Убрана – 431 га
Намалочана – 1951 тона
Ураджайнасць – 45,3 ц/га
Гэта яскрава відаць на прыкладзе галоўнага інжынера ААТ “Кароцічы” Мікалая Паўлавіча Кудласевіча.
Толькі падумайце: чалавек працуе ў гаспадарцы з 1974 года. Пачынаў паляводам, быў вадзіцелем, загадваў майстэрнямі. І ўжо 27 гадоў адказвае за ўсю тэхніку ў гаспадарцы.
Такога адказнага чалавека як Мікалай Паўлавіч трэба яшчэ пашукаць. Бо ён упэўнены, што лепш сто раз пераправерыць, чым потым шукаць вінаватых. Так лічыў яго бацька Павел Адамавіч, які быў брыгадзірам паляводчай брыгады. Ганарыліся дзеці ім – з Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве прывёз залаты і бронзавы медалі. За сваю работу атрымаў вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду СССР – ордэн Леніна і ордэн “Знак Пашаны”. Былы франтавік, ён навучыў сваіх дзяцей заўсёды быць чэснымі як перад сабой, так і перад людзьмі.
Дырэктар ААТ «Кароцічы» Васіль Пятровіч Кудласевіч жартуе: “Мы без яго, як без рук, таму і не адпускаем на пенсію”.
Літаральна па кроках пайшоў і сын Мікалая Паўлавіча – Павел. Таксама скончыў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і зараз загадчык майстэрань і аўтамеханік. Гэта дома яны сям’я, а на рабоце – калегі. Разам адказваюць за ўсю тэхніку. Малодшы сын Мікалай узначальвае ідэалагічны аддзел у Лельчыцкім раёне. Падарыў бацькам двух унукаў, якія часта завітваюць да бабулі з дзядулем.
Аляксандр Сяргеевіч Любіч у ААТ “Кароцічы” працуе галоўным аграномам тры гады. Юнак родам з Плотніцы, сюды трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Вучыцца працягвае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі ў Горках.
– Адкуль такая любоў да зямлі? – пытаю ў Аляксандра.
– З дзяцінства. Мне гэта па душы. Нас часта браў з сабой на поле мой дзядзька Анатоль Васільевіч Бокша, які ўзначальвае КСУП “Прыпяць-2009”. Ён мне паказаў прыгажосць гэтай прафесіі. Не хаваю, спачатку было вельмі складана. Новая гаспадарка, новыя людзі, але з часам прызвычаіўся.
Бачым, прафесія можа перадавацца ў спадчыну. І вельмі добра, што ў нашым раёне ёсць такія людзі, якія могуць навучыць наступнае пакаленне паважаць і любіць зямлю.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара