага цэнтра, тавары для школьнікаў яшчэ можна набыць на школьным кірмашы, які знаходзіцца каля гандлёвага цэнтра. Ён працуе штодзённа, акрамя панядзелка, з 9 да 18 гадзін. У продажы маюцца неабходныя тавары да новага навучальнага года.
— У райунівермагу — вялікі асартымент тавараў па даступных цэнах, — зазначыла Кацярына Утлік. — Дзяцей у нашым райцэнтры можна сабраць у школу: пераканалася на сваім уласным вопыце.
Галіна СМАЛЯНКА