Лукашэнка даручыў запусціць у Беларусі маштабную праграму мадэрнізацыі тэхнікі. 21.by

Лукашэнка даручыў запусціць у Беларусі маштабную праграму мадэрнізацыі тэхнікі

13.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу, а таксама ААТ «Гомсельмаш», дзе азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства, работай канструктарскага бюро па стварэнні новых узораў высокапрадукцыйнай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці айчыннага камбайнабудавання.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручаў у гэтым уборачным сезоне прадэманстраваць сучасны высокапрадукцыйны камбайн, які не ўступае лепшым сусветным узорам (так званы суперкамбайн). У 2018 годзе выканана распрацоўка канструктарскай дакументацыі мадэлі камбайна КЗС-2124, якая ўлічвае новыя тэндэнцыі ў развіцці камбайнабудавання. Гэта тэхніка працягвае развіццё лінейкі машын на базе найбольш прадукцыйнага збожжаўборачнага камбайна КЗС-1624-1.

Да ўборачнага сезона выраблена тры ўзоры камбайна новай мадэлі. Камбайн арыентаваны на перадавыя гаспадаркі, якія вырошчваюць высокаўраджайнае (больш за 60-70 ц/га) збожжа. Па прадукцыйнасці і якасці ўборкі новы камбайн не ўступае лепшаму замежнаму аналагу — збожжаўборачнаму камбайну Lехіоn 770 фірмы Сlaas, маючы цану амаль у два з палавінай разы ніжэйшую.

Наведваючы ААТ «Гомсельмаш» 10 жніўня, Аляксандр Лукашэнка даручыў запусціць у краіне маштабную праграму па аднаўленні і мадэрнізацыі тэхнікі, якая адслужыла свой тэрмін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу гэта датычыцца тэхнікі такіх беларускіх прамысловых грандаў, як МАЗ, МТЗ і «Гомсельмаш». Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што прывядзенне ў парадак паралельна з пэўнай мадэрнізацыяй старой тэхнікі магло б стаць паўнацэнным дадатковым напрамкам работы ААТ «Гомсельмаш», якая была б запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і ў сумежных краінах — Расіі, Украіне. З іншага боку, гэта было б выгадна і самім сельгасарганізацыям, якія маглі б вярнуць у абарот старую невыкарыстоўваемую тэхніку за трэць або палову кошту новай. Як аказалася, «Гомсельмаш» працуе ўжо ў гэтым напрамку, аднак пакуль толькі ў рамках Гомельскага рэгіёна.

«Нам трэба гэту праграму закруціць у маштабах усёй краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Ён даручыў за зіму прапрацаваць адпаведныя пытанні і з 1 студзеня пачынаць практычную рэалізацыю гэтай задачы.

«Нашы міністры прамысловасці і сельскай гаспадаркі прапрацуюць гэта пытанне. Трэба гэта перакласці на планавую аснову на ўсю краіну», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не магу дапусціць, каб «Гомсельмаш» знік. Але ў гэтай жорсткай канкурэнцыі, каб выжыць, трэба шукаць новыя аб’ёмы работ, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта добры кавалак работы. Гэта не навіна. У нас такім чынам працуюць МАЗ, асабліва МТЗ, і ўжо аднаўляюць трактары ў «сельгастэхніках».

Прэзідэнту Беларусі прадставілі камбайн-навінку «Палессе GS1218» на газаматорным паліве

Як было даложана, новая тэхніка крыху даражэйшая у параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дае магчымасць значна эканоміць на кошце паліва. У сярэднім гэта каля палавіны затрат па гэтым расходным артыкуле. Распрацоўшчыкі лічаць, што новы камбайн можа быць шырока запатрабаваны на расійскім рынку. Акрамя таго, ён больш экалагічны. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ўсе пытанні бяспекі эксплуатацыі вырашаны на 100 працэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперымента ў адной з гаспадарак. «У будучым годзе мы ім паставім гэтыя камбайны, запраўшчык дадзім і ўбачым. Нам трэба самім тут пераканацца, калі гэта такая эканомія», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт мае намер у наступную ўборачную кампанію асабіста прыехаць і паглядзець на вынікі эксперымента. Ён таксама адзначыў, што з’яўляецца актыўным прыхільнікам развіцця тэхнікі на электрарухавіках, аднак адносна камбайнаў гэта пакуль яшчэ даволі далёкая перспектыва, таму выкарыстанне газу ў якасці паліва магло б стаць добрай альтэрнатывай з эканамічнага пункту гледжання.

Лукашэнка папракае Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракае Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананні абавязацельстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Я хачу захаваць «Гомсельмаш». У нас цяпер цяжкі перыяд — расіяне паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас, публічна аб гэтым кажу. Яны ад нас патрабуюць нечага, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязкі не хочуць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю», — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Расіі папракаюць амерыканцаў і Захад у стварэнні «неканкурэнтнай перавагі». «А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з Прэзідэнтам Расіі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёння існуем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гэту тэму Аляксандр Лукашэнка закрануў і ў час размовы з работнікамі прадпрыемства. «Галоўнае — мы павінны два-тры гады вытрымаць. На нас будзе вельмі моцны націск з боку канкурэнтаў. Мы заціснуты з Захаду рознымі «клаасамі-лексіёнамі» і г.д., і мы заціснуты, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна. Яны «Растсельмаш» свой усяляк падтрымліваюць, субсідзіруюць, парушаючы нашы дамоўленасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта няправільна, несправядліва, і гэту праблему мы не здымаем з парадку дня беларуска-расійскіх перагавораў на ўзроўні ўрадаў і нават прэзідэнтаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што будуць прыкладацца намаганні для стварэння аднолькавых канкурэнтных умоў.

«Мы, наколькі можам, падтрымаем ваша прадпрыемства. Але вы, калі ласка, хутчэй працуйце. Нам трэба два-тры гады вытрымаць у гэтай нядобрасумленнай канкурэнцыі і перасягнуць сваіх сапернікаў (іх мой сябар Прэзідэнт Расіі называе партнёрамі, а я называю нашымі як мінімум сапернікамі)», — заявіў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што ў існуючых умовах прадпрыемству ўдасца не проста выстаяць, але і перасягнуць сваіх канкурэнтаў. У сувязі з гэтым ён асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паляпшэння якасці прадукцыі, павышэння яе надзейнасці, на распрацоўцы розных навінак, якія будуць запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, пошуку новых рынкаў збыту і крыніц забеспячэння ўстойлівай работы.

Лукашэнка адхіляе магчымасць продажу «Гомсельмаша»

Паводле слоў Прэзідэнта, у прыватнасці, казахстанскія партнёры гатовы працаваць з «Гомсельмашам» і ўвайсці ў капітал прадпрыемства. «Але скажу прама: я не збіраюся «Гомсельмаш» прадаваць, я не хачу яго прыватызаваць. Калі Казахстан хоча атрымаць тут нейкую долю акцый, мы не супраць. Ды Казахстан і не прэтэндуе на тое, каб кіраваць гэтым прадпрыемствам і атрымаць кантрольны пакет», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Кантрольны пакет акцый прадаваць я не гатовы, і наўрад ці ў маё прэзідэнцтва гэта здарыцца. Прадпрыемства гэта дзяржаўнае, і кантроль павінен заставацца дзяржаўным», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае, да чаго можа прывесці такая прыватызацыя. «Растсельмаш даўно прапануе — давайце прыватызаваць, мы гатовы купіць. Але я не хачу, каб гэты завод ператварыўся ў завод па вытворчасці шасцярэнек. Усё астатняе — і канструктарскія распрацоўкі, і навукова-тэхнічны складнік — усё там — у Растове, а мы ператворымся ў нейкі прыдатак. Гэтага быць не павінна, павінны быць партнёрскія адносіны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца Казахстана, Прэзідэнт адзначыў, што гэта неабдымны і вельмі важны рынак для прадукцыі «Гомсельмаша», і там зацікаўлены ў гэтай тэхніцы. «Я генеральнаму дырэктару сказаў, што ёсць яшчэ родная Украіна. З імі трэба дамаўляцца. Гэта сусветная жытніца, а свайго камбайна ў яе няма», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка ўпэўнены ў магчымасці падняць «Гомсельмаш» на больш высокі ўзровень развіцця

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў магчымасці падняць ААТ «Гомсельмаш» на больш высокі ўзровень развіцця. Аб гэтым ён заявіў у час размовы з работнікамі прадпрыемства.

«Малайцы, будучыня ў «Гомсельмаша» ёсць. Мы абавязкова захаваем гэта прадпрыемства і, я ўпэўнены, падымем яго на больш высокі ўзровень развіцця, калі толькі вы зробіце сваю справу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён даўно хацеў пабываць на «Гомсельмашы» і паглядзець, як выконваюцца раней узятыя абавязацельствы, асабліва за апошнія два-тры гады. «Вы тады папрасілі пэўную падтрымку. Яна была вам аказана», — нагадаў Прэзідэнт.

Яшчэ адна прычына прыезду — абяцанне канструктараў стварыць так званы суперкамбайн. Аляксандр Лукашэнка пасля наведвання «Гомсельмаша» мае намер у бліжэйшыя дні паглядзець за работай гэтай тэхнікі ў палявых умовах.

У час наведвання прадпрыемства размова ішла аб яго бягучым стане і перспектывах развіцця. Прэзідэнту прадэманстравалі мадэльны рад выпускаемай тэхнікі, які за апошняе дзесяцігоддзе ўдалося значна пашырыць, а таксама навінкі і доследныя ўзоры. Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Камко прадставіў увазе кіраўніка дзяржавы падрабязную інфармацыю аб фінансава-эканамічных паказчыках «Гомсельмаша», у тым ліку інвестыцыйнай праграме, крэдытнай нагрузцы, вытворчых планах, пашырэнні геаграфіі экспартных паставак.

Адзначана, што імпартазамяшчальны эфект за кошт вытворчасці ў Беларусі ўласных камбайнаў у 2010-2017 гадах склаў больш за $2,2 млрд.

«Вы хочаце мадэрнізавацца, інвесціраваць у вытворчасць. Ёсць крэдыты. Але патрэбны ўрадавыя гарантыі. Мы разгледзім гэта пытанне. Хутчэй за ўсё, мы вас падтрымаем, але пад пэўныя абавязацельствы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная ўмова паспяховай работы прадпрыемства — гэта забеспячэнне высокай якасці прадукцыі: «Якасць прадукцыі — там, дзе вы павінны сумленна выканаць сваю работу, — пытанне нумар 1. Гэта патрабаванне і да кіраўніцтва, і перш за ўсё да вас (работнікаў. — Заўвага БЕЛТА). Калі вы хочаце, каб мы канкурыравалі ў гэтай нядобрасумленнай канкурэнцыі, змаглі выйграць, мы павінны паставіць якасны прадукт. Мы павінны зрабіць максімум».

«Нядрэнныя камбайны вы робіце, тэхніку ў цэлым, але па якасці трэба давесці вышэй, чым нямецкія або амерыканскія. Тады мы будзем канкурыраваць з імі свабодна, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Мы не можам увесь час гаварыць, што наша таннейшае. Нам трэба і даражэй прадаваць, каб зарплата была вышэйшай, і каб мадэрнізавацца, інвесціраваць у вытворчасць, а не хадзіць у банкі за дарагімі грашыма або выпрошваць нейкія субсідыі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава не збіраецца адмаўляцца ад «Гомсельмаша» і падобных да яго прадпрыемстваў.

«Вы чуеце шмат наконт таго, што, вось, гіганты, іх даўно пара пасекчы на ​​часткі, распрадаць. Мы нічога не будзем секчы, прадаваць. Гэта здабытак нашага народа, і не толькі нашага пакалення. І мы ўсяляк будзем берагчы і ўмацоўваць гэтыя прадпрыемствы», — заявіў Прэзідэнт.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика