Учительница Миорской СШ №3 победила в Международном конкурсе. 21.by

Учительница Миорской СШ №3 победила в Международном конкурсе

30.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 Настаўніца СШ №3 імя Ягора Томкі Ларыса ЛАПКОЎСКАЯ ў чарговы раз ускалыхнула свет, праславіла сваё і школьнае імя. Яна перамагла ў Міжнародным конкурсе выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры “Хрустальная чарнільніца”, які праходзіць пад эгідай Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь, фонду “Рускі свет” і Міжнароднага педагагічнага клуба. 

І раней Ларыса Лапкоўская часта ўдзельнічала са сваімі вучнямі ў міжнародных конкурсах, а фінальны этап усе разам праводзілі ў Маскве і вярталіся з цудоўнымі ўражаннямі. І цяпер паказала ўзорны прыклад сваім выхаванцам.


Сутнасць “Хрустальнай чарнільніцы” ў тым, што кожны год 14 кастрычніка на пяць дзён з’язджаюцца настаўнікі рускай мовы і літаратуры з усяго свету. Пяты раз запар удзельнікаў збірае беларуская сталіца, да гэтага спаборніцтва праходзіла ва Украіне. Мяркуецца, што ў бліжэйшыя гады прапішацца ў Расіі. Конкурс прэстыжны сярод філолагаў. На “вочную стаўку” збіраюцца толькі лепшыя педагогі — сёлета іх 12.


286 удзельнікаў з 16 краін Еўропы і Азіі зафіксаваны ў адборачным этапе. Сёлетні міжнародны конкурс прысвячаўся Льву Талстому ў гонар 190-годдзя з дня яго нараджэння. Умова — зрабіць відэаўрок па творчасці пісьменніка. У мінулыя гады ў фокусе ўвагі “Хрустальнай чарнільніцы” знаходзіліся Антон Чэхаў, Міхаіл Булгакаў, паэты Сярэбранага стагоддзя.


Ларыса Генрыхаўна літаральна прасяклася вялікім рускім пісьменнікам. Кожны дзень па гадзіне-паўтары ў інтэрнэце падрабязна вывучала яго біяграфію, творчую спадчыну. Як аказалася, гэта вельмі складаны, дзіўны чалавек. А ў якасці тэмы для відэаўрока настаўніца выбрала апавяданне “Сіла дзяцінства”. Занятак праводзіла ў 5 “Б” класе. Вучні адчулі праблематыку твора на сабе.


 Сюжэт апавядання кранальны. Раз’юшаны натоўп вядзе на кару вінаватага мужчыну, які зрабіў дрэнны ўчынак і заслугоўвае смерці. Побач ступае бязлітасны карнік, які прывядзе ў выкананне прысуд. Тут з натоўпу выбягае маленькі хлопчык — сын вінаватага. І пытаецца ў таты, куды ён ідзе і хто гэты дзядзька побач. Мужчына суцяшае малога і называе карніка сваім сябрам. Раптам раз’юшаны народ стаў мякчэць, іх скарыла прастата і шчырасць дзіцяці. Вінаватага адпусцілі.


— Трэндавая форма сучасных урокаў — майстэрня пабудовы новых ведаў. Што маецца на ўвазе? Вучням трэба паказаць праблему, а яны павінны знайсці магчымыя варыянты яе рашэння. Напрыклад, на аснове гэтага апавядання дзеці зрабілі выснову, што сапраўдная моц заключаецца не ў фізічнай сіле і нават не ва ўзросце. А ў простай чалавечай дабрыні, непасрэднасці, шчырасці. Маленькі хлопчык змог супако- іць катэгарычна настроены натоўп. Гэта сапраўды здорава! — не хавае ўражання ад геніяльнасці ў простым Ларыса Лапкоўская. — Словам, на ўроку ўсе стараліся. Хацелі адборачны этап прайсці дастойна. Даслалі відэазапіс арганізатарам конкурсу. Потым я адсочвала ход падзей на сайце. На пробны этап прадставілі 286 урокаў. Няслаба! Надзея, як вугельчык, толькі тлела…


Аднойчы, калі Ларыса Генрыхаўна вяла занятак у тым жа, толькі ўжо 6 “Б” (відэаўрокі дасылалі ўвесну мінулага навучальнага года), на мабільны прыйшло паведамленне, што яна ўвайшла ў лік дванаццаці фіналістаў. Здзіўленню, радасці і акрыленасці не было межаў. Трэба збірацца ў Мінск на фінальны этап! І, канечне, выступіць дастойна, каб трымаць узровень роднай школы.

Прывітанне, Мінск!
За пяць дзён у сталіцы сапраўды адпачнеш душой. Тым больш што ўвесь гэты час прайшоў разам з калегамі-мовазнаўцамі з Беларусі, Грузіі, Малдовы, Італіі, Славакіі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Латвіі. Адкрытыя ўрокі, майстар-класы, абмеркаванне педагагічных праблем. Як аказалася, ва ўсіх краінах настаўніцкія клопаты аднолькавыя — за дзяцей, за заробак. У Грузіі ён, напрыклад, 80 долараў. Сумуюць настаўнікі і па краіне без межаў, калі суседнія дзяржавы не раз’ядноўваліся мяжой. Але зараз не пра гэта. А пра цудоўны тыдзень “Хрустальнай чарнільніцы”.


Мінск сустрэў радасна і прыязна. Прыпыніліся госці на алімпійскай базе ў пасёлку Ждановічы на беразе Мінскага мора, дзе пасля напружаных будняў праходзяць рэабілітацыю спартсмены.


— Ціхая прырода, сасновыя лясы, — узгадвае замілаванне прысталічным наваколлем Ларыса Лапкоўская.
І ўсё гэта як трывалы падмурак для актыўнай працы, міжнароднага абмену вопытам. Дні выдаліся насычанымі ў адпачынкавым і працоўным аспектах. Арганізатары пастараліся.


Жараб'ёўка. Ніяк не хацелася Ларысе Генрыхаўне замыкаць тузін канкурсантаў, але з лёсам не паспрачаешся. І ўсюды яна спаборнічала дванаццатай.


— Гэта добра? Наадварот, вельмі хвалююча. Злашчасны нумар. Усе выступаюць перад табой. Іх хваляць, апладзіруюць. А ты чакаеш сваёй чаргі. Сяджу — дрыжу. Найперш ад сумнення. А раптам нешта не так падрыхтавала. А раптам усё забудуся.


Першы конкурс — візітоўка. Тут поўная свабода. Удзельнікі рыхтавалі прэзентацыі, танчылі. Міёрскі педагог выбрала гумар, жартоўна расказала пра настаўніцкі лёс. Чакаў канкурсантаў адкрыты ўрок у незнаёмым класе. Заняткі праходзілі ў сталічнай школе №17. Усё атрымалася на выдатна, але больш за ўсё Ларыса Генрыхаўна рыхтавалася да тэставага спаборніцтва па творчасці Льва Талстога, дзе яе старанні цалкам апраўдаліся.


У праграме “Хрустальнай чарнільніцы” — "круглы стол" у гімназіі №70 з настаўнікамі рускай мовы і літаратуры школ сталіцы; майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Доме дзіцячай творчасці.

 Каго я бачу!
— Пайшлі мы ў Вялікі тэатр оперы і балета на "Лебядзінае возера", — працягвае расказваць пра адпачынак уладальніца "Хрустальнай чарнільніцы".—І я зразумела, што мая паездка ў Мінск пэўным чынам незвычайная. Паўсюль выпадкова сустракала міярчан. У тэатры ўбачыла свайго былога вучня Алега Шэнду, які цяпер служыць ксяндзом і будуе касцёл ва Уруччы. Абодва здзівіліся сустрэчы. Падчас адкрытых урокаў падбягае да мяне жанчына і просіць перадаць прывітанне педкалектыву былой СШ №1, намесніку дырэктара Ірыне Ханецкай, расказвае, што выкладала там працоўнае навучанне.


Такая ж нечаканая сустрэча адбылася і ў апошні дзень. Вяртаючыся з працы, я вырашыла некалькі метраў прагуляцца пешшу. Бачу каля станцыі метро "Якуба Коласа" знаёмую постаць Ларысы Генрыхаўны. Узрадаваная і абцяжараная падарункамі, яна чакала сустрэчы з дачушкай. З першых вуснаў я і даведалася, што міёрская настаўніца перамагла ў міжнародным педагагічным конкурсе.


Ларыса Лапкоўская стала бронзавым прызёрам "Хрустальнай чарнільніцы". На першым месцы ўдзельніца з Расіі, яна мае статус заслужанага педагога РФ, прымае экзамены ў ВНУ. На другім фіналістка са Славакіі, працуе ў гімназіі і выкладае там рускую мову як замежную. Тройку пераможцаў узнагародзілі ноўтбукамі, чарнільніцамі з хрусталю, дыпломамі і метадычнымі дапаможнікамі.


Наогул, увесь тузін канкурсантаў — асобы нестандартныя, зацікаўленыя, адметныя. Удзельнічаў 80-гадовы настаўнік з Адэсы. Прыехаў у Мінск на аўтобусе, правёў адкрыты ўрок і адправіўся назад у родныя пенаты, бо не хацеў пакідаць на цэлы тыдзень сваіх выхаванцаў.


— "Журыла" нас міжнародная калегія, сярод іх трое ўкраінцаў. Яны заўсёды трымаліся разам, спявалі ўкраінскія песні. Мы нават не маглі зразумець, чаму там ідзе вайна, — не хавае здзіўлення міярчанка. — Прычым жыхары Данбаса расказвалі пра радню ў Львове, а кіяўляне — пра родных у ДНР.

Замест рэзюмэ
— Я ўпэўнена, што абсалютна ўсе фіналісты сабраліся на "Хрустальнай чарнільніцы" не дзеля пашаны, тытулаў і статусаў, — расстаўляе акцэнты настаўніца. — Перш за ўсё важныя прафесійныя стасункі. Цікава даведацца, як праходзяць урокі ў розных куточках свету. З чалавечых зносін куды больш пазнаеш, чым з газет і тэлебачання. Я ўжо даўно ў інтэрнэце сачыла за гэтым конкурсам, але некалькі гадоў не адважвалася падаць заяўку. Здавалася, што гэта для мяне недасягальна. Якія планы далей? Іх велізарная колькасць. Я проста забабонная, таму не магу раскрываць усіх задумак. Адно скажу: цяпер кірую 5 “А” класам, дзе слаўныя выхаванцы. Думаю, мы разам возьмем многія вяршыні. Вельмі люблю сваю работу. Многія знаёмыя пытаюцца: “Навошта табе гэтыя конкурсы, толькі лішні клопат”. Што можна адказаць? Я проста люблю тое, што раблю, і таму бязмежна шчаслівая. 

Фота з уласнага архіва Ларысы ЛАПКОЎСКАЙ.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Настаўніца СШ №3 імя Ягора Томкі Ларыса ЛАПКОЎСКАЯ ў чарговы раз ускалыхнула свет, праславіла сваё і школьнае імя. Яна перамагла ў Міжнародным конкурсе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика