Усе шляхі вядуць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз. 21.by

Усе шляхі вядуць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз

13.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Куточак адзіны ў свеце,

Скуль першы і крык мой, і крок,

Мяне ты заўсёды прывеціш,

Цябе я пазнаю здалёк…

 

Рана ці позна, але немаўля вырастае. А калі крыху набярэцца розуму, то задае сабе і іншым пытанне: адкуль я прыйшоў у гэты свет? Хто мае продкі?

Вось тады раскажа бацька сыну або дзядуля ўнуку пра гісторыю зямлі, адкуль пайшоў род, пра месца ў цудоўным краі, дзе нарадзілася і вырасла не адно пакаленне гэтага роду, пра мілыя сэрцу аблогі, пра землякоў, пра звычаі іх і пра многае іншае, што завецца маленькай радзімаю. Гэта куток, куды хочацца заўсёды вярнуцца. Чаму гэта месца так цягне да сабе? Чаму многія тужаць аб ім на чужбіне? Напэўна, таму, што чалавек упершыню тут убачыў сонца, пачуў шум дажджу, пайшоў у школу, здабыў сяброў.

Такі куток, мілы майму сэрцу, ёсць і ў мяне. Куток майго дзяцінства і юнацтва – гарадскі пасёлак Акцябрскі, прыгожы, сціплы і непаўторны.

Мне дарагі мой пасёлак, таму што я тут жыву, тут жывуць і працуюць мае бацькі, родныя, блізкія і ўвогуле самыя добрыя і шчырыя людзі.

Давайце бліжэй пазнаёмімся з нашым пасёлкам…

— Добрай раніцы, Акцябрскі! Сонца толькі асвятліла будынкі, вуліцы, плошчу. Ты  прачынаешся, пацягваешся, ажываеш, некуды спяшаюцца прахожыя, па дарогах імчацца машыны — усе  занятыя сваімі справамі. І ніхто не заўважае галоўнага: ты – самы лепшы.

“Звычайны пасёлак, якіх многа,” – скажа нехта… “Не, ён асаблівы, мой родны куток!”

Чым жа так прываблівае зямля Акцябршчыны?

Можа, сваім гераічным мінулым, шчырай працай сёння, шчаслівай будучыняй?

Каб адказаць на многія пытанні, я падыходжу да такіх знаёмых дзвярэй. Гэта Цэнтр гісторыі і культуры. Ступіўшы на драўляныя палавіцы, быццам бы адгароджваешся ад усяго мітуслівага, ад шуму вуліц, ад праблем і смутку.

І тут перад маімі вачыма праносяцца цэлыя эпохі, людзі, якія праслаўлялі наш край. Раней ён называўся Рудабелкай. Існуе некалькі версій, наконт паходжання гэтай назвы. Больш распаўсюджаная назва звязана з двума словамі “рудыя белкі”.

Першы ўспамін пра Рудабелку адносіцца да далёкіх часоў. Па пісьмовых крыніцах Рудабелка вядома з 15 стагоддзя.

За ўсю сваю гісторыю паселішча пераходзіла з адных рук у другія, было ў складзе розных дзяржаў. Тэрыторыя Рудабельшчыны ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, была часткай Расійскай імперыі, належала вядомаму багатаму роду Радзівілаў, двараніну Іосіфу Лапа, барону Урангелю.

Такім чынам, гісторыя сведчыць аб тым, што практычна ўсе ўладары Рудабелкі былі адукаванымі і багатымі людзьмі. Мы можам меркаваць, што сяляне тады жылі нядрэнна. Таму і продкі нашы былі спакойныя, працалюбівыя, цярплівыя. Гэтыя рысы характару перадаліся і нам.

Шмат розных падзей адбылося ў жыцці маёй маленькай радзімы: і пажары, і новабудоўлі, і рэвалюцыі, і войны. Не абмінула родную старонку Вялікая Айчынная вайна. Але мае землякі выстаялі, не скарыліся фашыстам. Нездарма нашу Рудабелку немцы назвалі “другой Масквой”.

Я разглядаю фотаздымкі, экспанаты, успаміны і акунаюся ў тыя далёкія гады…

Вялікія выпрабаванні выпалі на долю маіх землякоў. Сэрца сціскаецца ад болю і ў той жа час перапаўняецца гонарам за герояў-рудабельцаў.

Грозныя часіны і заваёўнікі канулі ў нябыт. Слава Богу, што туды пайшлі і войны. Абудзіўся Акцябрскі. З’явіліся новыя прыгожыя будынкі, вуліцы, зоны адпачынку. Гэта ўсё створана яго жыхарамі, шчырымі і працалюбівымі людзьмі, якім уласціва дабрыня і спагада, любоў да працы, непрыняцце варожасці і агрэсіі, пачуццё глыбокага патрыятызму.

Пройдзе час. Год. Два. Дзесяць. Пятнаццаць… Мой пасёлак зменіцца. Ён стане яшчэ больш прыгожым, утульным. Моладзь не будзе пакідаць яго, бо ўмовы жыцця тут зусім не будуць адрознівацца ад гарадскіх.

Спадзяюся, што кожны з нас прыкладзе свае сілы для таго, каб наш пасёлак стаў самым лепшым не толькі ў Беларусі, а і на ўсей планеце Зямля.

Хацелася б, каб людзі з іншых мясцін прыязджалі да нас, дзівіліся і гаварылі пра наш край як пра цудоўны райскі куток. Шчодрая зямля наша Акцябрская, таму тым, хто жыве ўсімі яе турботамі і клопатамі, болем і радасцю, хто не адрываецца ад родных каранёў, надае сілы зямля гэта чароўная.

Я ўдзячна лёсу, што нарадзілася менавіта на гэтай палескай зямлі, што тут зрабіла свае першыя крокі, што адсюль павядзе мяне жыццёвая сцяжынка, якая заўсёды будзе чакаць майго вяртання. Уладзімір Караткевіч пісаў: “Усе шляхі вядуць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз”.

Аліна ВАРАБ’ЁВА, вучаніца 11 класса Акцябрскай раённай гімназіі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Куточак адзіны ў свеце, Скуль першы і крык мой, і крок, Мяне ты заўсёды прывеціш, Цябе я пазнаю здалёк…   Рана ці позна, але немаўля вырастае. А калі крыху набярэцца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика