Згадкі пра Васіля Праскурава. 21.by

Згадкі пра Васіля Праскурава

15.08.2018 20:48 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ўсхвалявана пракручваю ў памяці першыя свае крокі ў літаратуру і першыя сустрэчы з тымі майстрамі пяра, хто пакінуў яркі, незабыўны след у маім сэрцы. Першым прыгадаўся Васіль Фёдаравіч Праскураў. Рука міжволі пацягнулася да фотаальбома «Літаратурная Брэстчына», выдадзенага ў далёкім 1978 годзе.


Ведаў: там ёсць Праскураў.

Прабягаюся вачыма па кароценькай даведцы: «Васіль Фёдаравіч – заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў БССР. Сапраўднае сваё прызванне ён знайшоў у няпростым жанры нарыса. Выдаў тры кнігі нарысаў «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі».

Пацяклі, як ручайкі з гаючай крыніцы, шчымлівыя ўспаміны.

Працуючы ўласным карэспандэнтам у рэспубліканскай газеце «Звязда» па Брэсцкай вобласці, часта прыязджаў у Ганцавіцкі раён, дзе і пазнаёміўся з галоўным рэдактарам раённай газеты «Савецкае Палессе».

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Іванаўскім раёне самы час успомніць пра гэтага чалавека.

Васіль Фёдаравіч Праскураў нарадзіўся 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, а пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі жыў і працаваў у Ганцавічах. Спачатку ў гандлі – старшынёй сельпо, а затым кіраваў райспажыўсаюзам.

І вось – раённая газета, наша першая сустрэча ў яго службовым кабінеце.

– Як будзеце ў Ганцавічах, абавязкова заходзьце да нас. Пры неабходнасці дапаможам, чым зможам, – сказаў на развітанне Васіль Фёдаравіч і дадаў:

– Добра, што «Звязда» аб’явіла конкурс на лепшы нарыс. Абавязкова дашлю свой. Людзей добрых у нас шмат… Яны варты таго, каб аб іх ведалі іншыя людзі. Бо чалавек – самае прыгожае, што ёсць на зямлі.

Асабліва сельскі чалавек.

Пасля такіх не толькі ўзнёслых, але і праўдзівых слоў прыемна было знаходзіцца побач з Васілём Праскуравым, гутарыць з ім, дзяліцца самым запаветным.

Знаёмства было прыемным, запомнілася на ўсё жыццё. Справа ў тым, што ў Іванаве, дзе будзе праходзіць неўзабаве Дзень беларускага пісьменства, мне таксама пашчасціла працаваць у газеце «Чырвоная звязда», апублікаваць на яе старонках свае першыя нарысы пра тутэйшых вяскоўцаў. Атрымалася так, што нарыс як адзін з важных газетных жанраў парадніў нас. Праўда, у нас быў розны ўзрост, але гэта не перашкаджала ладзіць нашы творчыя кантакты на адлегласці.

Вось і нарысы Васіля Праскурава вызначаліся сцісласцю зместу, добраю, багатай мовай адоранага талентам творцы, які ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай са зброяй у руках адстаяў сваё права быць вольным і шчаслівым чалавекам. Пра тое ж цяпер, праз шмат гадоў пасля знаёмства, чытаю і ў фотабуклеце «Літаратурная Брэстчына»: «Аўтар умее на канкрэтных прыкладах жыцця сваіх землякоў паказаць духоўнае жыццё савецкага чалавека, яго любоў і адданасць сацыялістычнай Радзіме. Праўда і тое, што героі ў творах Васіля Праскурава часцей за ўсё паказваліся ў працэсе духоўнага росту, які часам бываў няпростым і нялёгкім. У Васіля Фёдаравіча было многа задум, накідаў, і таму верылася, што ён яшчэ не аднойчы парадуе сваіх чытачоў новымі, вельмі патрэбнымі людзям творамі. Аб гэтым ён гаварыў і ў сваім рэдактарскім кабінеце, і ў час паездак па калгасах. Здаралася і такое, калі ён спыняў легкавушку і паказваў прыгожыя мясціны самага каларытнага на Палессі раёна. Гэта яшчэ больш збліжала нас. А таму мае службовыя камандзіроўкі ад рэдакцыі «Звязды» ў Ганцавіцкі раён сталі яшчэ больш частымі і жаданымі, асабліва ў гарачы час сенакосу і жніва. Ужо тады заўважыў, што гэты куточак палескай зямлі вылучаўся сярод іншых казачнасцю тутэйшых мясцін, руплівасцю і душэўнай цеплынёй людзей. Вось і ў нарысе «Сонца ў зеніце» Васіль Праскураў пісаў: «Куды ні глянь – лясы ды балоты. Лясы густыя, таму змрочныя, непраходныя. Скрозь – на дзясяткі кіламетраў – грудкі ды ўпадзіны. На грудках найбольш сасоннік – тонкі, хлёсткі, ды такі густы, што зайцу не прадрацца. Калі верыць паданню, людзі пасяліліся тут больш за паўтараста гадоў таму назад. Упадабалі яны на адным з грудкоў невялічкую паляну, што высілася ў лясных нетрах, відаць, пасля пажару, і паставілі некалькі курных хацін». Цікавы і эпіграф да нарыса – «Жыццё шчаснае – калгаснае. Як дбаеш, так і маеш». Тады ж зразумеў, што Васіль Праскураў быў актыўным прыхільнікам калгасаў, калектыўнай працы вяскоўцаў. У тым жа нарысе «Сонца ў зеніце» ён прызнаецца: «Яно і праўда. Лішняга хлеба тут спрадвек не вадзілася. На пясчузе штогод колас коласа гукаў». Згадзіцеся, такое мог напісаць толькі Васіль Праскураў. А таму і ўважліва чытаў яго нарысы, шмат чаму вучыўся ў яго. Асабліва ўражвала яго назіральнасць, уменне заінтрыгаваць чытача важкім сказам: «Кожны чалавек – тая ж непрачытаная кніга. Розніца, мабыць, у тым, што кніга ад першай да апошняй старонкі ўся перад табою – чытай. А вось чалавек не заўсёды ахвотна раскрывае сваю жыццёвую кнігу, не кожнаму давярае перагортваць старонкі пражытых гадоў» (нарыс «Над Шчарай-ракой»).

На адным дыханні прачытаў у першыя дажджлівыя дні ліпеня ўсе яго чатырнаццаць нарысаў, змешчаных у кнізе «Людзі-суседзі». Вось назвы некаторых з іх – «Аповесць пра шчасце», «Лёс Андрэя Дзенісені», «Вялікая радня», «Дабрата».

Мікола ПАНАСЮК,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі,
пісьменнік-дакументаліст.

(Visited 3 times, 3 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ўсхвалявана пракручваю ў памяці першыя свае крокі ў літаратуру і першыя сустрэчы з тымі майстрамі пяра,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика