Сталічны рэгіён заўтра падвядзе вынікі работы на збожжавай ніве 2018 года, ушануе лепшых з лепшых. А мы сёння, напярэдадні абласных “Дажынак-2018” у Мядзелі, зробім невялікі экскурс у мінулыя месяцы, пройдземся па палях, дзе механізатары вялі падкормку азімых, культывавалі глебу пад сяўбу яравых збожжавых, сеялі іх, даглядалі. А пасля — убіралі. Аб гэтым чытачам расказвалі старонкі “Нясвіжскіх навін”.
Да падкормкі азотнымі ўгнаеннямі азімых збожжавых культур механізатары раёна пры-ступілі апошнімі сакавіцкімі — першымі красавіцкімі днямі. Ужо 5 красавіка былі падкормлены апошнія гектары збожжавых у ААТ “Новае жыццё”. 7 красавіка “закрыла” апошнія гектары ДП “ЭБ “Свеклавічная”.
А за дзень 8 красавіка іх было падкормлена 570 гектараў, у т.л. 156 — у ЗАТ “1 Мая”, 130 — у ААТ “Гарадзея”, 124 — у СВК “Агракамбінат Сноў”, па 80 га — у ААТ “Грыцкевічы” і “Нясвіжскі райаграсэрвіс”.
Згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, па стане на 10 красавіка ў цэлым па раёне падкармілі больш за 10400 гектараў азіміны — 71,1 % ад неабходнага. А трэба было падкарміць звыш 14600 гектараў.
9 красавіка механізатары прыступілі да закрыцця вільгаці ў глебе. За дзень было зроблена 1082 гектары. У т.л. 294 — у “Снове”, 155 — у “Свеклавічнай”, 150 — у ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.
Глеба атрымала неабходную колькасць мінеральных угнаенняў.
11 красавіка на палі сельгас-прадпрыемстваў Нясвіжчыны выйшлі пасяўныя агрэгаты. Першымі вывелі сеялкі механізатары Павел Космач з СВК “Агракамбінат Сноў”, Віктар Буйко з ААТ “Новае жыццё”, Аляксандр Касмовіч з ААТ “Гарадзея”, Аляксандр Рудко і Юрый Кур’ян з ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, Пётр Губей з ДП “ЭБ “Свеклавічная”. За першы дзень у раёне было пасеяна 96 гектараў яравых збожжавых культур.
І ўжо на 19 красавіка яравыя збожжавыя і зернебабовыя былі пасеяны ў СВК “Агракам-бінат Сноў” і ААТ “Новае жыццё”. Больш чым на 90 % выканалі гэту работу механізатары ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, “ДП “ЭБ “Свеклавічная” і РУП “Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках”.
Крыху пазней працаўнікі Нясвіжчыны паехалі ў Валожынскі раён, каб там дапамагчы хлебаробам на вясновым полі. Яўген Вялічка з СВК “Агракамбінат Сноў” сеяў яравыя ў ТАА “Тарасава”, Кірыл Чырэц з ААТ “Новае жыццё” — у КСУП “Пяршаі-2014”.
Добрая вестка прыйшла ў раён пасля заканчэння веснавой пасяўной кампаніі. Падзячнымі пісьмамі Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК былі ўзнагароджаны Уладзімір Кастоўскі з “Агракамбіната Сноў”, які пасеяў 763 га збожжавых, выканаўшы план на 106 %, і Юрый Ханцэвіч з “Новага жыцця”, які падрыхтаваў глебу да сяўбы на 1249 га, выканаўшы план на 113 %.
І вось зазвінела на збожжавай ніве жніво. Сёлета — як ніколі рана. Першымі арганізавалі зажынкі ў ААТ “Лань-Нясвіж” — 28 чэрвеня. 12 ліпеня ў ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная” прайшло раённае свята зажынак. А 15 ліпеня першае зерне новага ўраджаю паступіла на Гарадзейскае збожжапрыёмнае прадпрыемства. Вадзіцель ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Аляксандр Ісакаў даставіў яго з ЗАТ “1 Мая”.
Жніво набірала абароты. Так, па стане на 26 ліпеня ў раёне быў убраны амаль 31 % пасеваў збожжавых культур. У т.л. па 41 % плошчаў вызвалілі камбайнеры ЗАТ “1 Мая” і ААТ “Юша-вічы”. Пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 48,5 ц/га ў “Новым жыцці” яна была 85,7, у “Снове” — 80,6 ц/га. Вечарам 25 ліпеня ў гаспадарках з’явіліся першыя тысячнікі. Усе — са “Снова”: старшыя камбайнеры Сяргей Вайняк, Уладзімір Яфімчык і Аляксандр Грынаш, вадзіцелі Дзмітрый Міклашэвіч, Леанід Вялічка, Віталь Мамонька і Віктар Пячкоўскі.
31 ліпеня Сяргей Вайняк першы ў Мінскай вобласці выйшаў на намалот 2 тысяч тон збожжа. Затым з’явіліся новыя тысячнікі. Усяго ў раёне сёлета 7 камбайнераў намалацілі звыш 2 тысяч тон збожжа. 33 камбайнеры сабралі тысячу і болей тон.
Дзесяць вадзіцеляў перавезлі з поля на ток больш за 2 тысячы тон збажыны, 28 — больш за тысячу тон. Самыя высокія здабыткі — у Сяргея Вайняка (намалаціў больш за 2521 тону ў фізічнай вазе) і Дзмітрыя Міклашэвіча (перавёз больш за 2700 тон у фізічнай вазе). Найбольшую колькасць збожжа ў фізічнай вазе дапрацаваў аператар збожжасушыльнага комплексу ААТ “Новае жыццё” Анатоль Казляк (амаль 11632 тоны).
У кожнай гаспадарцы на жніве былі свае лідары. Так, напрыклад, у ААТ “Гарадзея” першае месца сярод сваіх калег заняў старшы камбайнер Андрэй Баран, які намалаціў 1232,4 тоны збожжа. У ААТ “Новае жыццё” — Георгій Антановіч. У ААТ “17 верасня” — Сяргей Каленік. У ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — Уладзімір Цымбал. У ЗАТ “1 Мая” — старшы камбайнер Сяргей Піваварэвіч. А перадавы вадзіцель ААТ “Юшавічы” Канстанцін Падамацька перавёз амаль 750 тон збожжа на сваім аўтамабілі ГАЗ-САЗ.
Калі жніво на Нясвіжчыне падыходзіла да завяршэння, некалькі камбайнераў і вадзіцеляў было камандзіравана на дапамогу Валожынскаму раёну. Гэта місія была даручана старшым камбайнерам Івану Касцюкевічу і Анатолю Абрамовічу са “Снова”, Валерыю Каспяровічу з ААТ “17 Верасня”, Сяргею Саленіку з “Новага жыцця”, Юрыю Наполеву з “Грыцкевіч” і іншым.
І вось настаў час падбіваць, як кажуць, бабкі. Збожжавых і зернебабовых у нашым раёне сабралі сёлета 100119 тон пры ўраджайнасці 44,5 ц/га. Найбольшая яна ў ААТ “Новае жыццё” (74,9 ц/га). Па 73,7 ц/га сабралі снаўчане. па прычыне засухі збожжа ў параўнанні з леташнім недабралі. Зразумела, што гэты факт засмучае і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і радавых працаўнікоў збожжавай нівы. Але ж з прыродай не паспрачаешся. Заставалася толькі да зярнятка ўбраць усё, што вырасла. І з такой задачай нашы гаспадары палёў справіліся. Таму што працавалі шчыра, добрасумленна, з высокім прафесіяналізмам.
Валавы збор зерня ў сельгаспрадпрыемствах прырастае ў гэтыя дні кукурузай. Яна ўрадзіла нядрэнна. У сярэднім з гектара намалочваюць па 128 цэнтнераў. У т.л. “Грыцкевічы” атрымалі па 156 ц/га, “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — 145 ц/га. Па стане на 27 верасня ў раёне намалочана 32438 тон кукурузы.
Дайджэст
падрыхтавала
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.