Па піражкі – у «Спатканне»
06.08.2018
—
Разное
|
Повар Марына Бохан пячэ піражкі з самымі рознымі начынакамі – для ўсіх буфетаў аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, якія працуюць у раёне: у райбальніцы, МРЭА, на рынку «Кірмаш», для ведамасных кулінарыі і кафэ. Кожны дзень не менш за 300 штук. А калі ёсць заказы, напрыклад, у час правядзення святаў вёсак ці нават на абласныя «Дажынкі», піражкі выпякаюцца дадаткова ў патрэбных аб’ёмах. Больш сталым людзям яны напамінаюць дзяцінства, калі са школьнай сталовай па калідорах разносіўся пах толькі што спечаных піражкоў з павідлам, які кружыў галаву. Яны былі танныя, па пяць капеек, і кожны іх мог купіць. У закусачнай «Спатканне» райцэнтра, дзе піражкі з павідлам, згушчаным малаком, тварагом, капустай, бульбай і выпякаюцца, купіць іх можна толькі ў пэўны час – яны адразу ж разыходзяцца. Повар Марына Бохан гаворыць, што цеста ёй не дапамагаюць замешваць машыны, трэба ўсё зрабіць рукамі, і большую колькасць піражкоў яна выпечы не можа (хоць попыт на іх перасягае вытворчасць), таму шмат у яе іншых паўсядзённых абавязкаў. У адзінага повара «Спаткання» штодзённая задача – падрыхтаваць абеды па зацверджаным меню. У гэтым аб’екце грамадскага харчавання любяць паабедаць працаўнікі бліжэйшых арганізацый – інспекцыі па падатках і зборах, бюро тэхнічнай інвентарызацыі і іншых. Факт гаворыць сам за сябе. І так хочацца гэты аб’ект грамадскага харчавання з немілагучным статусам «закусачная» назваць кафэ. Повар імкнецца прыгатаваць, як дома. Пры гэтым наведвальнікаў задавальняе і цана на абеды. Вельмі часта, паралельна з асноўнымі абавязкамі, працаўнікі «Спаткання» абслугоўваюць рытуальныя застоллі. Паслуга, якая вельмі запатрабавана жыхарамі раёна, дапамагае закусачнай пастаянна выконваць даведзеныя вытворчыя заданні. Ужо больш за тры дзесяцігоддзі Марына Бохан працуе поварам. Першую навуку ў сваёй прафесіі яна атрымала ад Міхаіла Бакіноўскага, які тады, у 80-я, вёў школу павароў у райспажыўтаварыстве. Гэты прызнаны майстар сваёй справы многім даў пуцёўку ў прафесійнае жыццё. У Марыны Бохан былі гады працы ў сталовай Коласаўскай школы, у кафэ і рэстаране на чыгуначнай станцыі Стоўбцы, у рэстаране «Нёман». Каля дзесяці гадоў яна з’яўляецца поварам на правах загадчыцы ў закусачнай «Спатканне». Адмыслова выконвае сваю работу і лічыцца ў райспажыўтаварыстве адным з лепшых працаўнікоў. Такі аўтарытэт маці паўплываў на выбар прафесіі і яе дачок – Святланы і Аксаны, якія атрымалі прафесію прадаўца. Святлана да дэкрэтнага адпачынку таксама працавала ў райспажыўтаварыстве ў адным з магазінаў райцэнтра. Бармен закусачнай «Спатканне» Таццяна Нікіціна пацвярджае прафесіяналізм Марыны Бохан, гаворыць, што яна з задавальненнем прадае піражкі, морсы, іншую кулінарную прадукцыю ўласнай вытворчасці ў буфеце «Спаткання». Выкройвае хвілінку, каб дапамагчы Марыне Мікалаеўне накрыць сталы, трымаць добрую марку гэтага аб’екта грамадскага харчавання. На здымках: добры настрой – памочнік бармену Таццяне Нікіцінай у абслугоўванні наведвальнікаў; піражкі ад Марыны Бохан. Святлана ЖЫБУЛЬ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Повар Марына Бохан пячэ піражкі з самымі рознымі начынакамі – для ўсіх буфетаў аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, якія працуюць у раёне: у... |
|