ЖНІВЕНЬСКАЯ НАРАДА: Час выбраў нас. 21.by

ЖНІВЕНЬСКАЯ НАРАДА: Час выбраў нас

31.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

IMG_2856

Педагогі Століншчыны паставілі задачы на навучальны год 29 жніўня прайшла жнівеньская пленарная нарада педагагічных работнікаў раёна “Выхаванне і адукацыя падрастаючага пакалення: вопыт, праблемы, перспектывы”. На яе сабраліся работнікі навучальных устаноў Століншчыны, каб падвесці вынікі, паставіць задачы на новы навучальны год, абмеркаваць найбольш важныя і набалелыя праблемы.

…Пляцоўка перад гарадскім Домам культуры ператварылася ў месца для пленэру мастакоў і выстаўку напрацовак дзіцячых садоў. Навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці працавалі за мальбертамі.IMG_2864
 У фае Дома культуры разгарнуліся выстаўкі як перадавога вопыту педагогаў, так і работ настаўнікаў, прысвечаных Году малой радзімы. Уражвалі букеты з агародніны і садавіны, выкладзеная карта Беларусі, на якой на месцы Столінскага раёна размясцілася сэрца, сцяг Беларусі з кветак, інсталяцыі беларускіх палеткаў, абшараў, вырабы прыкладнога мастацтва, беларуская хатка. Адведзена месца і канкрэтным навукам. Настаўнікі інфарматыкі, фізікі і хіміі прэзентавалі сваю дзейнасць. 

…І вось гучыць вальс “Время выбрало вас – учительский вальс не кончается вечно”. Хлопцы і дзяўчаты ў бальных сукенках закружылі ў ім, паказваючы ўзнёсласць і важнасць работы педагога, яго адказнасць за лёс будучага пакалення.IMG_2826

З замілаваннем слухала зала сёлетніх першакласнікаў, якія ў забаўнай форме перадалі свае думкі наконт навучання, настаўнікаў, школьнага жыцця. Дзіцячая непасрэднасць нікога не пакінула раўнадушным:

– Навошта настаўнікам кветкі?

– Каб яны думалі, што ў іх свята….

Святочны настрой створаны, але нарада – гэта час гаварыць пра важнае. У сваім дакладзе начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка звярнуў увагу на асноўныя дасягненні і праблемы ў сістэме.

Актуальныя пытанні развіцця адукацыі ў нашай краіне на наступны навучальны год былі вызначаны на рэспубліканскай пленарнай нарадзе. На ёй Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падкрэсліў, што педагогі павінны “ісці ад жыцця, вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё”.IMG_2845

Асноўныя намаганні аддзела па адукацыі ў мінулым годзе былі накіраваны на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання сферы, стварэнне бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі, падрыхтоўку мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы.

Выхаваўчая работа ў раёне выконвалася ў рамках Комплекснай праграмы няспыннага выхавання дзяцей і навучэнцаў. Гэтая праграма адзначана ў вобласці дыпломам І ступені.

Вялікая работа ў сістэме адукацыі праводзіцца з грамадскімі арганізацыямі. Асабліва цесна склаліся адносіны з БРСМ і БРПА. Валанцёрскі рух працягвае назапашаныя традыцыі і ідзе ў нагу з часам. Шэраг перамог нашых вучняў, пастаянны ўдзел у самых розных мерапрыемствах ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню гавораць, што гэтая работа падабаецца дзецям, што яны зацікаўлены.IMG_2784

Разам з фарміраваннем навыкаў здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі наладжана работа і па аздараўленні дзяцей. У мінулым годзе аздароўлена 83 працэнты дзяцей ад агульнай колькасці.

Ёсць значныя перамогі ў алімпіядным руху на рэспубліканскім узроўні. Але ні ў якім разе на гэтым спыняцца нельга, бо ў цэлым колькасць дзяцей, якія даходзяць да абласнога этапу, можна павялічыць менавіта якасцю ведаў.IMG_2873

Ёсць  дзе працаваць у напрамку падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Хаця і ёсць зрух з перадапошняга месца ў разрэзе ўсіх раёнаў Брэстчыны, але гэты паказчык патрэбна паляпшаць. Таму вырашэнне праблемы бачаць у адкрыцці на базе кожнай з сярэдніх школ груп па падрыхтоўцы да ЦТ як праз выкарыстанне факультатыўных заняткаў, так і праз платныя адукацыйныя паслугі.IMG_2949

Што да адукацыі педагагічных работнікаў, то 94,8 працэнта маюць вышэйшую, але толькі адзінкі ідуць на здачу вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Дырэктар Стружскай СШ Міхаіл Рыгоравіч Дзенісовіч у сваім выступленні спыніўся на развіцці прафесійнага майстэрства як рэсурсу павышэння якасці адукацыі. Ён гаварыў аб ролі сучаснага настаўніка, яго задачах. З пункту гледжання кіраўніка адзначыў, што ва ўстанове патрэбна стварыць умовы, у якіх настаўнік адчуе неабходнасць росту. У Стружскай школе працуе праект “Інавацыя”, у рамках якога задзейнічаны настаўнікі школы. Новая мадэль – дзейсны інструмент для павышэння якасці адукацыі, прафесійнага росту педагогаў.

Поспех у школе – гэта не заўжды поспех за яе сценамі, у дарослым жыцці. Пра гэта гаварыла намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 3 г. Століна Наталія Васільеўна Савончык. У школе стварылі мадэль кампетэнтнага вучня. Пакаленне Z мае пэўныя адметнасці, якія проста немагчыма не ўлічваць у выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Гэтаму і ўдзяляюць значную ўвагу ў школе.

У рамках Года малой радзімы на Століншчыне прайшло шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Сярод іх інавацыйны праект “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродак развіцця сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі навучэнцаў”, які рэалізаваны на базе Лядзецкага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад  СШ, СШ № 2 г. Давыд-Гарадка і Рамельскай СШ. Тры гады калектывы школ працавалі па ім. Справаздачу аб праекце трымалі дырэктары і педагогі школы, а таксама вучні.

Грунтоўным і змястоўным было выступленне старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага. Ён пачаў з падзякі работнікам навучальна-метадычнага кабінета, якія з году ў год на цудоўным узроўні арганізуюць пленарную нараду, улічваючы ўсе нюансы сістэмы адукацыі Століншчыны.

– Калі ў сістэме працуюць нераўнадушныя, творчыя людзі, то сістэма развіваецца, ідзе ў нагу з часам, — адзначыў старшыня. – Самае дарагое, што ёсць у нас, – гэта нашы дзеці, самае каштоўнае – іх здароўе.

Таму гэта ў прыярытэце не толькі сістэмы адукацыі, а і кіраўніцтва раёна. Важна, каб дарослыя з-за сваёй няўважлівасці не згубілі, а змаглі ўбачыць зерне таленту дзіцяці.

Галоўная задача сістэмы адукацыі – даць веды. Гэта зараз на плечы школ, дзіцячых садкоў перакладаецца адказнасць і за выхаванне. Але выхаванне ў першую чаргу павінна быць адказнасцю бацькоў.

Тыя дасягненні, якія ўжо ёсць, – у скарбніцы сістэмы. А вось да недапрацовак трэба падыходзіць больш пільна. Тое, што па выніках ЦТ раён знаходзіцца на 17 пазіцыі, засмучае. Сярэдні бал атэстата 7,6 – гэта таксама пункт для роздуму. 35 працэнтаў дзяцей паступаюць у ВНУ – добра ці дрэнна?

Гаварыў старшыня аб тым, што настаўнікі падымаюць пытанне падняцця заработнай платы, але самі не імкнуцца да гэтага. Не здаюць экзамен на павышэнне той жа катэгорыі, а гэта хоць і не вялікая, але ўсё ж надбаўка.

Прыкладна 50 працэнтаў раённага бюджэту ідзе на фінансаванне сістэмы адукацыі. Калі лагічна меркаваць, то той, хто фінансуе, – можа і спытаць: наколькі граматна размяркоўваюцца гэтыя сродкі?

Рыгор Васільевіч задаў шмат вострых пытанняў, папрасіў настаўнікаў уключацца ў працэс, думаць і вырашаць разам.

Між тым паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць вырашаць набалелыя пытанні. Зараз дзве ўстановы адукацыі маюць праблему з дахам. Есць пытанні па камп’ютарных класах, дзе стаіць абсталяванне, якому ўжо больш за 10 гадоў. Гэтыя і многія іншыя праблемы знаходзяцца пад пільным кантролем кіраўніцтва раёна.

Закончыў сваё выступленне старшыня віншаваннямі і ўзнагародай лепшых педагогаў Століншчыны.

Ганаровыя граматы і падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў настаўнікам уручыў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч.

Граматамі ўпраўлення па адукацыі, аддзела па адукацыі лепшых з лепшых узнагародзіў Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. Ад імя Столінскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі віншаваў старшыня арганізацыі Анатоль Капітонавіч Максімовіч.

Па традыцыі віталі і кіраўнікоў устаноў, якія не адзін год стаялі ля руля педагагічнага працэсу. Гэта цяпер ужо былыя дырэктар Альпенскай БШ Валянціна Мікалаеўна Кананчук і загадчык Веляміцкага ясляў-сада Вера Іванаўна Бруцкая.

Цудоўнай была і святочная праграма, якую падрыхтавалі педагогі. Музычныя нумары выканалі Дзіяна Рудзяк, Наталія Кананчук, Сняжана Кісель, Ганна Котка, ансамбль СШ № 3 г. Століна пад кіраўніцтвам Анжалікі Калавур.

Цяпер для педагогаў настаў важны і адказны час. Ужо заўтра пачынаецца новы этап у жыцці ўсіх устаноў адукацыі. І ён павінен прынесці максімум ведаў, карысці, стаць паспяховым для нашых дзяцей.

Таццяна СЕГЕН

Фота  аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Педагогі Століншчыны паставілі задачы на навучальны год 29 жніўня прайшла жнівеньская пленарная нарада педагагічных работнікаў раёна “Выхаванне і адукацыя
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика