1 верасня – свята для кожнага педагога. А для Надзеі Уладзіміраўны Бежко, ветэрана педагагічнай працы, настаўніцы матэматыкі з больш чым трыццацігадовым стажам, яно яшчэ і двайное. Бо 1 верасня жанчына адзначае дзень нараджэння. Сёлета гераіні нашага матэрыялу спаўняецца 91 год.
Дом Надзеі Уладзіміраўны стаіць ля вялікай дарогі. Кудысьці мчацца машыны, спяшаюцца людзі. За плячыма настаўніцы такі ж доўгі шлях – з імклівымі падзеямі і нечаканымі сустрэчамі, віражамі, паваротамі ды скрыжаваннямі. Але куды б ні прыводзіла дарога Надзею Уладзіміраўну, усюды жанчына застаецца вернай сабе.
Вось і падчас размовы яна распавядае пра самыя складаныя выпрабаванні лёсу з добрай усмешкай, спакойна і разважліва. Мабыць, як матэматык Надзея Уладзіміраўна прывыкла вырашаць ураўненні любой складанасці і знаходзіць такія варыянты ў абставінах жыцця, пры якіх значэнні дзвюх зададзеных “функцый” – гора і радасці, падзенняў і ўзлётаў, страт і здабыткаў – будуць ураўнаважаны.
Нарадзілася будучы педагог ў 1927 годзе ў Турцы ў сям’і працавітых, гаспадарлівых і добрасумленных людзей. Напачатку наведвала польскую школу, дзе настаўнікі адразу заўважылі прыхільнасць дзяўчынкі да свету лічбаў. Але Вялікая Айчынная вайна на тры гады адлучыла Надзею Уладзіміраўну ад вучобы і пакінула глыбокі след у сэрцы.
Нават калі прыйшоў доўгачаканы Дзень Перамогі, лягчэй жыццё не стала. Нечакана памёр бацька, але маці зрабіла ўсё магчымае, каб даць дзецям адукацыю. І Надзея Уладзіміраўна пайшла вучыцца ў Мірскую школу, паспяхова яе скончыла, паступіла на фізіка-матэматычны факультэт БДУ. А тым часам лёс ужо падрыхтаваў новае выпрабаванне – на гэты раз хваробай. Прыйшлося вярнуцца дахаты і цэлы год лячыцца. Крыху акрыяўшы, па парадзе сяброўкі, Надзея Уладзіміраўна звярнулася да мясцовых уладаў і ў хуткім часе ўжо выкладала матэматыку ў Лядкаўскай школе. Адбылася вырашальная ў прафесійным жыцці падзея ў 1948 годзе.
Як быццам гэта было зусім нядаўна, добра памятае жанчына і першую педагагічную канферэнцыю, дзе яна, учарашняя вучаніца, сядзела побач са сваімі настаўнікамі Віктарам Раманавічам Юр’евым і Марыяй Васільеўнай Чыжык, хвалявалася, адчувала сябе няёмка. Але ж старэйшыя калегі дапамаглі маладой настаўніцы адшукаць упэўненасць і заняць сваё месца ў сістэме адукацыі. Першы ўрок таксама стаў выпрабаваннем. Надзея Уладзіміраўна доўга не магла прывыкнуць, што да яе звяртаюцца на “вы” ды яшчэ называюць імя па бацьку. Прайшоў некаторы час, зніклі страхі, малады педагог паступіла ў Мінск у інстытут на завочнае навучанне, а пасля года працы ў Лядках яе накіравалі ў Ярэміцкую школу.
Там яна плённа адпрацавала тры гады ды яшчэ паспела сустрэць будучага мужа – Валерыя Ільіча Бежко – першага хлопца на вёсцы, высокага, прыгожага ды станістага, да таго ж, сакратара ў палітаддзеле рэдакцыі газеты пры машынна-трактарнай станцыі. Адзін пра аднаго маладыя людзі чулі даўно, а пазнаёміліся выпадкова ў дарозе з Міра ў Турэц. Потым яны сустрэліся на дні нараджэнні ў агульных сяброў. Там Валерый Ільіч узяў за руку Надзею Уладзіміраўну і ўжо не адпускаў больш да апошняга дня свайго жыцця.
Каб быць побач з каханай, мужчына нават змяніў прафесію і стаў настаўнікам, скончыўшы завочна філалагічны факультэт БДУ. Маладую пару хутка заўважылі і перавялі ў 1952 годзе ў Мірскую школу, дзе Надзея Уладзіміраўна і адпрацавала да самай пенсіі ў 1981 годзе. За гэтыя гады муж і жонка сталі неад’емнай часткай педагагічнага калектыву. Таленавітыя, адданыя прафесіі, тактоўныя ў адносінах да калегаў і справядлівыя да вучняў, яны ў кожнага выклікалі пачуццё глыбокай павагі.
А дома з любоўю і пяшчотай пара выхоўвала сына Аляксандра і дачку Таццяну. Дзеці педагагічную дынастыю не прадоўжылі, але абодва атрымалі запатрабаваную і важную прафесію інжынера.
Знаходзілі Надзея Уладзіміраўна і Валерый Ільіч час і для любімых заняткаў. Пакуль муж прафесійна займаўся фатаграфіяй, жонка аж 20 год спявала ў хоры пад кіраўніцтвам сваёй калегі, таксама настаўніцы матэматыкі, Ліліі Міхайлаўны Лісіцы.
Заўжды знаходзіла жанчына час і для хатніх спраў, бо з дзяцінства прывыкла шмат працаваць на зямлі. Нават зараз, у 91 год, Надзея Уладзіміраўна, маючы 4 унукаў і 3 праўнукаў, стараецца пасадзіць хоць маленькі агародчык ды кветнік. А на пытанне, ці адпачывае настаўніца хаця б ў свой дзень нараджэння, мы атрымалі нечаканы адказ.
Аказалася, што, калі Надзея Уладзіміраўна працавала ў школе, 1 верасня для яе быў, у асноўным, Днём ведаў. І толькі з выхадам на пенсію, яна пачала крыху спраўляць і сваё асабістае свята. Такая вось Надзея Уладзіміраўна – добрая, руплівая, прыгожая, светлая і шчырая жанчына, любімая маці і бабуля ды выдатны педагог, які ў кожным дзіцяці бачыў патэнцыял і вялікую будучыню.
Мы жадаем нашай гераіні здароўя і доўгіх гадоў жыцця, каб на сэрцы заўжды было лагодна і суцішна, дабра, сіл і самых шчаслівых імгненняў!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіву Надзеі Бежко