Механізатары Сяргей Цыбульскі і Сяргей Юхнавец заняты на ўборцы кукурузы на зерне
Штодня ў гэтую восеньскую пару працаўнікі сельгасарганізацый раёна шчыруюць на палетках. Іх памкненні зразумелыя: паспець хутчэй убраць вырашчанае і закласці як мага больш трывалы падмурак на перспектыву — будучыя ўраджаі, надоі і прывагі. Разам з іншымі актыўна ў комплексе вядуцца работы ў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”, дзе мы пабывалі нядаўна.
З галоўным аграномам сельгасфіліяла Настассяй Цыбульскай мы сустрэліся на вагавай збожжатока ў Чыгірынцы. Сюды адзін за адным заязджалі трактары з вялізнымі прычэпамі ПІМ, ад якіх паветра навокал хутка напаўнялася водарам свежаскошанай зялёнай кукурузнай масы. Тэхнолаг палёў жа асабіста кантралявала і працэс дастаўкі масы, і закладкі яе ў сіласную траншэю, размешчаную непадалёк — каля фермы. Мы пацікавіліся ў Настассі Мікалаеўны, якімі клопатамі сёння жывуць у “Чыгірынцы”.
— Асноўную ўвагу, — адзначыла спецыяліст, — зараз надаем кукурузе. Менавіта на “каралеву палёў” робім стаўку ў плане стварэння трывалай кармавой базы для зімова-стойлавага перыяду грамадскага пагалоўя. А яно значна павялічылася — як вядома, наш сельгасфіліял узбуйніўся пасля далучэння цяпер ужо былога ААТ “Стайкаўскае”. Зразумела, з’явілася патрэба ў пашырэнні пасеваў пэўных сельгаскультур, у тым ліку і для забеспячэння жывёлы кармамі.
Старанна працуе на нарыхтоўцы сіласу Дзмітрый Конюхаў
Хутка адвозіць зялёную масу Аляксандр Якавенка
Кукуруза сёлета раскінулася на 650 га, з якіх 450 га было адведзена пад нарыхтоўку сіласу. Вырошчванню культуры яшчэ з вясны надавалася пільная ўвага. Былі падабраны добрыя папярэднікі, падрыхтавалі глебу, узаралі. Сяўбу правялі якасным насеннем: палову з агульнай колькасці склаў гатунак нямецкай селекцыі, палову — айчыннай вытворчасці “палескі-212”. Пасевы ўгнойваліся, належным чынам даглядаліся. Акрамя захавання патрэбных тэхналогій паспрыялі шчодрыя летнія дажджы. У выніку кукуруза “вымахала” ў тры метры і нават вышэй, наліліся сокам і сцябліны, і пачаткі.
Зараз вядзецца нарыхтоўка і закладка ў траншэі кукурузнай масы. На гэтым участку старанна працуе вопытны Дзмітрый Конюхаў. Яго кормаўборачны камбайн КВК-800 хутка спраўляецца са “сцяной”, напаўняючы прычэпы трактароў і кузавы аўтамашын зялёнай масай. Да траншэй яе дастаўляюць на “Беларусах” Сяргей Брэндзікаў, Аляксандр Казакоў, Аляксандр Якавенка. На “ўзмацненне” ім адпраўлены яшчэ і МАЗы, кіруюць якімі Валерый Замкоў і Мікалай Гараўцоў.
А тым часам вядзецца закладка сіласу ў траншэі. Зялёную масу, у якую, дарэчы, для лепшай захаванасці і паядаемасці жывёлай дабаўляецца кансервант, на пагрузчыках трамбуюць Аляксандр Смалоўскі і Анатоль Аніскоў.
Наогул, кукурузнага сіласу ўжо закладзена некалькі траншэй, дзе назапашана яго каля 7 тыс.т. Дзве з іх — у Стайках — новыя, пабудаваны сёлета. Усяго ж для патрэб чыгірынцам неабходна мець звыш 15 тыс.т гэтага сакавітага корму. Акрамя гэтага ў запасах для будучай зімоўкі грамадскага статка маецца звыш за 3,5 тыс.т сенажу, з якіх 95 т закансервавана ў палімерную ўпакоўку, а таксама 1749 т сена. Засталіся яшчэ рэшткі кармоў з нарыхтовак леташняга сезону. Так што, ў сельгасфіліяле лічаць, што стойлавы перыяд правядуць з упэўненасцю.
У гэтай сувязі прыбаўка будучых надояў чакаецца і ад зерня кукурузы. Насенне нямецкай вытворчасці пасля ўсіх працэсаў вярошчвання сёлета таксама дае неблагі ўраджай. З наяўных 200 га ўбрана каля паловы плошчаў. Намалочана з іх каля 800 т залацістага насення, ураджайнасць складае каля 80 ц/га. На гэтым участку старанна працуе экіпаж камбайна ў саставе Сяргея Юхнаўца і Сяргея Цыбульскага. Хлопцы, дарэчы, сёлета выдатна шчыравалі і падчас жніва, намалаціўшы сярод усіх экіпажаў сельгасфіліяла найбольшую колькасць збожжа.
На абслугоўванні агрэгата па плюшчэнні кукурузнага зерня добрасумленна працуе Уладзімір Бабіцкі
Працэс плюшчэння кукурузнага зерня ў палімерную ўпакоўку
Адметна, што “Чыгірынка” — адна з нямногіх гаспадарак у раёне, дзе на ўзбраенне ўзялі такі тэхналагічны прыём, як плюшчэнне кукурузнага зерня. З дапамогай спецыяльнага агрэгата на збожжатаку яно сплюшчваецца для лепшай паядаемасці жывёлай і запакоўваецца ў “рукаў” з палімернай упакоўкі. Выгоду ад такой нарыхтоўкі адчулі не адзін сезон таму: у такім корме — высокі ўзровень утрымання бялку, які спрыяе малочнай прыбаўцы. І калі летась такім чынам было нарыхтавана 200 т, то селета плануецца сплюшчыць 500 т (з улікам павелічэння пагалоўя жывёлы). Палова з гэтай колькасці ўжо ўпакавана. Выдатна спраўляецца з абслугоўваннем агрэгата “Murska-700” Уладзімір Бабіцкі.
Паралельна думаюць у сельгасфіліяле і пра будучы ўраджай і актыўна працуюць на яго. Своечасова правялі ворыва, апрацавалі глебу, падрыхтавалі насенне. Зараз завяршаецца сяўба азімых культур. Зерневая група будзе размешчана на
800 га, каля 150 га адводзіцца на зялёны корм жывёле — гэта азімае жыта з вікай. Стараннасцю на сяўбе вылучаюцца Сяргей Фірагін і Анатоль Кузьмін.
Наогул, калі паназіраць, як мясцовыя механізатары і спецыялісты працуюць у адной зладжанай камандзе, прычым гэта не толькі падчас бягучых работ, становіцца зразумелым, што тут мэтанакіравана, планамерна рухаюцца да вызначаных рубяжоў, з упэўненасцю ў заўтрашнім дні.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.