Выхавальніца дзіцячага сада № 5 Вольга Лукша і яе маленькія «Фантазёры». 21.by

Выхавальніца дзіцячага сада № 5 Вольга Лукша і яе маленькія «Фантазёры»

27.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выхавальнік дзіцячага сада № 5 Вольга Яўгеньеўна Лукша разам з дзецьмі старэйшай групы “Фантазёры”

Выхавальніца дзіцячага сада № 5 Вольга Яўгеньеўна Лукша разам з дзецьмі старэйшай групы “Фантазёры”

Калі дзіцяці надыходзіць трэці або чацвёрты год, бацькі адпраўляюць яго ў дзіцячы сад. Робяць яны гэта не толькі таму, што многа часу праводзяць на працы і не могуць усю сваю ўвагу аддаваць яму. Бацькі адводзяць хлопчыкаў і дзяўчынак ў дзіцячы сад у надзеі, што ў дзетак з’явяцца новыя сябры, яны стануць больш таварыскімі, гаваркімі ў адносінах да равеснікаў, многаму навучацца, прывыкнуць да строгага раскладу і стануць больш дысцыплінаванымі.

Пяць дзён на тыдзень з васьмі гадзін раніцы і да шасці гадзін вечара дзеткі знаходзяцца пад наглядам выхавальнікаў і нянек. Яны не толькі кормяць іх, укладваюць спаць і водзяць на прагулку. Выхавальнікі вучаць дзяцей завязваць шнуркі на абутку, правільна трымаць у руцэ лыжку і відэлец. Яны нават абучаюць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак пісьму і чытанню. Дзякуючы гэтаму дзеці становяцца больш падрыхтаванымі і, трапіўшы ў першы клас, будуць адчуваць сябе на належным узроўні.

27 верасня ў суседняй з намі краіне, Расійскай Федэрацыі, з’яўляецца афіцыйным святам і носіць назву Дзень выхавальнікаў дзіцячых садоў і работнікаў дашкольных устаноў. У нашай краіне афіцыйна адзначаецца толькі Дзень настаўніка ў першую нядзелю кастрычніка. Але гэта зусім не значыць, што высакародная справа выхавальнікаў дзіцячых садоў застаецца па-за ўвагай дзяржавы і грамадства, бо выхаванне і асновы адукацыі дзіцяці закладваюцца ў дзіцячым садзе. Згадзіцеся, што далейшы лёс дзіцяці залежаць ад мудрасці выхавальніка, яго вытрымкі, увагі да ўнутранага свету маленькага чалавека.

Дзесяць год выхавальніцай у дзіцячым садзе № 5 “Пралеска” гарадскога пасёлка працуе Вольга Яўгеньеўна Лукша. Маладая і прыгожая жанчына свядома прыйшла ў гэту прафесію, каб сваёй працай прыносіць карысць падрастаючаму пакаленню, закладваць у душы маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак дабрыню, спагаду, ласку і пяшчоту.

—Яшчэ ў дзяцінстве я часта хадзіла да сваёй маці, Яніны Іванаўны, на працу ў дзіцячы сад, — кажа Вольга. — Вось тады і нарадзілася мара стаць у будучым, як мама, выхавальнікам. Закончыўшы школу, паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, завочна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, атрымала кваліфікацыю “педагог, педагог-псіхолаг”. Аб выбраным шляху ніколі не шкадавала, бо ўпэўнена крочыла насустрач мары свайго дзяцінства. Калі амаль кожны дзень знаходзішся побач з маленькімі дзецьмі, не заўважаеш цяжкасцей, — якія раз-пораз трапляюцца ў выхаваўчым працэсе. Наадварот, шчырыя ўсмешкі і лагодны позірк ласкавых вачэй выхаванцаў настройваюць нас, дарослых, на пазітыўны лад, узбадзёрваюць.

Цяпер у маёй старэйшай групе “Фантазёры” дваццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. Канечне, усе яны розныя: рухавыя і павольныя, вясёлыя і часам сумныя, гаваркія і нярэдка маўклівыя. І да кожнага з іх патрэбна падабраць свой асабісты ключык, каб зразумець унутраны свет, душу, перажыць тое, што адчуваюць яны. У кожным дзіцяці жывуць і таленавіты мастак, і дапытлівы назіральнік, і эксперыментатар. Яны адкрытыя для прыгажосці і дабра, чуйна рэагуюць на падман і несправядлівасць.

Наогул, дзеці як алмазы — заблішчаць і парадуюць сваёй чысцінёй і прыгажосцю толькі тады, калі менавіта сам знойдзеш свой індывідуальны спосаб працы з імі, калі ўсё лепшае, што ёсць у іх, убачаць яны самі і ўсе навокал.

Нашы “Фантазёры” вельмі артыстычныя і працалюбівыя. Зусім хутка будзе адзначацца Дзень маці, таму мы разам з памочнікам выхавальніка Валянцінай Васільеўнай Ткачонак рыхтуем святочную праграму, у цэнтры ўвагі якой будуць матулі і бабулі нашых выхаванцаў.

Ведаеце, часам сумна становіцца ад думкі, што дзеці займаюцца ў групе апошні год, наперадзе ў іх выпуск і школьнае жыццё. За чатыры гады, праведзеныя разам, кожны з іх стаў блізкім і родным сэрцу чалавекам, узбагаціў твой унутраны свет.

— З якім дэвізам вы крочыце па жыцці? — спыталі мы напрыканцы гутаркі ў Вольгі.

— “Росток, доверенный нам мамой, лелеем, любим и растим”. Гэты выраз дапамагае мне ў працы, неразлучна на працягу дзесяці гадоў знаходзіцца разам са мной, — адказала Вольга. — Я ўпэўнена, што зрабіла правільны выбар у жыцці, прысвяціўшы сябе выхаванню дзяцей. І кожны дзень, праведзены ў дзіцячым садзе, зноў і зноў вяртае мяне ў гэту дзівосную і светлую краіну пад назвай Дзяцінства.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика