Яна ўспамінае толькі добрае. 21.by

Яна ўспамінае толькі добрае

27.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яна ўспамінае толькі добраеЯніне Сцяпанаўне Кавальчук па пашпарце мінуў дзявяты дзясятак. На яе жыццёвым шляху хапіла ўсяго: і цяжкай сялянскай працы з самага дзяцінства, і выпрабаванняў ваеннага ліхалецця. Выпалі на яе долю і складаныя пасляваенныя гады, адведала яна праз край і горкага ўдовінага хлеба. Нягледзячы на гэта, жанчына стараецца ўспамінаць толькі добрае.

Дзяцінства і гады юнацтва Яніны прайшлі ў вёсцы Янаўшчыне ў вялікай дружнай сям’і, дзе выхоўваліся шасцёра дзяцей. Яна была самая старэйшая. Вучылася ў польскай школе. Скончыла пяць класаў. Тады і развіталася з дзяцінствам. Чаму развіталася? Таму што прыйшлося працаваць нараўне з дарослымі, каб дапамагаць па гаспадарцы. А гаспадарка была заўсёды вялікая: свой надзел зямлі, у хляве шмат хатніх жывёл, за якімі трэба даглядаць. 
Ёй мінула чатырнаццаць, як пачалася вайна. Страшна было ад самога слова «вайна», увесь час баяліся за сябе, за сваю сям’ю. Але ва ўспамінах дзяўчыны засталося толькі, як немцы збіралі ўсю вёску і лічылі кожны раз яе жыхароў. На кожнага члена сям’і давалі па буханцы хлеба, а таксама алей. Да гэтай пары Яніна Сцяпанаўна помніць смак таго хлеба, ён адрозніваўся ад нашага. З іх вёскі, здаецца, толькі адну дзяўчыну забралі ў Германію. Яна вярнулася адразу пасля вайны. 
Замуж Яніна пайшла ў суседнюю вёску Бойкавічы, калі ёй было дваццаць восем гадоў, за вядомага на ўсю акругу кузняца. Да цяперашняга часу ў доме, дзе пражыла з мужам Аляксандрам усяго толькі дзесяць гадоў, захоўваюцца сельскагаспадарчыя прылады, выкаваныя яго ўмелымі рукамі. «Умелі калісьці рабіць дабротныя рэчы сапраўдныя майстры, – успамінае мая субяседніца. – Калі пачынаў сваю справу вясковы майстар, дык рабіў яе выдатна, а інакш ніхто не будзе купляць твае вырабы». Вось, напрыклад, жыве вясковая легенда аб тутэйшым майстры, што рабіў бойкі – гэта такі высокі посуд з дрэва, які закрываўся крышкай з дзірачкай. У тую дзірачку ўстаўляўся кіёчак, на канцы якога быў прымацаваны круг, таксама драўляны. Яго ўстаўлялі ў бойку і білі ім масла. Вось і сталі людзей той вёскі называць бойкавічамі. З тых пор і вёску так называюць.
Яніна Сцяпанаўна дагэтуль лічыць сябе жыхаркай Бойкавічаў, хаця гэтай вёскі ўжо і няма на карце. Тут яна пражыла з мужам адведзеныя ёй гады сямейнага жыцця, тут з’явіліся на свет яе дзеці: дачка Марыя і сын Іосіф. Вось дзеля іх яна заўсёды і жыла. Дзеля іх, ужо без гаспадара, трымала гаспадарку, дзеля іх так, як і раней, завіхалася на прысядзібным участку. Яна ўсё кіравалася адной думкай: каб дзеці ні ў чым не мелі нястачы, каб усяго было ў дастатку. А яны, падросшы, бачылі, як матуля аддае ўсе сілы і на саўгаснай справе ў паляводстве, і завіхаючыся па хатняй гаспадарцы, таму дапамагалі як маглі. Потым Яніна Сцяпанаўна з энтузіазмам узялася за ткацтва. Можна было добра зарабіць, выконваючы заказы Гродзенскай ткацкай фабрыкі. Дванаццаць гадоў яна ткала, зарабляючы такім чынам грошы для сям’і. 
Дзесяць гадоў таму Яніна Сцяпанаўна змяніла вясковую прапіску на гарадскую. Гады ўжо не тыя, гаворыць яна, каб жыць адной у сваёй хатцы. Ды і дачка з зяцем, у якіх яна зараз жыве ў Свіслачы, вельмі перажывалі за яе. Так і жыве зараз бабуля Яніна гарадскім жыццём. Калі-некалі выходзіць на вуліцу пагаварыць з суседкамі аб былым, у астатні час любіць пачытаць (дзякуе Богу жанчына, што дагэтуль не карыстаецца акулярамі), а яшчэ з вялікім задавальненнем зімовымі вечарамі вяжа цёплыя шкарпэткі і прыгожыя кругі-палавікі для сваіх хатніх: дачкі і сына з сем’ямі.

 

Людміла БАЛЫШ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яніне Сцяпанаўне Кавальчук па пашпарце мінуў дзявяты дзясятак. На яе жыццёвым шляху хапіла ўсяго: і цяжкай сялянскай працы з самага дзяцінства, і выпрабаванняў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика