Палескі край, танцуй і грай! У Ляскавічах прайшоў пяты Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”
25.09.2018
—
Разное
|
Чакалі-чакалі і нарэшце дачакаліся. Пяты раз з інтэрвалам праз два гады зноў паклікалі гасцей Ляскавічы на свой непаўторны фестываль “Кліч Палесся”, які адбыўся ў аграгарадку ў мінулую суботу і сабраў у сваёй вялізнай, знарок да фестывалю створанай Палескай вобласці, кажуць, каля дваццаці тысяч гасцей і больш за 1,7 тысячы артыстаў. Кожны раён з гэтай імправізаванай вобласці, што традыцыйна ўдзельнічаюць у “Клічы Палесся” – пяць з Гомельшчыны і тры з Брэстчыны – прадстаўляў самабытную культуру і рамесніцтва адной з вёсак. Сярод іх назваў – лельчыцкая Букча, мазырскія Бабраняты, жыткавіцкія Сукачы, ельскія Якімы, лунінецкі Дварэц і іншыя. Нашы землякі абралі гэтым разам у арганізацыі падворка ўмоўную вёску пад назвай Каўпак-Гара, падмацаваўшы ідэю вядомымі легендамі пра гару Каўпак між Залессем і Чалюшчавічамі і паказаўшы гасцям, сярод якіх былі старшыні Гомельскага аблвыканкама і аблсавета дэпутатаў Уладзімір Дворнік і Кацярына Зенкевіч, памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, а таксама старшыні петрыкаўскіх райвыканкама і райсавета дэпутатаў Аляксандр Наўныка і Сяргей Макарэвіч, некалькі фальклорных сюжэтаў на вясельную тэматыку. Дарэчы, у час дэманстрацыі элементаў абраду на нашым падворку старшыні Гомельскага і Брэсцкага аблвыканкамаў Уладзімір Дворнік і Анатоль Ліс пабылі некалькі хвілін сватамі. На куточках падворка паказвалі сваю творчасць нашы таленавітыя землякі і зямлячкі: майстар-класы па мастацкай разьбе па дрэве і вырабе з лазы дапаўняліся выставамі работ і выступленнем самадзейных артыстаў. Хапіла дзе разгуляцца пагляду на падворках фестывалю. Было ўсё: шэдэўры выпечкі, арыгінальныя выставы на любы густ (хоць табе фольк, хоць рэтра, але большасць – у этна-стылі), продаж сувеніраў – ад кубкаў да маленькіх чарапашак, паказальныя, у гістарычным духу, выступленні мазырскіх ваяроў і процьма яшчэ ўсялякіх цікавых момантаў. Галоўнае, разумеем, было тут – паспець усюды, каб калі не сфатаграфаваць, то ў волю адбіць далоні. Арганізатары пастараліся, каб і канцэртная праграма была незабыўнай. На адкрыцці фестывалю і аж да позняга вечара гледачоў радавалі сваёй творчасцю вядомыя айчынныя і замежныя калектывы і выканаўцы, у тым ліку “еўравядомы” “NAVIBAND”. Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей свята, міністр культуры Юрый Бондар зачытаў прывітальны ліст ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а затым уручыў статуэткі і дыпломы лаўрэатам звання “Ганаровы паляшук”, якім былі ўшанаваны гэтым разам вясляр-байдарачнік, алімпійскі чэмпіён і 7-разовы чэмпіён свету Раман Петрушэнка і дырыжор народнага ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” са Століншчыны Пётр Астапчук. … І гэта быў яшчэ толькі пачатак фестывальнага дня. А да сярэдначы Ляскавічы бясконца танцавалі і спявалі, гулялі і смакавалі, радаваліся і, канечне ж, цалаваліся. Добры настрой не сапсуе ніякі дождж! У. ЕСІПАЎ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чакалі-чакалі і нарэшце дачакаліся. Пяты раз з інтэрвалам праз два гады зноў паклікалі гасцей Ляскавічы на свой непаўторны фестываль “Кліч Палесся”, які адбыўся... |
|