Акцыя “Увага – дзеці!”, якая праводзіцца з 25 жніўня па 5 верасня, завяршаецца. Прысвечана гэтае мерапрыемства заканчэнню летніх канікул і пачатку новага навучальнага года. У сувязі з гэтым дзяржаўная аўтаінспекцыя заклікае кожнага вадзіцеля ўключыць бліжняе святло фараў ці дзённыя хадавыя агні.
Трэба адзначыць, што такая акцыя праводзіцца ў краіне не ўпершыню, але, нягледзячы на гэта, парушальнікаў у Карэліцкім раёне менш не становіцца.
– Часам адбываецца так, што ў першыя дні акцыі вадзіцелі ўвогуле пра яе не ведаюць, хоць інфармацыя і транслюецца праз усе СМІ, – расказвае інспектар ДПС Яўгеній Аляксандравіч Шавейка. – Тады мы ўваходзім у становішча і на першы раз проста выносім папярэджанне. Усе мы людзі, і, сапраўды, часам патрэбную інфармацыю можна не пачуць і не заўважыць. Але, калі падобнае адбываецца на трэці ці пяты дзень, – выбачайце, прыйдзецца заплаціць штраф.
Дарэчы, 31 жніўня падчас сумеснага рэйда журналіста газеты “Полымя” і дзяржаўтаінспектара развітацца са сваімі грашыма прыйшлося пяці жыхарам раёна. Усяго за паўтары гадзіны працы работніку ДАІ давялося зафіксаваць паўдзясятка парушэнняў, але, шчыра кажучы, было іх значна больш. Многім жыхарам Карэліч пашанцавала, таму што адзін інспектар фізічна не мог прыпыніць усіх астатніх, а журналіст з жэзлам – гэта, на жаль, неправамоцна.
У выніку спыніць сваё падарожжа і сесці ў машыну інспектара былі вымушаны чатыры мужчыны і адна жанчына. Як аказалася, пра акцыю ведалі ўсе, але проста забываліся пра тое, што патрэбна ўключыць фары.
– Не паверыце: кожны раз, калі саджуся ў машыну, адразу ўключаю святло! – запэўнівае нас адзін з парушальнікаў. – Калі некалькі разоў на дзень прыходзіцца рабіць прыпынак, проста-такі вылятае з галавы… Згадзіцеся, па-чалавечы зразумець можна, але па законе – не. Інакш навошта тады іх ствараюць? Яўгеній Аляксандравіч Шавейка запаўняе пастанову і выпісвае штраф – палову базавай велічыні. Дарэчы, 12 рублёў 25 капеек плацяць тыя, хто не адмаўляе факт правапарушэння. Усім іншым пагражае штраф у памеры да двух базавых, які можна аплаціць адразу або ў банку. Дарэчы, неаплачаны штраф па заканчэнні месячнага тэрміну павялічваецца на дзве базавыя, а дакладней – амаль на пяцьдзясят рублёў! Вывад – пра штраф лепш не забываць.
– Вёз дачку сябра на дзень нараджэння, таму і забыўся ўключыць святло, – расказвае чарговы парушальнік з Мінска. – Спяшаўся, баяўся спазніцца. Бачыце, у сукенцы пабегла? Не хлушу, праўду гавару! Можа, выбачыце на першы раз?
Але выбачыць не атрымалася – маладога мужчыну прыпынілі не толькі за неўключанае святло…
Усю вадзіцельскую гісторыю таго ці іншага кіроўцы інспектары ДАІ могуць прасачыць з дапамогай кулона (спецыяльнага прыбора) або планшэта. Гляджу і здзіўляюся, як у чалавека можа быць звыш дзясятка парушэнняў, а супрацоўнік ДАІ дадае: “Гэта яшчэ мала”.
– Нярэдка за ўсю гісторыю ваджэння пэўнага чалавека мы бачым каля сотні выпадкаў правапарушэнняў, – дзеліцца Яўгеній Аляксандравіч. – Таму дзесяць – гэта яшчэ дробязь.
Інспектар падпісвае пятую пастанову, і мы развітваемся. На сёння праца ахоўнікаў парадку скончана. Але і заўтра, і паслязаўтра інспектары ДАІ працягнуць сваю працу для таго, каб статыстыка дарожных здарэнняў змянялася, і абавязкова толькі ў лепшы бок.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара