Пра кветкі, працаўладкаванне, фуры ў двары і…. 21.by

Пра кветкі, працаўладкаванне, фуры ў двары і…

15.08.2018 20:48 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

8 жніўня старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Да кіраўніка раёна людзі звярталіся з самымі рознымі пытаннямі: прасілі дапамагчы знайсці работу, вырашыць праблему азелянення дваровай тэрыторыі, адкрыць новае прадпрыемства… Уладзімір Уладзіміравіч уважліва выслухоўваў кожнага наведвальніка (а іх усяго было 7 чалавек) і даваў канкрэтны адказ: што можна зрабіць, а што нельга і чаму.


Першым на прыём прыйшоў жыхар вёскі Палонь Мікалай Ясько. Ён плануе адкрыць прыватнае прадпрыемства ў сферы дрэваапрацоўкі. Як заявіў Мікалай Мікалаевіч, ёсць такое жаданне, ёсць пэўныя планы, ёсць людзі, якія гатовы хоць сёння пачаць працаваць на гэтым прадпрыемстве. Адна толькі праблема – патрэбна адпаведнае памяшканне. Пустуючыя будынкі ў вёсцы ёсць, але яны належаць ААТ «Люсіна Агра». «Дык і трэба звяртацца спачатку да кіраўніцтва гэтага акцыянернага таварыства, – параіў Уладзімір Бялоў. – Не думаю, што яно будзе супраць. Галоўнае, каб вашы намеры былі сур’ёзнымі, а ўлада заўсёды падтрымае карысную ініцыятыву».

Не па асабістым, а па грамадскім пытанні звярнулася да старшыні райвыканкама жыхарка горада Ганцавічы Ірына Ігнацьева. Яна ўжо на пенсіі, жыве адна, але не сядзіцца дома. Вельмі любіць жанчына кветкі і ўвесь свой вольны час прысвячае іх развядзенню. У выніку ўвесь двор дома № 6 па вуліцы Гагарына літаральна патанае ў квецені. Але ўзнікла праблема: няма дзе захоўваць неабходны для догляду за раслінамі інвентар.

– Раней я складвала яго ў падвальным памяшканні, дзе знаходзіцца цеплапункт, – распавядае Ірына Аляксандраўна. – Але ж нехта ўзламаў замок на дзвярах і выкінуў увесь інвентар на вуліцу. Камунальнікі клянуцца, маўляў, гэта не яны зрабілі, аднак патлумачылі, што ў памяшканні цеплапункта пабочныя прадметы не павінны знаходзіцца. Дык што мне рабіць, куды яго дзець? Не цягаць жа кожны дзень ва ўласную кватэру на трэці паверх?

Аднак, як высветлілася ў працэсе размовы, падвальнае памяшканне ёсць, і непасрэдна пад пад’ездам, дзе жыве Ірына Ігнацьева, вось там і можна складваць гэты інвентар, прапанаваў кіраўнік раёна. А ў памяшканнях цеплапунктаў сапраўды гэтага рабіць нельга: правілы тэхнікі бяспекі не дазваляюць. За актыўнасць, якую жанчына праяўляе па добраўпарадкаванні грамадскай тэрыторыі, Уладзімір Бялоў выказаў ёй шчырую ўдзячнасць: «Вы проста малайчына, што займаецеся такой карыснай справай! А праблемы, якія ўзнікаюць, абавязкова будзем вырашаць».

57-гадовы ганцаўчанін Уладзімір Занька прасіў дапамагчы яму з працаўладкаваннем. Размова была працяглай і падрабязнай. Справа ў тым, што Уладзімір Лукіч шмат ужо дзе паспеў папрацаваць. Але нідзе доўга не затрымліваўся. Тлумачыў гэта тым, што пастаянна ўзнікалі нейкія праблемы: то непаразуменні з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, то пагрузчык часта ламаўся, то медкамісію не мог прайсці з-за павышанага артэрыяльнага ціску… Цяпер стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці. Аднак на пытанне Уладзіміра Бялова, дзе б і кім ён хацеў працаваць сёння, канкрэтнага адказу Уладзімір Лукіч так і не даў. Паўтараў толькі, што няма грошай на лекі, на аплату жылля, на харчаванне… Незразумела было, чаго ён хацеў. Тое, што прапаноўвалі, яму не падабалася: галава, маўляў, баліць, ціск высокі. Але ж медыцынскай даведкі, якая пацвярджала б дыягназ, у яго не было. У рэшце рэшт пагадзіўся праз цэнтр занятасці атрымаць накіраванне на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства дапаможным рабочым. Цікава, ці надоўга ён там затрымаецца?

Жыхарка райцэнтра Алена Падароўская (НА ЗДЫМКУ) звярнулася са скаргай на суседа, які, па яе словах, свой двор пераўтварыў «у аўтастаянку і рамонтную майстэрню для цяжкагрузных аўтамабільных фур»: там і рамантуюць машыны, і фарбуюць іх, тым самым перашкаджаючы спакойна жыць суседзям – пастаянны шум, непрыемныя і шкодныя пахі фарбы. Прыходзілі аднойчы супрацоўнікі санэпідэмстанцыі, склалі акт, але пасля гэтага нічога не змянілася. А па законе, пераканана Алена Георгіеўна, ніхто не мае права выконваць такія работы ў жылой зоне. Уладзімір Бялоў даручыў начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерыю Русакевічу разабрацца ў гэтай праблеме і навесці парадак.

Адну выснову, бадай, можна зрабіць пасля завяршэння прыёму. Многія пытанні, з якімі звярталіся людзі да старшыні райвыканкама, можна было вырашаць на значна ніжэйшым узроўні ўладнай вертыкалі.

Вячаслаў БУРДЫКА.

(Visited 9 times, 9 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
8 жніўня старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Да кіраўніка раёна людзі звярталіся з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика