Святы “Хачу пабачыць акіян!” Рэпартаж са сцэны, дзе збываюцца мары
14.10.2018 12:46
—
Разное
|
Вось ужо 20 гадоў шырокае кола работнікаў айчыннай культуры, куды ўваходзяць і больш за дзве сотні прадстаўнікоў Жабінкаўшчыны, у другую нядзелю кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята. Сёлета юбілей сабраў іх 11 кастрычніка ў ГДК на ўрачыстую канцэртную праграму “Культурная прыстань”. СВЯТА ЛІТАРАЛЬНА з першага імгнення пагружаецца ў марскую тэматыку, сівалам якой стаў карабель, над якім лунае сцяг з тэатральнымі маскамі. З гонарам гучыць са сцэны: “Ёсць такая прафесія – дарыць людзям цеплыню, любоў і радасць”. Сапраўды, гэта сказана пра культработнікаў. Без іх удзелу немагчыма ўявіць шматлікія святы, на якія багаты год. У тыя дні, калі іншыя актыўна адпачываюць, працаўнікі культуры – у баявым страі, ствараюць гэты самы добры настрой. Аднак, надышоў дзень, калі набліжаецца і іх уласнае прафесійнае свята. А таму ГДК як вялікі акіянічны лайнер запрасіў на юбілейны рэйд ўсе ўстановы культуры. А ў іх ліку такія флагманы, караблі ды яхты, як дзіцячыя школы мастацтваў, раённы краязнаўчы музей, кінавідэасетка, клубы і сельскія дамы культуры, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Каб павіншаваць гэтую “баявую флатылію” на капітанскі мосцік узнімаецца старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Між іншым, кіраўнік раёна заўважае: – Мы ўсе хочам, каб Жабінкаўшчына развівавалася. Таму патрэбна, каб пра нас паболей ведалі, прыязджалі ў госці на розныя фестывалі. Для прыцягальнасці раёна, нашай агульнай малой радзімы нямала робіць культура, багатая на шматлікія таленты. Дзмітрый Мікалаевіч з задавальненнем называе калектывы, што прыносяць славу раёну, сталі яго сапраўднымі брэндамі, чые канцэртныя выступленні нязменна праходзяць на “ура”. У іх ліку – “Каруначкі” ды “Хмелеўскія валацугі”, вядомыя не абласным і нават міжнародным узроўнях. Асаблівая стаўка, падкрэсліў выступоўца, робіцца апошнім часам на развіццё турызму. У гэтай справе прыкметны ўнёсак з боку раённай бібліятэкі, дзе паспяхова асвойваюцца новыя камунікатыўныя сродкі, і канечне ж, ад супрацоўнікаў музея, якія пакрысе ствараюць надзейную пляцоўку для развіцця краязнаўства. Каб яшчэ шырэй стаў паток айчынных і замежных гасцей, да гэтай установы неўзабаве будзе пракладзена асфальтаваная дарога. – За тую радасць, што вы дорыце людзям, – заўважыў напрыканцы Дзмітрый Гарадзецкі, – яны са шчырасцю гатовы павіншаваць вас са святам. А я са свайго боку з прыемнасцю далучаюся да гэтых слоў удзячнасці. Акрамя таго, з рук кіраўніка раёна найлепшыя атрымліваюць узнагароды за шматгадовы добрасумленную творчую працу, актыўны ўдзел у культурным жыцці Жабінкаўшчыны. Граматамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджваецца народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” (пад кіраўніцтвам Наталлі Дырман) і акампаніятар народнага хору ветэроанаў “Тонус” Іван Пішчук, падзячнымі лістамі – дырэктар Жабінкаўскай ЦБС Галіна Дулевіч і кіраўнік ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” Ірына Румко. Амаль адразу пасля таго, як іх “старшы мічман” атрымала ўзнагароду, юныя матросікі з “Каруначак” прадэманстравалі свае цудоўныя артыстычныя здольнасці. А затым на палубу своеасаблівага лайнера ўзнімаліся людзі неабыякавыя да культурных спраў ды праблем. Найперш гэта начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Вера Бортнік. Ёй выпала адказная і вельмі прыемная місія ўручыць граматы аддзела цэламу шэрагу прадстаўнікоў з вялікай кагорты культработнікаў. Па свае ўзнагароды ўзнімаліся на сцэну супрацоўніцы бібліятэк Юлія Андрасюк, Надзея Балюк, Марыя Галаўчук і Алена Радкевіч; настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў Святлана Антановіч, Наталля Грэцкая, Ілья Учаеў і Алена Дзем’янюк, а таксама рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонту будынкаў ДШМ Аляксандр Канопка; відэадэманстратар раённай кінавідэасеткі Таццяна Давідчык; працаўнікі ДУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” Ірына Дулевіч, Дзяніс Бацук і Анатоль Ільківь; кіраўнікі калектываў “Аляксандр-парк” Наталля Лосева і “Непоседы” ды “STARDAS” Ірына Паўлава, што атрымалі творчую прапіску пад дахам гарадскога Дома культуры. Сярод узнагароджаных – і ўдзельнікі крыўлянскага міні-тэатра гумару, гульні і песні “Спявай, душа!”, які ўзначальвае Леанід Батура. Ён разам з Сяргеем Паўловічам ды Ганнай Пілінкевіч і ўзыходзяць наступнымі на палубу, каб узняць дзявяты вал добрага настрою, аптымізму, весялосці ў гасцей свята. Неўзабаве прысутным давялося з цікавасцю паназіраць і за тым, як бібліятэкары (іх вядучыя акрыцілі ні больш ні менш – “адміраламі культуры”), у відэароліку ўшчэнт разбівалі застарэлыя міфы пра сябе і сваю прафесію. Затым зала з прыемнасцю ўспрыняла віншавальныя словы старшыні прафсаюзнага камітэта Наталлі Грэцкай, якая ўзнагародзіла граматай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму метадыста аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыю Гаджыеву. …А адпачынак у бухце радасці на культурнай прыстані, між тым, працягваецца. На “палубу” па чарзе ўзнімаюцца дзіцячыя танцавальныя калектывы, Мікалай Носаў са сваёю “Звонкай балалайкай”, салістка Наталля Сяргеева. Менавіта яна, калі змоўклі апошнія акорды песні, прамаўляе на развітанне: – Гавораць, словы, сказаныя на сцэне, збываюцца. Таму хочацца прамовіць: “Я хачу пабачыць акіян!” – і ў адказ атрымала ва ўзнагароду свой калі не акіян, дык ручай апладысментаў – дакладна. Вельмі цёпла, сапраўды з душой стала ў зале, калі прагучалі словы падзякі ды былі ўручаны яркія кветкі – у падарунак “непераможным контр-адміралам культурнага флоту – нашым паважаным ветэранам”. Адначасова на сцэну ўзняліся маладыя спецыялісты, што сёлета “юнгамі ступілі на борт карабля”: бібліятэкар Вадзім Анісенка і настаўнік па класе гітары Андрэй Цімафееў. Пажаданні на дарогу ім – ад кіраўніка хору “Тонус” Людмілы Дошчык. Яна прысвяціла культуры раёна ажно 47 гадоў, выхавала не адно пакаленне музыкантаў і дасюль займае актыўную жыццёвую пазіцыю, “на самым грэбені культурнай хвалі”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось ужо 20 гадоў шырокае кола работнікаў айчыннай культуры, куды ўваходзяць і больш за дзве сотні прадстаўнікоў Жабінкаўшчыны, у другую нядзелю кастрычніка... |
|