Сцеражыцеся махляроў – чытайце дагавор. 21.by

Сцеражыцеся махляроў – чытайце дагавор

07.08.2018 16:38 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Днямі на прыём да пракурора раёна Міхаіла Кляўцэвіча прыйшла заплаканая пенсіянерка з вёскі Агарэвічы М.:


– Дапамажыце, бяда! Мяне падманулі…

А справа, як высветлілася ў час размовы, вось у чым. На мінулым тыдні ёй пазваніла незнаёмая жанчына, якая назвалася прадстаўніцай фірмы тыпу «Рогі і капыты», бы ў знакамітым рамане Ільфа і Пятрова. Субяседніца запрасіла М. на спецыяльнае мерапрыемства, якое пройдзе ў зале мясцовага кафэ. Там адбудзецца прэзентацыя і продаж «па вельмі танных цэнах!» выдатнай высакаякаснай прадукцыі сусветна вядомых брэндаў.

– Нас сабралася ў той вечар 17 чалавек, – распавяла М. – Усе пенсіянеркі і такія ж наіўныя, як і я.

Дык вось, прадстаўніца фірмы салаўём залівалася, расхвальваючы перавагі пыласосаў, пледаў, ручнікоў і іншых тавараў, якія яна збіралася «ўцюхаць» даверлівым агарэвіцкім пенсіянеркам. І «ўцюхала»! Простыя вясковыя жанчыны, нягледзячы на сталы ўзрост і жыццёвы вопыт, паверылі звычайнай махлярцы. А тая ў канцы сваёй «салаўінай песні» ўвогуле збіла з панталыку прысутных у зале смелай заявай: маўляў, амаль задарма аддаю новенькія дарагія рэчы. Толькі аванс папрасіла па 50 – 70 рублёў з кожнага пакупніка.

– А астатнія сумы аформім у растэрміноўку на цэлы год, – пераконвала прадстаўніца фірмы. – Гэта ўвогуле будуць капейкі, амаль бясплатна. Падпішам з вамі афіцыйны дагавор, каб усё без падману, па-чэснаму.

Нездарма кажуць, што даронаму каню ў зубы не глядзяць. Але ж ёсць у народзе і такі выраз: «бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы». Пачуўшы слова «бясплатна», многія людзі іншых ужо не чуюць. А ўважліва прачытаць дагавор (ды яшчэ надрукаваны дробнымі літарамі) ці цярпення не хапае, ці жадання. За што потым і расплачвацца даводзіцца па-сур’ёзнаму.

Жыхарка Агарэвіч М. таксама, не прачытаўшы поўнасцю дагавор аб растэрміноўцы плацяжу на 12 месяцаў і заплаціўшы аванс у суме 50 рублёў, набыла пыласос, плед і ручнік. І толькі дома пагартала атрыманы дакумент і аслупянела: праз месяц ёй патрэбна ўнесці першы плацеж – 213 рублёў. А потым кожны месяц яшчэ па такой жа суме. Гэта што ж атрымліваецца?! З улікам авансу жанчыне неабходна будзе заплаціць усяго 2606 рублёў – 26 мільёнаў недэнамінаванымі. Дык за такія грошы можна ў звычайным магазіне пяць пыласосаў купіць і тузін пледаў і ручнікоў у прыдачу! А калі пакупнік спозніцца з выплатамі, дагаворам прадугледжана пеня – ад 0,2 да 0,5 працэнта ў месяц ад агульнай сумы запазычанасці. Вось у якую кабалу трапіла пенсіянерка!

Пракурор раёна даў даручэнне аддзелу ўнутраных спраў правесці праверку па гэтым звароце для ўстанаўлення фактаў проціпраўнай дзейнасці фірмы. Мэта гэтай праверкі – абарона правоў і законных інтарэсаў пажылых людзей. Аднак і ім самім трэба разумець, што свой подпіс пад любым дакументам можна ставіць толькі пасля таго, як уважліва яго прачытаеш. І не верце тым «салаўям», якія абяцаюць ледзь не бясплатна прадаць вам свой тавар. Гэта проста піяр-ход вопытных махляроў.

Вячаслаў БУРДЫКА.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі на прыём да пракурора раёна Міхаіла Кляўцэвіча прыйшла заплаканая пенсіянерка з вёскі Агарэвічы М.: – Дапамажыце, бяда! Мяне падманулі…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика