Кацялок і вёдры, сякера і піла, запрэжаны конь, падпаленая калода. Усё гэта атрыбуты раённага конкурсу “Уладар сяла”, які прайшоў у чацвер, 23 жніўня.
Спаборніцтва для дружных і актыўных сельскіх сем’яў штогод мяняе адрас. Сёлета конкурснай пляцоўкай стаў аграгарадок Язна. Удзельнікаў падтрымлівалі родныя, сябры, кіраўніцтва сельсаветаў. У будні дзень гледачоў і балельшчыкаў сабралася нямала.
ДА ПАЧАТКУ конкурсу ёсць час пагутарыць з удзельнікамі. Юрый і Таццяна Пазікі з Язна. У лютым адзначылі дзясятую гадавіну сумеснага жыцця. У іх утульны дом і вялікая сям’я.
— Старэйшы сын Ілья пойдзе ў чацвёрты клас, Ваня — у трэці. Дачушцы Дзіяне пяць год, самай малодшай Аляксандры — два, — расказвае маці.— Мы рады, што ў нас чацвёра дзяцей. Паміж імі дружба і згода. Падтрымліваем сыноў і дачушак на мерапрыемствах і конкурсах у школе і садку. Удзельнічаем разам з імі.
На “Уладары сяла” Юрый і Таццяна ў трэці раз. На мінулых спаборніцтвах былі лепшымі ў намінацыях “Самая спартыўная сям’я”, “Самая гаспадарлівая і працавітая сям’я”. Да чарговага конкурсу ўсе разам рыхтаваліся некалькі дзён. Рэпеціравалі візітку, прадумвалі афармленне стала, гатавалі стравы.
З другога канца Міёршчыны прыехала сям’я Сушко. Аляксандр і Вікторыя жывуць у вёсцы Міёркі-2 Перабродскага сельсавета. У красавіку іх сямейнаму саюзу споўнілася сем год. Удзельнічаюць у конкурсе другі раз. Дэбют адбыўся два гады таму. Тады сталі пераможцамі. За гэты час сям’я павялічылася.
— У нас трое дзетак. Малодшаму Дзяніску ідзе другі год. Максіму — чатыры, дачушцы Соні — шэсць. Старэйшыя ходзяць у дзіцячы садок,—гаворыць Вікторыя. — Прыехалі на конкурс з сябрам нашай сям’і Валянцінай Панцялееўнай. Гэта яшчэ адна бабуля для нашых дзяцей. Усяго ў іх па двое дзядуль і бабуль, чатыры прабабулі і адзін прадзядуля. Яму нядаўна споўнілася 90 год. Калі тэлефанавала віншаваць з юбілеем і запыталася, чым займаецца, адказаў: “Кашу траву, каб было дзе праўнукам пабегаць”.
Жыве сям’я Сушко ва ўласным доме. Даглядаюць агарод і цяпліцы, трымаюць птушку. Свой ураджай гаспадыня кансервуе на зіму. У склепе за трыста слоікаў з кампотамі, варэннямі, салянкамі.
УДЗЕЛЬНІКАЎ і гледачоў запрашаюць у глядзельную залу Язненскага СДК. Свята-конкурс пачынаецца.
У прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак заўважыла, што на Міёршчыне шмат дружных, працавітых, цікавых сем’яў, дзе выхоўваюцца цудоўныя дзеці. Для такіх і праводзіцца спаборніцтва, якое яшчэ больш раскрывае сямейныя таленты і згуртоўвае бацькоў і дзяцей. Словы ўдзячнасці Таццяна Алегаўна выказала канкурсантам, арганізатарам, кіраўнікам раённых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, якія падтрымалі мерапрыемства.
Творча і дружна прадставілі сябе ўдзельнікі на конкурсе візітак. Формы выбралі розныя — вершы, песні, музычныя інсцэніроўкі. Фотапрэзентацыі ўпэўнілі журы і гледачоў у тым, што ў сем’ях любяць працаваць, клапоцяцца пра добраўпарадкаванне сядзіб, умеюць адпачываць актыўна і з карысцю.
Кулінарныя здольнасці гаспадынь ацанілі падчас дэгустацыі страў на шчодра і прывабна накрытых сямейных сталах. У меню запечаная рыба, бульба з курыцай пад сырам, бутэрброды, піражкі, салодкая выпечка, кампоты.
Падсілкаваўшыся, скіраваліся на пляцоўку Язненскага лясніцтва, што непадалёку ад СДК. Тут чакалі адказныя і напружаныя этапы — эстафета з прадметамі сельскага побыту, распілоўка дроў, прыгатаванне дранікаў на калодзе. З цікавасцю назіралі, як канкурсанты распрагаюць і запрагаюць каня. Майстар-клас правёў гаспадар кабылы Аўгусціны Васіль Пятровіч Каўрэцкі з вёскі Карасі Язненскага сельсавета. Затым сачыў за дзеяннямі ўдзельнікаў і ўказваў на памылкі.
Кожнае спаборніцтва замяралі секундамерам. Напрыклад, часавы інтэрвал у распілоўцы дроў — ад 2 хвілін 9 секунд да 3 хвілін 10 секунд. Пасеклі дровы і склалі ў кладку хутчэй — 43 секунды.
— Пілаваць дровы складана. Такі інструмент трымаць у руках не даводзілася, — дзеліцца ўражаннямі Вікторыя Сушко. — Дранікі пячы на прыродзе звыкла. Часта ладзім сямейны адпачынак на свежым паветры. Варым юшку, смажым шашлыкі.
АТМАСФЕРА спаборніцтва атрымалася добразычлівай, пазітыўнай і ўтульнай. Нотак творчасці дадалі супрацоўнікі Язненскага СДК і самадзейныя артысты. Пакуль журы падводзіла вынікі, выканаўцы з душой спявалі са сцэны. З сольнымі нумарамі і ў дуэце выступалі Міхаіл Карпаў, Уладзімір Каханчык, Вольга Александроўская, Валянціна Быкава, Анатоль Дубоўскі. “Калі ўся сям’я разам — душа на месцы”, — заўважыла вядучая канцэрта Ларыса Карпава.
А калі ўся сям’я ў пераможцах — душа спявае. Па рашэнні журы, званне “Уладар сяла-2018” атрымала сям’я Пазік з Язна. Мяркуючы па гучных апладысментах, гледачы з ацэнкай згодны. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.