Да стагоддзя УЛКСМ: Заўсёды былі на слыху
27.09.2018
—
Разное
|
Камсамольская арганізацыя на Мсціслаўшчыне заўсёды адыгрывала значную ролю ў гісторыі нашага краю і ва ўсіх яе падзеях. А ў цэнтры падзей знаходзіліся актывісты гэтай арганізацыі. Пра тое, што такое камсамольская маладосць і чым займалася моладзь у апошняе дзесяцігоддзе існавання УЛКСМ, нам расказала Тамара Ліпіцкая, якая з 1983 па 1991 гады працавала ў раённым камітэце камсамольскай арганізацыі. Тамара Міхайлаўна ўступіла ў рады УЛКСМ яшчэ ў школе і заўсёды была актывісткай. Таму, зразумела, што праз некалькі гадоў пасля вучобы ў педагагічным вучылішчы, калі маладая камсамолка працавала настаўніцай у школе для глухіх дзяцей, з’явілася магчымасць трапіць у раённы камітэт арганізацыі. — Можна сказаць, што я стала трэцім сакратаром не па звычайнай схеме, якая тады была абавязковай. І гэта быў даволі выключны выпадак. Справа ў тым, што я тады нават яшчэ не ўступіла ў партыю і мела незакончаную вышэйшую адукацыю, бо вучылася на завочным аддзяленні, — расказвае настаўніца. Але актыўная грамадзянская пазіцыя стала пропускам для Тамары Міхайлаўны ў райкам, і неўзабаве яна стала яго першым сакратаром.— Дарэчы, у нас было сапраўды тры сакратары, кожны адказваў за сваю катэгорыю моладзі. Напрыклад, трэці сакратар займаўся пытаннямі школьнікаў і студэнтаў, — успамінае Т. Ліпіцкая. — А іх было шмат, бо ў тыя гады ў раёне было ад 2,5 да 3 тысяч членаў нашай арганізацыі. У сакратара райкама камсамола было вельмі напружанае і насычанае жыццё, а дзейнасць камсамольцаў заўсёды была на слыху. — Мы былі знаёмыя з усімі экіпажамі моладзі і маладымі спецыялістамі, супрацоўнічалі з воінамі-інтэрнацыяналістамі і павінны былі падтрымліваць адносіны з арганізацыямі раёна ўвогуле. І, зразумела, ведаць, чым жыве моладзь. У Тамары Міхайлаўны захоўваецца цэлы альбом камсамольскіх успамінаў. З яго можна даведацца пра мерапрыемствы, якія праходзілі ў раёне. А іх было сапраўды шмат за тыя 9 гадоў, што наша гераіня была ў райкаме. Але першымі на памяць Т. Ліпіцкай прыходзяць святы, якія праводзіліся ва ўрочышчы Лютня. — Мы вельмі любілі праводзіць там розныя гульні і спартакіяды. Таму кожны год рыхтавалі «Зарніцу», якую з нецярпеннем усе чакалі. — І мы там заўсёды прападалі, — смяецца былая камсамолка. Мерапрыемстваў, у якіх удзельнічала Тамара Міхайлаўна, было вельмі шмат, але асабліва яна даражыць той сяброўскай і амаль што сямейнай атмасферай, якая панавала ў райкаме і распаўсюджвалася на ўсю раённую арганізацыю.— Пяць раёнаў-суседзяў — Чавускі, Хоцімскі, Крычаўскі, Краснапольскі і Мсціслаўскі, — складалі суполку, якую называлі «Усходні куст», — дзеліцца настаўніца. — Гэта было нешта накшталт братэрства, дзе ўсе адзін аднаго падтрымлівалі. Што б ні здарылася, мы заўсёды былі побач і дапамагалі адзін аднаму. Нават дагэтуль мы сябруем. Напэўна, у гэтым і была адметная рыса арганізацыі, якая пабуджае былых камсамольцаў захоўваць свае членскія білеты — цёплыя адносіны, моладзевы аптымізм і чуласць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камсамольская арганізацыя на Мсціслаўшчыне заўсёды адыгрывала значную ролю ў гісторыі нашага краю і ва ўсіх яе падзеях. А ў цэнтры падзей знаходзіліся актывісты... |
|