У мэтах больш поўнага забеспячэння насельніцтва сельскагаспадарчай прадукцыяй, прадукцыяй мясаперапрацоўчай і малочнай галін, гаспадарчымі таварамі, кулінарнымі і кандытарскімі вырабамі, удабрэннямі, насеннем і саджанцамі, а таксама сель-скагаспадарчым інвентаром у Нясвіжскім раёне на працягу ўсёй восені праводзяцца кірмашы. Ладзяцца яны ў аграгарадках для большай зручнасці мясцовага насельніцтва (апошнія, напрыклад, былі арганізаваны ў Аношках і Друцкаўшчызне), а таксама — на гарадскім рынку ў райцэнтры па суботах. А вось у нядзелю на рынку, па добрай традыцыі, прайшоў міжрэгіянальны кірмаш.
Свае тавары несвіжанам і гасцям горада прадстаўлялі гаспадары з Нясвіжчыны і Клеччыны, Стаўбцоўскія райспажыўтаварыства і лясгас, рыбная гаспадарка “Альба”. Свае тавары прадставілі ААТ “Дабрабыт” і “Стаўбцоўскі РКБА”.
Тавары — самыя розныя. Напрыклад, Нясвіжскае райспажыўтаварыства рэалізоўвала свініну, а суседзі са Стоўбцаў гандлявалі свежай садавінай і гароднінай, рознымі нарыхтоўкамі і саленнямі. Напрыклад, 1 кг морквы ў іх каштаваў 0,69 руб., грушы — 1,38. За некалькі гадзін разабралі ў іх сталовыя буракі і цыбулю па 0,55 і 0,69 рубля адпаведна.
На кірмашы ўвогуле добра карысталася попытам гародніна — капуста, морква, цыбуля набываліся з запасам. Многія куплялі журавіны, мёд.
Журавіны ў Нясвіж прывезлі з брэсцкіх лясоў. Мёд быў з пасек Нясвіжчыны. Грыбамі гандлявалі гаспадары з Гродзеншчыны. Слоік сухіх белых грыбоў або свежых сівушак каштаваў 10 рублёў.
Многія пакупнікі пакідалі кірмаш з прыгожымі ахапкамі хрызантэм, цана за куст якіх вагалася ад 3 да 12 рублёў.
Садаводы-аматары вярталіся дадому з кустамі агрэсту, маладымі дрэўцамі абрыкоса, грушы і яблыні самых розных сартоў, сярод якіх “Лагодная”, “Канферэнцыя”, “Каштэль”, “Белы наліў”…
Зручныя невялікія шаткаўніцы ручной работы рамесніка з Міншчыны таксама прывезлі на кірмаш. Дэманструючы прыладу, спадар дарыў гатовую да квашання капусту і моркву жадаючым. Ды і шаткаўніцы ішлі на “ўра”.
На гарадскім рынку кожную нядзелю працуе прамысловы магазін Нясвіжскага райспажыўтаварыства. У час кірмашу прадавец Эла Каўганава прапаноў-вала тут беларускі трыкатаж, цацкі, посуд, гаспадарчыя тавары, дзіцячыя аўтамабільныя крэслы. На многія тавары працавалі зніжкі да 30 — 50 працэнтаў.
Цікавую прадукцыю прадставіў нясвіжскі “Дабрабыт”. Акрамя камплектаў пасцельнай бялізны і сувенірнай прадукцыі, на кірмашы быў беларускі лён — абрусы і сурвэткі з вышыўкай, што заўсёды карыстаецца попытам і ў гараджан, і ў гасцей горада.
Стаўбцоўскі РКБА прадставіў курткі і сарочкі жаночыя, камуфляжнае адзенне, бялізну ААТ “Світанак” і інш.
Не спынялася чарга да аўтамагазіна № 1 СВК “Агракамбінат Сноў”. Набывалі тут да стала каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, кансервы.
Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Стаўбцоўскі лясгас” на Нясвіжскім кірмашы прапанавала пасадачны матэрыял: туі, некалькі відаў ядлоўцу, ціс, блакітную елку, а таксама пладовыя кустарнікі — аронію чарнаплодную, каліну, барбарыс, глог. Для аматараў лазні прадавалі тут дубовыя і бярозавыя венікі. Сваё гандлёвае месца дзяўчаты аздобілі дарамі лесу — баравікамі, падасінавікамі, дэманстравалі плады кустоў, якія ішлі ў продаж, бурштынам зіхацеў на сонцы іх кветкавы лясны мёд.
Даспадобы і пакупнікам, і гандлярам прыйшлася ў гэты дзень музычная праграма калектыву аматарскай творчасці Грыцкевіцкага СДК “Суседзі”. Песні, жарты, карагоды прымушалі наведвальнікаў кірмашу спыняцца, і, паклаўшы пакупкі, далучыцца да праграмы-прадстаўлення ля ўваходу на рынак. Нават немаўляты ціхенька спалі ў калясках пад наглядам родных, а большанькія дзеці танцавалі разам з артыстамі. Сярод гледачоў толькі і чулася: “давай паслухаем!”, “Пачакай, давай пабудзем!”. Апладысменты і ўсмешкі на тварах несвіжан былі лепшай узнагародай для “Суседзяў”. І прыемна было бачыць, як удзельнікаў калектыву ў знак па-дзякі гаспадары частавалі прыгожымі яблыкамі.
Вядома, нельга поўнасцю перадаць тую атмасферу добразычлівасці, якая панавала ў дзень кірмашу на рынку. Яе трэба было адчуць, і тады песні “Суседзяў” вы прынеслі б у сваіх сэрцах разам з добрымі пакупкамі дадому.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.