Штогод у ліку лідараў уборачнай кампаніі — сямейны дуэт камбайнераў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ў саставе бацькі і сына Мікалая і Андрэя Драздоў. Cёлета яны першымі на Магілёўшчыне і ў раёне перакрочылі тысячны рубеж па намалоту збожжа. Па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін за 2018 год Мікалай Дрозд заняў першае месца сярод старшых камбайнераў экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў.
У чым жа сакрэт іх паспяховай працы і стабільна высокіх дасягненняў? На першы погляд, простае пытанне, а вось адказаць на яго аказалася даволі складана.
Можна сказаць, што немалаважную ролю адыгрываюць сучасная энергаэфектыўная тэхніка, высокаўраджайныя палеткі. Усё так, але падобная тэхніка маецца ў шэрагу сельгасарганізацый, і важкім коласам могуць пахваліцца многія аграрыі. Але не ўсе дасягаюць такіх працоўных вышынь, прычым літаральна штогод. Значыць, справа не толькі ў гэтым.
Для Мікалая Дразда сёлетняя ўборачная кампанія юбілейная, 20-я. Бягучы год адметны тым, што Мікалай Мікалаевіч быў удастоены медаля «За працоўныя заслугі».
…Два дзясяткі год таму ён упершыню сеў за штурвал камбайна. І настолькі захапіла яго гэтая справа, настолькі запала ў душу, што і зараз ён штогод з нецярпеннем чакае той пары, калі сядзе ў кабіну камбайна, убачыць, як калыхаецца спелае калоссе, налітае зернем, як залацістай рэчкай яно сыплецца ў кузаў аўтамабіля і пачынае свой доўгі шлях да духмянага бохана на стале.
Па словах перадавога камбайнера, у любой дзейнасці чалавек можа праявіць свае лепшыя працоўныя якасці: калі работа прыносіць задавальненне і маральнае, і матэрыяльнае, калі атрымліваеш асалоду ад вынікаў зробленага, калі бачыш, што выконваеш важную і неабходную людзям справу.
Любоў да тэхнікі, да механізатарскай справы ў Мікалая Дразда ад бацькі. Яшчэ хлапчуком ён кожную свабодную хвіліну імчаў да яго, каб пасядзець у кабіне трактара, разам паруліць. Гэтую любоў Мікалай Мікалаевіч перадае зараз і сваім сынам. Старэйшы Андрэй ужо шэсць уборачных сезонаў запар поплеч з бацькам працуе на жніве. У цяперашні час юнак атрымлівае спецыяльнасць інжынера па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання ў Беларускай сельгасакадэміі, плануе пасля вучобы прыйсці на работу ў “Рассвет”. Малодшы сын, 12-гадовы Арцём, таксама праяўляе інтарэс да тэхнікі, з нецярпеннем чакае, калі таксама зможа стаць для бацькі надзейным памочнікам на ўборцы збожжавых.
Адзвінела жніво, але гул сельскагаспадарчай тэхнікі на палетках разносіцца далёка навокал: ідзе не менш адказная кампанія — сяўба. Актыўны ўдзел у ёй прымае і Мікалай Дрозд. Шчыруе механізатар, клапоціцца пра будучы ўраджай. І спадзяецца, што зямля-карміцелька аддзячыць старанных хлебаробаў важкім коласам.
Людміла СЯМЁНАВА.