Васіль Фядотаў з КСУП «Барчыцы-агра» — «сярэбраны» прызёр абласнога конкурсу
У Горках на базе Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі прайшоў абласны конкурс аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Прадстаўнікі нашага раёна вярнуліся з яго з цэлай калекцыяй узнагарод.
Гонар Кіраўшчыны абаранялі пераможца сёлетняга раённага конкурсу Юлія Пархімчык з КСУП “Чырвоны баец” і “сярэбраны” прызёр Васіль Фядотаў з КСУП “Барчыцы-агра”.
Трэба адзначыць, што абодва тэхнікі-асемянатары ўжо не аднойчы выступалі на абласных конкурсах і заўсёды паказвалі высокія прафесійныя рэзультаты. Не сталі выключэннем і сёлетнія спаборніцтвы.
Пасля ўдзелу ў некалькіх этапах конкурсу Васіль Фядотаў заваяваў другое месца сярод удзельнікаў з усіх раёнаў вобласці . Наш зямляк узнагароджаны Ганаровай граматай РУСВП “Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства”, а таксама каштоўным падарункам — халадзільнікам.
Ганаровай граматай была адзначана Юлія Пархімчык — за высокае прафесійнае майстэрства, адзін з самых лепшых рэзультатаў па выхадзе цялят на 100 галоў БРЖ — галоўны паказчык ў рабоце тэхніка-асемянатара. У якасці падарунка Юлія атрымала швейную машынку.
Акрамя канкурсантаў высока была ацэнена таксама работа начальніка філіяла па Кіраўскім раёне Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства Галіны Шкрабавай. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай за асабісты ўклад у развіццё племянной справы, Дыпломам за лепшую арганізацыю і правядзенне раённага конкурсу прафмайстэрства сярод аператараў па штучным асемяненні БРЖ, а таксама каштоўнымі падарункамі.
Юлія Пархімчык з КСУП «Чырвоны баец»
Начальнік філіяла па Кіраўскім раёне Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства Галіна Шкрабава