Грымяча – пярсцёнак на высокаўскай руцэ. 21.by

Грымяча – пярсцёнак на высокаўскай руцэ

21.08.2018 15:08 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

У дзесяці кіламетрах ад Воўчына, вядомага не толькі славутым Троіцкім касцёлам, адлічваюць стагоддзі аднайменныя вёска і хутар Грымяча.Адметна, што сёння “на хутары” пастаянна жывуць 26 чалавек, а ў вёсцы – восем. Тут сцвярджаюць, што вёска Грымяча з’явілася раней за хутар, які затым быў аблюбаваны з-за ўрадлівай зямлі. Як вядома, яе ўпадабалі і паны…

У пісьмовых крыніцах Грымяча ўпершыню згадваецца ў ХIV стагоддзі, калі з’яўлялася фальваркам і перадавалася па спадчыне. Першымі ўладальнікамі яго былі Ільінічы. А ў 1600-я Грымяча належала Аляксандру Гансеўскаму, які валодаў Воўчынам. У 1708-м Тэрэза Гансеўская выйшла замуж за Казіміра Яна Сапегу, і затым маёнтак часта мяняў уладальнікаў. Пасля Сапегаў Грымяча належала Флемінгам, Чартарыйскім, Панятоўскім і зноў Чартарыйскім… У 1828-м яны прадалі маёнтак Караліне Пуслоўскай, пазней ён належаў Віслоцкім, затым стаў уласнасцю рода Пузынаў, якія ў сярэдзіне 19 ст. стварылі тут дваранскую сядзібу ў стылі класіцызму. У 1897-м у Грымячы было 40 сялянскіх двароў і 299 жыхароў, у 1905-м тут жыло 319 чалавек…
Сядзібна-паркавы ансамбль, дакладней, тое, што ад яго засталося, і сёння ўражвае адчуваннем подыху мінулага.

У палацы – вясковая школа


Кацярына Крук з дачкой Наталляй.

У віхуры гістарычных падзей, што пранесліся над краем (толькі на палях бітваў Вялікай Айчыннай загінулі трыццаць чалавек з Грымячы), былая панская сядзіба ацалела. Пасля вайны тут была адкрыта школа. Спачатку – сямігодка, а калі дзяцей у вёсках стала менш, – пачатковая. Чатыры гады на хутары Грымяча, у палацы былога маёнтка, вучылася і мая суразмоўца Наталля Крук. Яна расказвае:
– Самыя яркія ўражанні дзяцінства пакінуў час вучобы ў той школе. Там усё для нас было незвычайнае: шмат пакояў, якія сталі анфіладай класаў, высокая столь, панская гасцявая зала, пераўтвораная ў школьную актавую… Іменна тут, у самай вялікай зале, стаяла высокая навагодняя ёлка – тое хараство помніцца ўсё жыццё. І пейзажны парк, і сад панскі, хоць і абноўлены, мы яшчэ засталі. У будынку школы-палаца жыла і ся­м’я нашага дырэктара. Летам школа ператваралася ў піянерскі лагер… Але дзяцей у вёсках з часам было ўсё менш, і ўрэшце нават пачаткоўцам прапанавалі вучыцца ў Воўчыне… Але яшчэ колькі гадоў сядзіба была ў парадку. У 1994-м тут нават мастацкі фільм “Наталі” знімалі паводле апавядання Буніна. Я глядзела яго, пазнавала інтэр’­еры; і кафля, і вінтавая чыгунная лесвіца яшчэ былі ва ўсёй прыгажосці…
Былі… На мяжы стагоддзяў ся­дзіба была закінута і паступова разбуралася, хоць фармальна “гаспадароў” мела, і яны не раз гаварылі аб пачатку рэстаўрацыі. Больш за тое, у 2002-м сядзібна-паркавы комплекс Грымяча быў уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аднак і цяпер гаворка ў лепшым выпадку ўсяго толькі аб кансервацыі будынка…

Тут нібы спыніўся час


Перад пачаткам сельскага сходу.

А вёска Грымяча, што здалёк нагадвае сёння суцэльны зялёны востраў з вялізнымі кронамі старых дубоў, пры ўездзе прапануе вырашыць, справа ці злева вас чакае больш адкрыццяў. Бо акурат пасярэдзіне вёскі – развілка, ля якой упрыгожаны крыж-абярэг і імправізаваны “пляц” для сходаў сялян. Направа ад яго – лёгкае паніжэнне рэльефу і зялёная вясковая дарога, шчыльна схопленая росным мурогам; тут толькі тры хаты, над якімі зімою з коміна ўецца дым. Астатнія ажываюць улетку, калі прыязджаюць нашчадкі “на дачу”.
Старшыня сельвыканкама Віктар Паляшчук, які ў той дзень браў удзел у сходзе сялян вёскі, меў намер пазнаёміць нас са старажылам Грымячы – Кацярынай Васільеўнай Крук. На яе падворку ружавее астравок пышных астраў: любімыя кветкі матулі “дорыць” дачка Наташа, мая нядаўняя субяседніца. Яна ж дапамагла “адшукаць” і сваю маці, якая і ў 80 “з гакам” без справы не любіць сядзець. З кошыкам, поўным груш, з’явілася аднекуль з глыбіні старога саду, які ўжо зліўся ў суцэльныя зялёныя шаты з магутнымі векавымі дрэвамі, што раскашуюць на ўрадлівай зямлі.
– Ой, ды я пасля сходу пераапранулася ўжо, непрыгожая, – па-жаночы шчыра казала бабуля, уладкоўваючы сваю ношу на паўразбураны каменны плот. (Складзеныя з каменняў, сабраных са сваіх палёў, такія агароджы спрадвеку сталі тут звыклымі, а сёння – цікавая адметнасць вёскі, бо ацалелыя рэшткі такога плоту, створанага без змацоўваючага раствору, з’яўляюц­ца візітоўкай кожнай старой сядзібы, а то і адзіным сведкам таго, што яна тут колісь была).
Насамрэч Кацярына Васільеўна не па гадах прыгожая сціплым восеньскім абаяннем, уласцівым толькі сялянкам, і ўборы тут ні пры чым. А памяці яе могуць пазайздросціць маладыя. Падзяліўшыся ўражаннямі ад ранішняга сходу аднавяскоўцаў, дзе можна было атрымаць адказы на жыццёвыя пытанні ад прадстаўнікоў мясцовай улады, бабуля нагадала, што яна ў Грымячы з’явілася пасля вайны, – прыйшла сюды замуж. З-пад Олтуша, што на Маларытчыне. У вайну ацалела цудам, бо тройчы была на валаску ад гібелі.
Тое, што зведала і перажыла сямігадовай дзяўчынкай, не адпускае яе ўсё жыццё. Праўда, многае з таго здаецца ўжо жудасным сюжэтам, убачаным у кіно… А жыццё прайшло ў цяжкай працы: шчыравала і ў паляводстве, і на ферме. Муж быў механізатарам. Разам аднаўлялі бацькоўскую хату, гадавалі дачку і сыноў. Працы ў вёсцы заўжды было столькі, што хоць спаць не кладзіся. Аўдавела Васільеўна чатыры гады таму. Але ехаць на зіму да дзяцей у горад рашуча адмаўляецца…
Адзіная вулачка летам нагадвае тут сцежку ў парку. Гаспадарчыя збудаванні па адзін бок ад яе, хаты – па другі. Таму праз вулку і пратаптаная сцяжынка туды, дзе даўно апусцелі і хлеў, і склеп, але па звычцы рукі Кацярыны Васільеўны ўсё знаходзяць сабе там занятак. Вакол, здаецца, спыніўся час. І чамусьці зноў згадваецца Бунін…

Ля калодзежа-жураўля і вечнага плоту


Вольга Гардзіенка і Алена Каргапольцава.

На другім канцы Грымячы, ля адмысловага калодзежа, якіх цяпер мала, сустрэліся з Вольгай Пятроўнай Гардзіенка і Аленай Сцяпанаўнай Каргапольцавай. Карані абедзвюх тут, хоць Вольга нейкі час жыла на Днепрапятроўшчыне, а Алена нарадзі­лася ў Ленінградзе, адкуль яе ў падушцы, як ёй расказвалі, прывезлі ў вёску сваякі – у іхняй сям’і і гадавалася. Грымячу не забывае і цяпер.
Згадваюць, як многа моладзі было тут у час іх юнацтва, у 60-70-я гады. Вясковы клуб вечарамі не пуставаў, а ў дні вяселляў ажно сцены трымцелі ад музыкі і танцаў. Апошняе вяселле ў ім спявала ў 1980-м. Будынак доўга пуставаў і ўрэшце быў разабраны.
Гэтая частка вёскі мае выгляд “жывейшы”, тут некалькі старых хат былі таксама разабраны, некалькі куплены гараджанамі. Кагосьці прыцягвае сюды магчымасць мець сваю агародніну, камусьці добра правесці тут водпуск – Пульва ж недалёка. А зімуюць тут таксама толькі ў трох хатах. Вольга Пятроўна зазначае, што ўзімку дарогу ад снегу чысцяць, аўталаўка з графіку не выбіваецца. Аўтобусны прыпынак ад вёскі ў 150-і метрах, у сераду і нядзелю без праблем можна паехаць у Брэст і Навасёлкі, а вось у Высокае і Каменец – не так зручна, з перасадкай.
Немагчыма не звярнуць увагу на новы калодзежны журавель – доўгі рычаг з суцэльнага дрэва, на якім – почап з вядром. Жанчыны з удзячнасцю кажуць, што абноўка – справа рук Пятра Селівоніка, Сяргея Брышчука і Мікалая Казарэза. Калодзеж даўні, амаль гістарычны, бо, паводле падання, па дарозе ў бок Польшчы спынялася ў Грымячы Кацярына II са світай, каб напіцца вады. Хто ведае, можа, якраз тут… Побач з калодзежам, пад галінастым дубам, зноў навідавоку агароджа з прыроднага матэрыялу, на гэты раз камяні значна большага памеру – была ўжо магчымасць скарыстаць тэхніку, каб даставіць камень з поля для вечнага плоту.
Пацікавілася ў вяскоўцаў: ці не ад таго, што так часта “грымацелі” тут камянямі, атрымалі адпаведныя назвы вёска і хутар? На што пачула яшчэ адзін магчымы варыянт: а раптам, тут так грымела, скажам, музыка, гралі гармонікі?.. Ці верыцца ў гэта?
Нячаста прадаюць тут хаты нашчадкі. Але ж і пакупнік, калі зможа дамовіцца з гаспадаром, ад зносін з тутэйшымі мясцінамі задавальненне будзе мець вялікае.

Галіна НОВІК.
novik14_2017@mail.ru
Фота Міколы ШУМА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзесяці кіламетрах ад Воўчына, вядомага не толькі славутым Троіцкім касцёлам, адлічваюць стагоддзі аднайменныя вёска і хутар Грымяча.Адметна, што... Сообщение...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика