Актыўнымі тэмпамі вядуць палявыя работы працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Зусім нядаўна асноўная ўвага ў гаспадарцы была накіравана на жніво. Прайшло яно зладжана, арганізавана, усё вырашчанае ўдалося сабраць у сціслыя тэрміны. Намалочана 1700 тон пры сярэдняй ураджайнасці 23,5 ц/га. Больш за ўсіх збожжа намалаціў экіпаж у саставе Сяргей Юхнаўца і Сяргея Цыбульскага. І ўжо думкі чыгірынцаў нацэлены на будучы ўраджай. Наогул канвеер сельгасработ не спыняецца: на парадку дня — азімая сяўба, нарыхтоўка кармоў для грамадскага пагалоўя і шэраг іншых клопатаў.
Напрыканцы мінулага тыдня мы пабывалі на палях “Чыгірынкі”. На адно з іх — каля Борак — вывеў магутны “Беларус”-3022 з с пасяўным агрэгатам АКПМ-6 Сяргей Фірагін. Механізатар вопытны, адказны, выдатна спраўляецца з любым відам работ. Не адзін сезон з лепшага боку праяўляў сябе і на сяўбе, таму ў кіраўніцтва гаспадаркі сумненняў у якасці выканананых ім заданняў не ўзнікае.
Як нам расказаў аграном сельгасфіліяла Юрый Смятана, азімымі плануецца засеяць 1100 га. У збожжавай групе жыта зойме 500 га, трыцікале — 300 га. Яшчэ на 300 га будзе размешчана жытнёва-вікавая сумесь, якая пойдзе ў наступным годзе на зялёны корм жывёле.
Юрый Уладзіміравіч адзначыў, што ўсе палявыя работы праводзяцца з захаваннем тэхналогій. Сяўбе папярэднічае ворыва. Тут задзейнічаны цэлы атрад з чатырох трактароў. Поплеч працуюць на іх як вопытныя, так і маладыя механізатары, якія пераймаюць прыклад стараннасці ў сваіх старэйшых таварышаў. Віктар Фіткевіч, да прыкладу, не так даўно працуе ў сельгасфіліяле, але многаму навучыўся ў калегі па мехцэху Вадзіма Жаўлакова. Не менш якасна ўзворваюць глебу пад азімыя Анатоль Кузьмін і Віктар Іванчыкаў.
Важны момант для атрымання будучага ўраджаю адводзіцца ўнясенню мінеральных угнаенняў. Падкармліваюць глебу фосфарнымі хімпрэпаратамі Мікалай Казакоў і Віктар Данцоў.
Пад пільнай увагай знаходзіцца працэс нарыхтоўкі кармоў для грамадскага статка. Скашвае травы другога ўкосу Мікалай Бабіцкі. З прэс-падборшчыкамі старанна працуюць Леанід Іванчыкаў і Уладзімір Бабіцкі. Згодна плана чыгірынцам патрэбна закласці яшчэ адну сянажную траншэю. Але ў гаспадарцы лічаць, што лішніх кармоў не бывае, таму імкнуцца назапасіць іх як мага больш, не абмяжоўваючыся планамі.
Дарэчы, з першага вераснёўскага для ў “Чыгірынцы” плануюць распачаць чарговы этап корманарыхтоўкі — масавую ўборку кукурузы на сілас. Планы на “каралеву палёў” значныя, ураджай чакаецца неблагі. Ну, а ў работніках, якія будуць заняты ў працэсе, у іх добрасумленнасці кіраўніцтва ўпэўнена на сто працэнтаў!
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
На здымках: на ворыве старанна працуюць Віктар Фіткевіч і Вадзім Жаўлакоў; мінеральныя ўгнаенні ўносіць Віктар Данцоў.