Ляўданскі Аляксандр Мікалаевіч – знакаміты беларускі археолаг, гісторык, арганізатар і стваральнік сучаснай навуковай беларускай археалогіі.

 Нарадзіўся 29.08(10.09).1893 г. у в.Юр’ева (Юрава) Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1922 г. скончыў Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, а ў 1925 г. – славесна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Смаленскага ўніверсітэта.  У 1934 г. без абароны дысертацыі, па сукупнасці выдадзеных прац, атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

З 1925 г. Аляксандр Мікалаевіч працаваў асістэнтам археалагічнага кабінета, а потым прыват-дацэнтам Смаленскага ўніверсітэта і адначасова навуковым супрацоўнікам Смаленскага дзяржаўнага музея. У пачатку 1920-х гадоў  пачаў археалагічную дзейнасць: прымаў удзел у раскопках Гнёздава каля г.Смаленска. На працягу 1923–1927 гадоў ён самастойна вывучаў археалагічныя помнікі Смаленшчыны. Працуючы ў г.Смаленску, А. М. Ляўданскі падтрымліваў цесную сувязь з Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам) у г. Мінску, а з 1925 г. з’яўляўся членам яго гісторыка-археалагічнай камісіі. У першай палове 1920-х гадоў па плане гэтай цэнтральнай беларускай навуковай установы навуковец правёў археалагічныя абследаванні і раскопкі на тэрыторыях Барысаўскай акругі, у г.Заслаўе, каля г.Лагойск і на Магілёўшчыне. Вынікам даследаванняў з’явілася адкрыццё шматлікіх помнікаў эпох каменнага і жалезнага вякоў, а таксама першых на тэрыторыі Беларусі гарадзішчаў культуры штрыхаванай керамікі.

У 1927 г. А. М. Ляўданскі пераехаў у г. Мінск і працаваў загадчыкам аддзела археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея. У 1931–1937 гг. ён з’яўляўся супрацоўнікам Інстытута гісторыі.

Першы на тэрыторыі рэспублікі ў 1931 г. ён пачаў вывучаць гарадзішчы са штрыхаванай керамікай у цэнтральнай Беларусі і з гладкасценнай керамікай (днепра-дзвінскай) – на поўначы, на поўдні – эпохі латэна (мілаградская і зарубінецкая культуры). Даследчык правільна вызначыў балцкую прыналежнасць першых дзвюх археалагічных культур, што і да цяперашняга часу знаходзіць пацверджанне ў археалогіі. Значную ўвагу А. М. Ляўданскі надаваў таксама даследаванню помнікаў эпохі сярэдневякоўя. Ён правёў археалагічныя раскопкі курганных могільнікаў ІХ–ХІІІ стст. на тэрыторыях Мінскай, Полацкай, Аршанскай акруг.

З 1928 г. навуковец першым пачаў вывучэнне такіх складаных археалагічных помнікаў, як старажытныя гарады на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Заслаўе, Барысаў, Орша, што знайшло адлюстраванне у яго выдані «Прац»: гэта было першаснае выданне матэрыялаў, увядзенне іх у навуковы ўжытак. Даследчык прапанаваў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію старажытнага г.Полацка, выказаў правільныя меркаванні аб дзядзінцы і рамесным пасадзе, прывёў невядомыя звесткі аб яго помніках архітэктуры – Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; дакладна вызначыў гістарычную тапаграфію г. Віцебска і першы выказаў думку аб тым, што гарадзішча старажытнага г. Віцебска ўзнікла не пазней ІХ ст.

Вялікая заслуга Аляксандра Мікалаевіча таксама ў тым, што за кароткі час ён стварыў сваю школу–працаздольны творчы калектыў археолагаў, а таксама супрацоўнікаў музеяў і краязнаўцаў. Гэтая група даследчыкаў, акрамя правядзення археалагічных раскопак, змагла выпускаць такія спецыяльныя археалагічныя выданні, як «Працы». Іх выйшла тры тамы і яны шырока запатрабаваны навукоўцамі і ў наш час.

Відавочна, што навуковая дзейнасць А. М. Ляўданскага развівалася ў некалькіх накірунках. Ён быў навукоўцам, выкладчыкам і музейным супрацоўнікам і аддаваў працы шмат сіл і часу. Археалагічныя доследы і музейная праца навукоўца шырока асвятляліся іншымі карэспандэнтамі ў перыядычным друку ў самых розных беларускіх і расійскіх газетах і часопісах: «Савецкая Беларусь», «Звезда», «Полымя» і інш.

Адной з такіх малавядомых, але цікавых старонак біяграфіі археолага з’яўляецца яго праца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (быў дацэнтам)

Паспяховая, плённая навуковая праца даследчыка была спынена, калі вучоны знаходзіўся ў росквіце творчых сіл і таленту . У маі 1937 г. ён быў арыштаваны па ілжывым даносе, а 27 жніўня гэтага ж года, ва ўзросце 43 год, расстраляны ў г.Мінску разам з іншымі беларускімі археолагамі. І толькі ў 1958 г. А. М. Ляўданскі быў поўнасцю рэабілітаваны як грамадзянін і як вучоны.

Навуковыя працы гэтага выдатнага навукоўца цяпер даступныя для ўсіх даследчыкаў. Попыт на іх не толькі не змяншаецца, але з кожным годам яны прыцягваюць да сябе ўсё больш ўвагі новых пакаленняў вучоных.

У А. М. Ляўданскага маецца звыш 50 публікацый у разнастайных беларускіх і расійскіх выданнях (у тым ліку шматлікія асобныя адбіткі вялікіх артыкулаў з розных выданняў, аформленыя ў выглядзе кніг і брашур). Усе яго працы склалі дастаткова вялікую крыніцазнаўчую базу для далейшых абагульняючых даследаванняў па старажытнай гісторыі як Беларусі, так і Расіі. На публікацыі гэтага знакамітага даследчыка абапіраюцца і спасылаюцца ў сваіх навуковых распрацоўках многія пакаленні беларускіх і расійскіх навукоўцаў.

Да друку падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬКА.

(“Матэрыялы па археалогіі Беларусі”, НАН Беларусі, 2015 год).