Они работы не боятся! Семья Буйницких из деревни Жары держит большое подсобное хозяйство. 21.by

Они работы не боятся! Семья Буйницких из деревни Жары держит большое подсобное хозяйство

09.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Доўгую паездку ў іншы раён да радні і нават позні пад’ём гэтыя людзі сабе не дазваляюць. Тым больш не можа быць гаворкі і пра адпачынак у санаторыі ці на моры – шматлікая жыўнасць, што гадуецца на падворку Віктара і Людмілы Буйніцкіх з вёскі Жары, патрабуе пастаяннага догляду. Навошта такія ахвяры? – скажаце вы, але гаспадары з вамі паспрачаюцца і з задавальненнем паведамяць пра плюсы асабістай падсобнай гаспадаркі.

Пра тое, што Віктар Мікалаевіч – адзін з лепшых механізатараў ААТ “Ільюшынскі”, мы неаднаразова расказвалі падчас рэпартажаў з палёў, дзе ён задзейнічаны на працягу года. Не прывыкла сядзець без справы і Людміла Уладзіміраўна, якая працавала маляром-тынкоўшчыкам, аператарам машыннага даення, поварам. Вось толькі пастаянная занятасць на рабочых месцах ніколі не была для сям’і падставай адмовіцца ад гаспадаркі. І сёння яны трымаюць дзвюх кароў і падцёлка, каня, свіней і птушку, кожны год гадуюць бычкоў.

– Гэта ўсё Віктар! Пераманіў у маладосці з горада ў вёску і прывучыў да сялянскай працы. А зараз іншага жыцця не ўяўляю! Як жа не трымаць нікога, маючы ўласную сядзібу і добры кавалак зямлі? Цікава, што ў будаўніцтве гэтага дома і іншых па нашай вуліцы я ўдзельнічала, працуючы калісьці ў ПМК-66! Аднак тады не ведала, што менавіта тут буду жыць. Лёс – інакш не скажаш! – усміхаецца гаспадыня, дзяцінства і юнацтва якой хоць і прайшлі ў Наваполацку, аднак карані Людмілы Уладзіміраўны з суседніх Петухоў і кошт кавалка хлеба яна ведала на прыкладзе бабулі, якой усяляк дапамагала.

У доме і на сядзібе Буйніцкіх заўсёды парадак, бо кожны дзень у 5 гадзін раніцы яны ўжо на нагах. Часам дазваляюць сабе паспаць лішнюю гадзіну, ды не атрымліваецца: спрацоўвае біялагічны будзільнік. Накарміць усіх гадаванцаў, падаіць і вывесці ў поле кароў – усё гэта займае нямала часу. Зрэшты, працэс даення не лічыцца выключна жаночым абавязкам, і за гэту справу нярэдка бярэцца гаспадар. Улетку, калі Віктар Мікалаевіч ад цёмнага да цёмнага заняты на палявых работах, асноўны цяжар кладзецца на гаспадыню, але тая аптыміст па натуры: “Стамлюся? Заўтра ўсё пройдзе!” Летам шлях да поля, дзе пасвяцца каровы, Людміла пераадольвае на скутэры.

– Паспрабуйце вось дамашняй тушонкі, а гэта капуста са сваіх сотак і малако, не параўнаць з магазінным! Любімай жа стравай у нас з’яўляюцца клёцкі ды “жулікі” – таксама з усяго свайго! – прапаноўвалі ацаніць на смак выгоды натуральных прадуктаў гасцінныя гаспадары.

Яны расказвалі, як аднойчы вырашылі паэксперыментаваць і завялі нутрый. Знешне гэтая жывёліна падобная на дробнага бабра ці махнатага пацука. Вырошчваецца як на мяса, так і з-за футра. І хоць у ежы нутрыі не пераборлівыя, аднак Буйніцкія адмовіліся ад іх у першую чаргу з-за цеплалюбівасці звяркоў, якія ў зімовы сезон, абмарозіўшы лапы ці хвост, часта хварэюць. Да таго ж ім патрэбны пастаянныя водныя працэдуры, а значыць і хаця б невялікая саджалка.

“Хутка карова на падворку будзе экзотыкай! Тады будзем запрашаць экскурсіі і мець з гэтага капейку!” – жартуюць гаспадары. І сапраўды, у апошнія гады колькасць буйной рагатай жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян скарачаецца, у вёсках застаецца ўсё менш рагуль, а сядзібы, дзе трымаюць некалькіх кароў, наогул можна пералічыць па пальцах. Не будзем заглядваць у будучыню, але прыклад Буйніцкіх паказвае, што лішкі малака сёння – зусім не лішняя капейка для сялян. Здаюць яго як мясцоваму зборшчыку малака, так і дзеляцца са знаёмымі: сыры і масла гаспадыні палюбіліся многім. Прычым заробак гэты – не роўня сезонным грыбам-ягадам, а пастаянны, які на сяле цяжка адшукаць.

Вядома ж, трымаюць гаспадары і немалы ўчастак, толькі бульбы садзяць больш за 45 сотак, а яшчэ шматлікую агародніну. Для апрацоўкі плошчаў трымаюць каня, не аддаючы пакуль перавагу папулярным мотаблокам.

– Канечне, самым праблемным пытаннем для тых, хто трымае кароў ды коней, з’яўляецца нарыхтоўка сена. Уявіце, колькі кармоў трэба закласці на зіму на наш міні-статак! Вялікую дапамогу ў гэтым аказвае сельгаспрадпрыемства, за што мы вельмі ўдзячны яго кіраўніку Сяргею Анатольевічу Халімоненку. Дырэктар, напрыклад, дазваляе карыстацца трактарам гаспадаркі для апрацоўкі нашых сотак. А раз такія адносіны да сваіх работнікаў, хіба ж я магу адмовіць яму ў просьбе папрацаваць звышурочна ці ў выхадны? Канечне, не! – сам дае адказ на сваё пытанне гаспадар.

Да нялёгкай сялянскай працы прывучылі бацькі і сыноў. Сёння Віктар і Аляксандр ужо дарослыя, стварылі свае сем’і, жывуць і працуюць на БелАЗе. Профіль іх дзейнасці ніяк не звязаны з сельскай гаспадаркай, але трымаць у руках граблі ці хадзіць за плугам яны не развучыліся – нягледзячы на адлегласць у больш чым дзве сотні кіламетраў, часта наведваюцца ў родныя Жары і дапамагаюць бацькам. У сваю чаргу тыя дзеляцца з дзецьмі прадуктамі з падсобнай гаспадаркі, для чаго, па вялікім рахунку, яе і трымаюць – гэта істотная падтрымка для маладых сямей.

Нягледзячы на ўсе клопаты, Людміла паспявае ўдзяляць час пакаёвым і вулічным кветкам, сярод якіх асобнае месца адводзіцца любімым лілеям і хрызантэмам. Віктар у вольную хвіліну імкнецца штосьці падмайстраваць, дарабіць – без мужчынскай рукі ва ўласным доме не абысціся. Нават зімой, калі становіцца менш спраў, яны знаходзяць сабе занятак. І калі муж не цураецца падаіць кароў, то жонка бярэ ў рукі сякеру – разам накіроўваюцца ў лес нарыхтоўваць дровы.

Калісьці вясковыя людзі толькі і жылі з таго, што вырасцяць на падворку, сёння ж абсалютна ўсё можна набыць у магазіне. Але сям’я Буйніцкіх упэўнена, што сваё – самае лепшае, толькі для гэтага трэба шчыра папрацаваць!

Вольга КАМАРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Доўгую паездку ў іншы раён да радні і нават позні пад’ём гэтыя людзі сабе не дазваляюць. Тым больш не можа быць гаворкі і пра адпачынак у санаторыі ці на моры –...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика