«Бродячая» проблема или Мы в ответе за тех, кого приручили?
28.11.2018
—
Разное
|
Невялікае чорнае кацяня сядзела непадалёк ад магазіна, дрыжэла ад холаду і сумнымі вачыма пазірала ў вочы ўсім, хто праходзіў міма… Яго гаспадыня вырашыла змяніць месца жыхарства і, прыхапіўшы з сабой рэчы, накіравалася ў суседні горад. Толькі вось сярод усяго нажытага і каштоўнага месца маленькаму Барсіку не знайшлося… Так дамашні гадаванец пераўтварыўся ў бадзяжную, нікому непатрэбную жывёліну. Падобных гісторый насамрэч тысячы, калі каты ці сабакі па прычынах “псуе мэблю”, “яму патрэбна шмат ежы”, “не гаўкае”, “мяўкае”, “не ловіць мышэй”, “давіць курэй” выкідваюцца на вуліцу, дзе размнажаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Ёсць і яшчэ адна крыніца папаўнення арміі бадзяжных жывёл: дамашні гадаванец дае прыплод, а людзі “лішнія экзэмпляры” проста выкідваюць куды ўздумаецца. “Хопіць мне і двух катоў, а гэтых маленькіх, калі адкрыюць вочы, занясу на бліжэйшую жывёлагадоўчую ферму, там не прападуць – глядзіш малака ім перападзе, а калі падрастуць – мышэй будуць лавіць!” – казаў адзін знаёмы мне чалавек і ніяк не пагаджаўся, што робіць няправільна. На жаль, сёння так разважаюць далёка не адзінкі. Нядаўна ў рэдакцыю завіталі ўзрушаныя індывідуальныя прадпрымальнікі з рынка, якіх вельмі хваляваў той факт, што райспажыўтаварыства выдала ім прадпісанне, у якім забараняецца падкормліваць бадзяжных жывёл і абсталёўваць для іх тапчаны: “Як так? Адносіцца да жывёлы па-варварску мы не можам! Ды і якія яны бадзяжныя, калі мы іх даглядаем, кормім, лечым і прыстройваем у добрыя рукі? Пагадзіцца з такім немагчыма!” Гэтыя нераўнадушныя людзі, якія ледзь не са слязьмі на вачах апісваюць сітуацыю, канечне, маюць рацыю. Аднак, трэба зразумець і супрацьлеглы бок – наяўнасць на рынку бадзяжных жывёл не толькі не падабаецца пэўнай катэгорыі пакупнікоў, а і з’яўляецца парушэннем санітарных норм і правілаў. Вінаваты ж у сітуацыі тыя, хто разважае як прыгаданы вышэй грамадзянін. Атрымліваецца замкнёнае кола, з якога цяжка знайсці выйсце. І калі каты ўяўляюць невялікую небяспеку для людзей, то сабакі – рэальную пагрозу. Спагада супраць чэрствасці У любой з сацыяльных сетак лёгка знайсці ў шматлікіх групах мноства запісаў з фота кшталту “кацяня шукае новых гаспадароў” ці “аддадзім у добрыя рукі”. Такім чынам нераўнадушныя ўшачане спрабуюць знайсці дом для нічыйных жывёл. “Ідучы дадому з дачкой, убачылі на дарозе кацяня з акрываўленай галавой і не змаглі прайсці міма – забралі, вылечылі, а пазней і прыстроілі Тайсана ў добрую сям’ю. А дапамагчы бадзяжнаму сабаку па мянушцы Сара мы імкнуліся цэлай кампаніяй: выратавалі ад смерці, кармілі, у складчыну стэрылізавалі, а потым доўга шукалі, каму б яна магла стаць верным сябрам. Праз інтэрнэт усё ж знайшлі гаспадароў у суседнім Полацкім раёне. Зараз перыядычна атрымліваю адтуль фотапрывітанні і радуюся, што ўсе намаганні былі недарэмнымі”, – расказвае ўшачанка Святлана Бугай. Толькі сёлета дзякуючы ёй у добрыя рукі трапілі трое бадзяжных сабак і пяцёра катоў. Зрэшты, гадаванец у яе сям’і з’явіўся практычна такім жа чынам: хтосьці выкінуў у лес пакет з кацянятамі, адзін з якіх выжыў. У маладой ушачанкі нямала аднадумцаў, якія выхаджваюць выкінутых на сметнік у каробцы нованароджаных кацянят, не праходзяць міма параненай ці галоднай жывёлы. А ўвесь мікрараён на Віцебскай добра ведае рыжага сабаку Дружка, якога лічаць сваім у двары дома нумар 6. Жыхары яго даглядаюць, змайстравалі будку, набылі ашыйнік і ўжо практычна ніхто не лічыць яго бадзяжным. Як вырашыць праблему? Задасце вы поўнасцю лагічнае пытанне. Дзяржаўных прытулкаў для жывёл у Беларусі няма. Маюцца пункты часовага ўтрымання, імі займаецца жыллёва -камунальная гаспадарка, рэгламент – 5 дзён пасля адлову, а потым жывёл усыпляюць. У некаторых гарадах ёсць прыватныя прытулкі, якія існуюць выключна на сродкі валанцёраў, добраахвотных ахвяраванняў, спонсараў. Напрыклад, віцебскі, які разлічаны на 400 месцаў і часткова датуецца з бюджэту, зараз перапоўнены і просіць дапамогі ў грамадзян, бо каты і сабакі могуць не перажыць першыя халады. Наваполацкае аб’яднанне “Шанс” імкнецца зменшыць колькасць бадзяжных жывёл шляхам пошуку новых гаспадароў і стэрылізацыі. Аднак поўнасцю сітуацыю можна палепшыць, толькі калі людзі зменяць свае погляды. Куды больш гуманна адзін раз выдаткаваць грошы і стэрылізаваць кошку, чым кожныя некалькі месяцаў падкідваць прыплод на фермы, рынкі ці ў смеццевыя бакі. Не варта адмаўляцца і ад кастрацыі катоў – гэта таксама варыянт для змяншэння папуляцыі. Прычым, вопытныя ветэрынары завяраюць, што ні адна, ні другая працэдура не ўплываюць дрэнным чынам на жывёл, у прыватнасці, – мышэй яны ловяць. Але і тут ёсць адзін нюанс: калі працэдуру кастрацыі ва Ушачах робяць, то стэрылізацыі – пакуль не, у адрозненні ад шматлікіх прыватных ветклінік у тым жа Полацку. А як за мяжой? У Італіі за выкінутага на вуліцу гадаванца “свеціць” штраф 10 тысяч еўра, умоўнае пакаранне або зняволенне на год! У Турцыі на гарадскіх вуліцах устаноўлены кармушкі, а гарадскія паркі часта аказваюцца кацінай тэрыторыяй з дамамі для жывёл. Абсталяваннем такіх лакацый займаюцца мясцовыя мэрыі, а за здароўем чатырохногіх сяброў сочаць ветэрынары. А таго, які спадабаўся, можна прыхапіць дадому. У некаторых краінах Еўропы дзейнічае прэвентыўны метад – падатак на ўтрыманне гадаванца. Перш чым завесці яго, будучы гаспадар павінен пацвердзіць сур’ёзнасць сваіх намераў. У Швецыі, Нарвегіі гэтая сума залежыць ад памеру сабакі. У Германіі – 150 еўра за першага і 300 – за другога (у Кітаі, напрыклад, дазволена мець толькі аднаго), а за байцовага – 650. Выплата падатку мае на ўвазе яшчэ і рэгістрацыю: гадаванцу прысвоіцца нумар, які ўладальнік выгравіруе на ашыйніку або татуіроўкай змесціць на вуха. Каб узяць у прытулку сабаку ў Канадзе, неабходна займаць чаргу мінімум тры тыдні, а затым прайсці строгі адбор. Нідэрланды лічацца адзінай у свеце краінай, дзе няма бадзяжных жывёл. Калі звесці сакрэт поспеху да некалькіх тэзісаў, ён аб’ядноўвае лепшае з міжнароднай практыкі: і прававы статус жывёл (у тым ліку пакаранне за жорсткае абыходжанне з імі), і падаткі на ўтрыманне, і масавая стэрылізацыя ў абавязковым парадку: каб прапанова не перавышала попыт. Магчыма, і нам варта было б пераняць штосьці з замежнага вопыту, каб зменшыць колькасць нічыйных жывёл і спыніць іх імклівае распаўсюджанне. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Невялікае чорнае кацяня сядзела непадалёк ад магазіна, дрыжэла ад холаду і сумнымі вачыма пазірала ў вочы ўсім, хто праходзіў міма… Яго гаспадыня вырашыла...
|
|