Дошка гонару Шумілінскага раёна: Алена Васілеўская. 21.by

Дошка гонару Шумілінскага раёна: Алена Васілеўская

05.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Вучыць роднаму слову
Фатаграфія настаўніка беларускай мовы на першай паласе – гэта выдатная ідэя, тым больш такога адметнага настаўніка, як Алена Уладзіміраўна Васілеўская. Толькі не пытайцеся ў яе, ці шкадуе яна пра выбраны шлях, Алена Уладзіміраўна здзівіцца і нават пакрыўдзіцца.
Не, ніколі, ні пры якіх абставінах! Яна  настаўнік і адчувае сябе камфортна ў гэтай прафесіі, знаходзіць сваю работу бясконца цікавай, бачыць у ёй вялікі  прастор для самаразвіцця. Алена Уладзіміраўна з удзячнасцю ўспамінае сваіх школьных філолагаў Л. З. Асташонак, Г. П. Марозаву, Н. В. Бруцкую. Дзякуючы ім, з прафесіяй яна вызначылася яшчэ ў восьмым класе і ў школьным сачыненні напісала “Мару стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры”.
Сёння А. У. Васілеўская – адна з лепшых беларускіх філолагаў раёна. Яе вучні – пастаянныя пераможцы раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд. Яе ж вучаніца выпускніца Кацярына Гарохава два гады запар была пераможцам абласных і рэспубліканскага этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, а па ЦТ набрала 91 бал. Хіба не гонар для настаўніка!
Камплімент настаўніку – і яе паслядоўнікі, тыя, хто сярод мноства сучасных прафесій аддае перавагу беларускай філалогіі, як, напрыклад, яе вучаніцы Юлія Сямёнава, Вольга Раманенка, Юлія Паўлава.
– Як удаецца ўтрымліваць такую высокую планку?
Алена Уладзіміраўна ўсміхаецца:
– А ніякіх сакрэтаў, толькі праца, праца і праца.
–  Чым напоўнены ваш звычайны кастрычніцкі дзень?
– Школай. Званок – урок – перапынак – званок… Вечарам падрыхтоўка да ўрокаў, хочацца, каб дзецям на ўроку было цікава. Бывае, камусьці з бацькоў трэба патэлефанаваць, як ж класны кіраўнік у 7 класе, потым прэсу пачытаць і крыху прыхапіць позняга часу на добрую кнігу. Я вельмі люблю чытаць.
– А калі б была магчымасць, вы адмовіліся б ад класнага кіраўніцтва?
– Бадай, што не. Гэта ж другі фармат зносін, калі бачыш нейкія новыя грані характараў сваіх навучэнцаў, калі ў цябе ёсць магчымасць стаць для іх не толькі настаўнікам, але і дарадчыкам, сябрам, калі сам падсілкоўваешся ад іх энергіяй і задорам.
– Якіх беларускіх літаратараў вы шануеце асабліва?
– Люблю Івана Шамякіна за яго сюжэты, Васіля Быкава шаную, Уладзі-міра Караткевіча, ды многіх. Сярод сучасных нашых пісьменнікаў выдзяляю Андрэя Федарэнку, Алеся Бадака, Раісу Баравікову…
Алена Уладзіміраўна засмучаецца, што ўрокаў беларускай літаратуры ў школе стала менш, што дзецям не хапае моўнай практыкі. Таму яна вельмі радуецца, калі ўдаецца запаліць тую іскру цікаўнасці да роднага слова, калі пасля ўрока вучань ідзе ў бібліятэку, бярэ кнігу на беларускай мове.
Значыць, не дарэмна старалася. А вышэйшай пахвалой для сябе лічыць, калі нехта з вучняў скажа іншым часам: “Дзякуй за ўрок”.
Дзень за днём ужо 30 год яна ідзе ў клас з адным вялікім жаданнем: данесці да сваіх вучняў унікальнасць і прыгажосць нашага роднага беларускага слова.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №77 ад 05.10.2018 г.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучыць роднаму слову Фатаграфія настаўніка беларускай мовы на першай паласе – гэта выдатная ідэя, тым больш такога адметнага настаўніка, як Алена Уладзіміраўна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика