Дзе сабрацца ў школу
23.08.2018
—
Разное
|
Нягледзячы на тое, што на вуліцы яшчэ спякотны жнівень, Дзень ведаў ужо не за гарамі. Бацькі школьнікаў заклапочаны тым, як хутка і без вялікіх страт сабраць дзяцей да новага навучальнага года, разважаюць над тым, дзе лепш купіць для іх канцтавары і адзенне. Асартымент на рынках Гомеля велізарны, прадаўцы прапануюць нам тавары імпартнай і айчыннай вытворчасці. Пытаннем застаецца, ці можна сабраць дзяцей ў школу, нікуды не выязджаючы з Веткі? Раней АСП «Веткаўскае» займалася продажам школьнай формы і канцэлярскіх тавараў, але ў гэтым годзе прадпрыемства вядзе іншую гандлёвую палітыку. Веткаўчане могуць сабраць дзяцей у школу толькі ў прыватных крамах райцэнтра. У самым цэнтры горада магазін “Дыялог-Гомель” прапануе набыць школьную форму і канцтавары ад беларускіх вытворцаў. У краме ёсць усё, каб цалкам сабраць дзяцей да школы. Што тычыцца адзення, беларускія фабрыкі “Купалінка”, “Калінка”, “Мозырская швейная фабрыка”, “Жлобінская швейная фабрыка” прадаставілі шырокі асартымент сваёй прадукцыі. У продажы ёсць усё ад блузкі і спадніцы да кашулі, штаноў, сарафанаў, джэмпера і многага іншага. Аналагічны набор тавараў прапануе прадавец і ў павільёне, што размешчаны ў Еўраопце. Што тычыцца канцэлярскіх тавараў, тут выбар магазінаў больш шырокі. Напрыклад, на вуліцы Батракова, дзе раней было “Бістро”, знаходзіцца невялічкая крама, у якой можна набыць партфель і ўсё у партфель, пачынаючы ад алоўка і заканчваючы дзённікам. Канцтавары тут прадаюцца не толькі перад Днём ведаў, але і круглы год. Асартымент вялікі, і цэны вар’іруюцца ў залежнасці ад прывозу. Таксама за школьнымі прыладамі можна адправіцца ў “Гандлёвы цэнтр”, дзе магчыма ў адным месцы купіць усю патрэбную канцэлярыю па вельмі прымальных цэнах. Нам прапануюць тавары як айчыннай, так і імпартнай вытворчасці. Да Дня ведаў і “Еўраопт” пашырыў паліцы з канцэлярскімі таварамі. Калі звярнуцца да цанавой палітыкі, то прадаўцы стараюцца быць як мага лаяльней да пакупнікоў. Значнага адрознення ў кошце на канцэлярыю няма. Дзесьці танней ручкі, дзесьці сшыткі, але ўвогуле цана «партфеля» атрымліваецца прыблізна аднолькавай. Сабраць дзяцей у школу, не выязджаючы з Веткі, можна, адзінае, чаго не хапае, гэта добрага магазіна з абуткам. Добры, якасны абутак усё-такі давядзецца пашукаць у абласным цэнтры. К. ЧУДУКОВА.
Главная
| Новости
| Газеты
| Бизнес Инфо
| Справки
| Знакомства
| Знакомства2
| Гороскоп
| Анекдоты
|
© 2004-2020 21.by
|