Мой родны кут (сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік”
05.09.2018
—
Разное
|
Вандроўка першая. Парэчча (Працяг. Пачатак у №№30-33, 35) Навошта нам у раённую бальніцу? У нас свае дактары ёсць… Як мы ўжо адзначалі ў папярэдніх артыкулах, звяртаючыся да гісторыі вёскі Парэчча, яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя “слабым” месцам з’яўлялася аказанне ўрачэбнай дапамогі. Тут атрымаць яе было проста-напраста немагчыма, бо медыцынскія ўстановы размяшчаліся сама бліжэй у Рудабелцы і Забалацці, і дабрацца да іх любому парачаніну даводзілася з цяжкасцямі з улікам тагачаснага бездарожжа. Вось і невыпадкова, як сведчаць статыстычныя дакументы таго часу, у гэтым глухім палескім кутку адзначалася вельмі вялікая смяротнасць насельніцтва, асабліва дзіцячага – па апошняму паказчыку была самай высокай у Мінскай губерні. І толькі з надыходам і умацаваннем Савецкай улады адбыліся значныя зрухі да лепшага ў медыцынскай галіне Рудабельшчыны, у тым ліку і ў зарэчнай зоне, уключаючы Парэчча. Хаця, дакладней сказаць, мясцовыя жыхары змаглі спаўна карыстацца паслугамі кваліфікаваных медыкаў, не выязджаючы за межы свайго буйнога населенага пункта, толькі ў пасляваенны час. Так, у вёсцы над Пціччу ўжо нават не проста фельчарска-акушэрскі пункт, а адразу сельская ўрачэбная амбулаторыя адчыніла свае дзверы ў 1945 годзе. Першым яе загадчыкам быў прызначаны мясцовы ўраджэнец Міхаіл Арцёмавіч Маркавец, былы партызанскі і франтавы медык, які яшчэ ў 1939 годзе скончыў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу, меў добрую практыку, у тым ліку і адміністрацыйную – менавіта яму было даверана ўзначаліць Акцябрскую раённую бальніцу, адноўленую адразу пасля вызвалення Рудабельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944-га. Надзейнымі памочнікамі і паплечнікамі загадчыка ва ўсіх справах, звязаных з медыцынскай дзейнасцю ў Парэччы і навакольных вёсках, з’яўляліся таксама ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, медработнікі Марыя Фамінічна Маркавец і Кацярына Антонаўна Немцава. Акцябрычане розных пакаленняў і сёння захоўваюць добрую памяць аб высокакласным спецыялісту і душэўным чалавеку Міхаілу Канстанцінавічу Сарагаўцу, які доўгі час працаваў урачом рэнтгенолагам і дэрмавенеролагам у раённай бальніцы. Але зусім нямногія ведаюць, што ён у 1958 годзе, тады яшчэ зусім малады доктар, стаў першым кіраўніком толькі што створанай на базе вышэйназванай амбулаторыі Парэцкай участковай бальніцы і за 3 гады свайго загадвання здолеў узняць яе работу на належны ўзровень. Працы ж мясцовым медыкам на той час хапала. Узяць хаця б радзільнае аддзяленне, якое дзейнічала тады пры Парэцкай участковай бальніцы: толькі ў тым жа 1958 годзе акушэрцы Марыі Маркавец давялося прыняць ад мясцовых парадзіх ажно 120 нованароджаных парачан, якія сёлета, дарэчы, ужо 60-гадовыя юбіляры, жывуць хто на малой радзіме, а большасць – далёка за яе межамі. Што значыла ў свой час сельская ўчастковая бальніца для здароўя і жыцця канкрэтнага чалавека, можна ўпэўніцца на канкрэтным прыкладзе. Так, у весну далёкага ўжо 1976 года Парэчча апынулася ў эпіцэнтры выпадковай неардынарнай падзеі. У час вучэбна-трэніровачнага палёту пачаў даваць збой матор самалёта савецкіх ВВС якраз над гэтай мясцовасцю. Ваенны лётчык па прозвішчу Пятрэнка здолеў перадухіліць катастрофу і пасадзіў баявую машыну на саўгасным полі. Прызямленне прайшло няўдала, самалёт быў пашкоджаны, а пілот траўміраваны. Хто ведае, змог бы ён тады выжыць, каб не персанал Парэцкай бальніцы, куды спачатку даставілі пацярпелага і дзе аказалі яму неабходную медыцынскую дапамогу, зняўшы пагрозу для жыцця. Між іншым, пра гэты факт нейкім чынам даведалася замежная разведка, а інфармацыя была агучана ў забароненым тады для масавага слухача радыё “Голас Амерыкі”, з перадачамі якога цікаўныя знаёміліся, як кажуць, нелегальна (нашымі сродкамі масавай інфармацыі гэтая падзея па ідэалагічных прынцыпах таго часу была, зразумела, замоўчана). А так за час работы ў вёсцы Парэчча сельскай участковай бальніцы на рахунку яе персанала розных пакаленняў шмат добрых высакародных спраў па ахове здароўя і нават вяртання да жыцця з самых небяспечных сітуацый сваіх землякоў. Па сутнасці, доўгі час бальнічная ўстанова, якая з пачатку 80-х месціцца ў сучасным двухпавярховым будынку, лічылася візітнай карткай цяперашняга аграгарадка, на сённяшні дзень яна мае статут сельскай урачэбнай амбулаторыі, і ў стацыянары ўжо не паляжыш, як некалі, аб чым з настальгіяй успамінаюць у першую чаргу пажылыя вяскоўцы. Аднак любому, хто прыхварэў, тут па-ранейшаму акажуць кваліфікаваную дапамогу, уключаючы і стаматалагічную, чым здаўна славілася парэцкая ўстанова аховы здароўя. Таму што тыя багатыя добрыя традыцыі, закладзеныя пры былых галоўрачах апошніх дзесяцігоддзяў Любові Васільеўны Касянковай, Галіне Андрэеўне Мамзяковай (ураджэнкі, дарэчы, крымскага курорта Алушты, якая знайшла ў Парэччы другую радзіму і на працягу больш 15 гадоў паспяхова сумяшчала пасады загадчыцы і зубнога ўрача да свайго выхаду на пенсію) і сённяшняга кіраўніка, паважанага ўсімі доктара Дануты Мечыславаўны Астапавай, якая знаходзіцца “у руля” установы ўжо 32 гады, жывыя і маюць свой дастойны працяг, нягледзячы на ўсе перепетыі часу. Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”, Юрый Каспяровіч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вандроўка першая. Парэчча (Працяг. Пачатак у №№30-33, 35) Навошта нам у раённую бальніцу? У нас свае дактары ёсць… Як мы ўжо адзначалі ў папярэдніх артыкулах,...
|
|