48 гадоў педагагічнага стажу, з якіх 40 гадоў на пасадзе дырэктара. Віктар Аляксандравіч Капітанаў – настаўнік-пенсіянер, якія мае ўстойлівыя жыццёвыя пазіцыі, свой аб’ектыўны погляд на свет, свае думкі пра развіццё сістэмы адукацыі. Яго жыццё прасякнута педагогікай. Рос у сям’і настаўнікаў і невыпадкова, што ён і сястра сталі настаўнікамі. Жонка таксама настаўніца. Старэйшы сын выбраў педагагічны шлях. Практычна за паўвека свайго жыцця Віктар Аляксандравіч ні разу не пашкадаваў аб выбранай прафесіі.
– Віктар Аляксандравіч, якая роля настаўніка ў сучасным свеце?
– Змяняюцца часы, але роля настаўніка застаецца адной і той самай. Калі я пачынаў педагагічны шлях, то любы настаўнік на пытанне, што табе трэба, каб даць добры ўрок, адказваў: дошка, добрая крэйда і мокрая ануча. Сучасны настаўнік адкажа, што яму патрэбна інтэрактыўная дошка, камп’ютар. У нас асновай была кніга, якую яшчэ трэба было пашукаць. Зараз у педагогаў у кішэні ўвесь свет. Каб атрымаць інфармацыю, трэба націснуць на пошук у гугле. Але пры гэтым патрэбна ўмець вылучыць інфармацыю, знаходзіць самае важнае.
Задача настаўніка ў любы час – падрыхтаваць вучня да сучаснага жыцця, даць веды. І працаваць так, каб яго работа давала вынік.
Нядаўна пабываў у сучасна абсталяваных кабінетах фізікі ў Століне і Давыд-Гарадку. Гэта не кабінеты – гэта цэлыя лабараторыі, у якіх можна выконваць практычныя заданні.
І зараз, як ніколі, мы набліжаемся да слоў, якія сказаў не папулярны зараз, але адукаваны чалавек Уладзімір Ленін: “Мы будуем такое грамадства, у якім настаўнік павінен быць пастаўлены на такую вышыню, на якой ён ніколі не стаіць і не можа стаяць у буржуазным грамадстве”.
І тое, што наш Прэзідэнт звяртае ўвагу на сістэму адукацыі, што на дзяржаўны ўзровень выносяцца пытанні павышэння заработнай платы настаўніка, абсталяванне кабінетаў, загрузка вучняў, будзе добра ўздзейнічаць на развіццё сістэмы.
– Быць настаўнікам сёння і 40 гадоў назад – калі складаней?
– Усё пазнаецца ў параўнанні. У час маёй маладосці пры кожным калгасе дзейнічалі агіткалектывы, якія ўзначальвалі дырэктары школ. Актыўна ў іх працавалі ўсе настаўнікі. Агіткалектыў выпускаў лістоўкі, вёў работу з насельніцтвам, дзяжурствы.
Зараз педагогам патрэбна адлюстраваць інфармацыю, перапрацаваць яе. Але ў плане падрыхтоўкі да ўрокаў сёння лягчэй, хаця і патрабуецца многа часу.
У сучаснага настаўніка шмат папяровай работы. А школа павінна даваць вынік, а не колькасць папер, папак.
– Ці змяніліся адносіны да настаўніка за апошнія паўвека?
– Змяніліся значна. Калі раней настаўнік на вёсцы быў асобай, то зараз гэта не так. Кожны педагог зараз пад прыцэлам фота і відэа. Адзін не вывераны крок убок – і ты ўжо “герой” сацсетак.
Калі раней настаўнік скажа бацькам, што іх сын робіць нешта дрэннае, то гэта ўспрымалася як заклік да дзеянняў у адносінах да дзіцяці. Слова дырэктара не падлягала сумненню. Зараз жа ў бацькоў можа быць любая рэакцыя ў адносінах да настаўніка.
– Як вы ставіцеся да змен, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі? Наколькі яны патрэбныя і ці не далёка мы адышлі ад добрых традыцый, што былі закладзены ў савецкі час?
– Сістэма адукацыі будзе ўвесь час удасканальвацца. Як настаўнік вучыцца ўсё жыццё, так і змяняецца гэтая сфера. Вось зараз можна пачуць скаргі, што часта мяняюцца падручнікі. А гэта адбываецца таму, што туды ўносіцца новая інфармацыя, новыя тэорыі. І гэта патрэбна адлюстроўваць і ў падручніках. Узгадайце нават літаратуру, якую вывучалі 20 гадоў таму, і наколькі зараз змяніўся пералік твораў, неабходных для чытання. Гэта натуральны працэс, які будзе працягвацца.
– Якім павінен быць сучасны настаўнік?
– Педагог павінен ведаць свой прадмет. Любіць сваю прафесію і дзяцей, пастаянна ўдасканальвацца. Апошняе асабліва важна ў сучасным грамадстве, дзе ідзе няспынны паток інфармацыі. І абавязкова павінен бачыць вынік сваёй работы.
– Што магчыма зрабіць зараз, каб не было выпадковых людзей у школах?
– Настаўнік павінен выбіраць прафесію па прызванні. Не сакрэт, што многія паступаюць у педагагічныя вну, таму што туды меншы прахадны бал.
Добра, калі вучань з педагагічнай сям’і і з маленства ведае, што такое праца настаўніка. Лічу, што для тых, хто паступае ў педагагічныя навучальныя ўстановы, патрэбна ўвесці характарыстыкі. Каб школа рэкамендавала чалавека для гэтай спецыяльнасці. Зараз камісія пры залічэнні бачыць балы. Гэтыя балы не гавораць пра якасці маладога чалавека, пра яго схільнасці. Таму і трапляюць у педагогіку выпадковыя людзі. А гэта бяда. Гэта цяжка ім, ад гэтага цяжка дзецям і няма ніякага толку ад такога настаўніка.
Выпадковыя часцей за ўсё ідуць са школы, але за два-тры гады яны паспяваюць сапсаваць веды вучня ці паўплываць негатыўна на яго.
Стварэнне педагагічных класаў – гэта ўжо дапамога з выбарам школьнікам. Разумею, што ў кожнай школе не створыш такія класы, але можна, напрыклад, вучняў з іншых школ запрашаць на заняткі ў час канікулаў.
Патрэбна ўводзіць дыферэнцыяцыю ў заработнай плаце. Чаму настаўнік, які ададе душу, павінен атрымліваць столькі ж, колькі “ўрокадавацель”? Такія эксперыменты ідуць у асобных школах. Мяркую, што хутка прыйдуць і да нас.
– Шмат гавораць пра загружанасць дзяцей. Ці павялічылася яна рэальна за апошнія 40-50 гадоў?
– Ёсць санітарныя нормы, якія рэгулююць колькасць часу, што вучань павінен праводзіць за хатнім заданнем. Але добры вучань ніяк у гэтыя нормы не ўкладзецца. Бачу гэта па сваіх унуках. Адсюль і нялёгкая задача для настаўніка – за ўрок даць максімум, каб дома вучань чым менш часу ўдзяляў школьным заданням.
– Як на ваш погляд: ці патрэбна сучаснаму вучню столькі інфармацыі, якую ён атрымлівае зараз у школе? Інфармацыйны перагруз прыводзіць да пагаршэння якасці?
– Прэзідэнт краіны гаворыць, што нашы падручнікі перагружаныя настолькі, што дзеці не могуць узяць усе тыя веды. І яны ім не патрэбныя. Ёсць спецыялізаваныя класы, павышаны ўзровень – там і патрэбна вывучаць на павышаным узроўні той напрамак, які цікавіць вучня. Па астатніх няхай будуць базавыя веды. Аднаму патрэбна фізіка, а другому яна ніколі не спатрэбіцца.
– Якая роля сям’і ў сучасным выхаваўчым працэсе?
– У большасці выхаванне перакладаецца на плечы школы. Бацькі занятыя. Іх хапае на тое, каб праверыць дзённік. Таму многія і ўпэўнены, што выхоўваць павінна школа. Але ж гэта не зусім так. Прыклад бацькоў, сацыяльны асяродак значна ўплываюць на дзяцей. Ролю школы я не заніжаю, але калі нешта адбываецца, то ў першую чаргу вінавата школа. І толькі ў другую – бацькі.
– Вашы пажаданні напярэдадні Дня настаўніка.
– Як старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы, член абласнога абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі віншую ўсіх педагогаў. Жадаю творчасці, натхнення, радасці ад поспехаў вучняў. Няхай вашы вучні змогуць сказаць праз гады: мяне вучыў Настаўнік ад Бога.
Ветэранам педагагічнай працы жадаю даўгалецця, здароўя, радасці, сямейнага дабрабыту. Каб не толькі вы памяталі школу, а і школа не забывала вас. Зараз у нашай арганізацыі 911 ветэранаў. Мы змаглі дабіцца таго, каб жадаючыя стаялі на прафсаюзным уліку. Гэта дае хоць невялікую магчымасць адзначыць іх у час юбілеяў.
– Дзякую за цікавую гутарку. І вас са святам. Здароўя, даўгалецця і надалей заставацца такім жа зацікаўленым Настаўнікам, які вядзе за сабою.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара