Вялікі бізнес – маленькім дзецям...
04.12.2018
—
Разное
|
Тыя з дзетак, хто знаходзіўся на мінулым тыдні, а дакладней 29 лістапада, на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні Івацэвіцкай цэнтральнай бальніцы, канешне ж, запомняць гэту падзею. Дастаткова сумны час прабывання тут раптам расквеціўся цікавым і яскравым выступленнем артыстаў-аніматараў!
Канешне, адбылося гэта не проста так, а ў рамках запланаванай, вобразна кажучы, інспекцыйнай паездкі групы закрытага акцыянернага таварыства “Банк ВТБ (Беларусь)” на чале з кіраўніком, старшынёй праўлення Уладзімірам Івановым, якога сустракалі ў бальніцы яе галоўны ўрач Васілій Юзэфовіч і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец.
Што за інспекцыйная паездка такая і чаму да нас?
Тут трошкі гісторыі.
ЗАТ “Банк ВТБ (Беларусь)” працуе ў нашай краіне з 1996 года. Цяпер ён стабільна ўваходзіць у дзясятку самых буйных банкаў нашай краіны.
У 2008 годзе – дзесяць гадоў таму – праўленне банка прыняло рашэнне аб правядзенні бестэрміновай дабрачыннай акцыі “Свет без слёз”. Сутнасць акцыі – у спонсарскай кропкавай дапамозе медыцынскім установам Рэспублікі Беларусь з ухілам на дзяцей.
Расказвае старшыня праўлення ЗАТ “Банк ВТБ (Беларусь)” Уладзімір Іваноў:
– Для нашага банка такая дабрачынная дзейнасць – гэта ўвасабленне нашай сацыяльнай адказнасці. Той самай адказнасці, якая дыктуе нам нейкую частку нашага прыбытку накіроўваць на дабрачыннасць. Мы не выбіраем рэгіёны і ўстановы па нейкай сістэме, але мы старанна вывучаем заяўкі і імкнёмся ўлічваць іх.
– 10 гадоў – колькі ўсяго адрасоў, па якіх была атрымана ваша дапамога?
– За гэты час мы аказалі фінансавую дапамогу 30 установам у 25 гарадах краіны. Улічваючы, што гэты год у нас – юбілейны для нашай праграмы, мы вырашылі павялічыць істотна суму дапамогі. Тром установам аховы здароўя, а таксама тром цэнтрам карэкцыйнага развіцця, рэабілітацыйным – усяго па шасці адрасах у гэтым годзе аказана дапамога на суму ў 94 тысячы рублёў.
Расказвае галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч:
– Мы атрымалі ад ЗАТ “Банк ВТБ (Беларусь)” суму ў 19 тысяч беларускіх рублёў. Згодна з дагаворам, які быў заключаны, грошы павінны былі быць патрачаны на паляпшэнне ўрачэбнай дапамогі дзецям. Правялі сход работнікаў дзіцячага аддзялення, паслухалі ўсе прапановы і вырашылі: набыць абсталяванне і аснасціць для работы другі стаматалагічны кабінет у дзіцячай паліклініцы (на здымку: у новым стаматалагічным кабінеце ў дзіцячай паліклініцы г. Івацэвічы працуюць урач-стаматолаг, тэрапеўт дзіцячы Ганна Дабрадзей і медыцынская сястра Юлія Кудзіна). Бо ён нам вельмі і вельмі трэба, загрузка адзінага кабінета там была вельмі вялікай. Зрабілі. Рэшту грошай патрацілі на іншае абсталяванне і прыборы, якія, скажу шчыра, вельмі няпроста набыць за бюджэтныя сродкі. Усе грошы, да капейкі, патрачаныя на патрэбы дзіцячага аддзялення…
Слова – загадчыцы дзіцячага аддзялення райбальніцы Крысціне Вебер:
– Дзякуючы гэтай дабрачыннай дапамозе мы маем сярод іншага вось такі цудоўны апарат для эфектыўнага лячэння дзіцячай жаўтушкі. Ёсць у нас цяпер два партатыўныя інгалятары для дзетак (на здымку 5), таксама набылі два супраціпролежневыя матрацы. Ёсць яшчэ невялікі партатыўны прыбор, якім без цяжкасці і лішніх працэдур можна вызначыць насычанасць крыві кіслародам у чалавека. Таксама набылі настольныя гульні – дзеці ёсць дзеці, ім хочацца актыўна бавіць свой час, калі нават і прыхварэўшыя...
Пакуль дарослыя размаўлялі пра свае сур’ёзныя справы, у шырокім калідоры была створана невялікая імправізаваная глядзельная зала, упрыгожаная і святочная. Дзеці, хто самастойна, хто з мамамі, занялі свае месцы – і дзея пачалася. Спачатку юныя гледачы назіралі за рознымі эксперыментамі з “сухім” лёдам, а пасля і самі спрабавалі розныя цікавосткі. Шчырае захапленне выклікала выступленне другога аніматара, які паказваў проста цуды са звычайнымі мыльнымі бурбалкамі. Яны былі такія вялікія, што нават у іх можна было схавацца. І не проста схавацца, а нават загадаць у ім жаданне, якое, канечне ж, абавязкова здзейсніцца…
Старшыня праўлення ЗАТ “Банк ВТБ (Беларусь)” Уладзімір Іваноў выслухаў напрыканцы шчырыя словы падзякі ад імя ўсіх урачоў і раённай улады, Васілій Юзэфовіч уручыў яму Падзяку, зазначыўшы, што гэтая фінансавая падтрымка з боку банка ВТБ – неацэнны ўклад у развіццё медыцынскага абслугоўвання дзіцячага насельніцтва раёна.
ХХХ
Некалькі слоў роздуму пасля гэтай падзеі хочацца дадаць. Сімвалічна атрымалася, што гэтая сустрэча адбылася якраз падчас старту дабрачыннай агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, якая праводзіцца штогод перад святам Новага года. І вось што нам трэба было б прыняць: спонсарская бескарыслівая дапамога бізнесу розным установам, найперш – дзіцячым, бальніцам – гэта на сёння агульнасусветная практыка. Тая сацыяльная адказнасць бізнесу перад грамадствам, пра якую казаў старшыня праўлення ЗАТ “Банк ВТБ (Беларусь)” Уладзімір Іваноў, паўсюдна ўспрымаецца дзелавымі людзьмі як існуючая маральная норма. На грошы спонсараў (і толькі на іх) часам функцыянуюць цэлыя ўстановы, сярод якіх бальніцы, хоспісы, цэнтры падтрымкі бяздомных і іншыя.
Зрэшты, хопіць нам углядвацца ў той заходні свет, азірнёмся назад, у сваё мінулае. У той жа царскай Расіі, дзе жылі і мы, спонсарства было агульнапрынятай з’явай. Больш за тое, дзякуючы гэтай з’яве ў рускіх слоўніках замацавалася новае слова – мецэнат, гэта значыць: той, хто аказвае дапамогу культуры, мастацтву, лячэнню. Расія славілася такімі мецэнатамі як Мамантавы, Марозавы, Трэццяковы (так, менавіта апошнімі апекаваліся мастакі і сабрана самая вядомая калекцыя карцін, якая была перададзена дзяржаве). Згадаем адну з самых вядомых бальніц – славутую Боткінскую. Дык вось, яна цалкам – ад моманту праектавання да аснашчэння была зроблена за грошы прамыслоўцы Казьмы Салдацёнкавага – ён завяшчаў больш за два мільёны рублёў (у цэнах 1900 года) на будаўніцтва бальніцы. І яна была пабудаваная – на 505 койка-месцаў, больш за 12 асобных карпусоў…
Той факт, што сёння вялікі бізнес пачынае адчуваць сваю сацыяльную адказнасць, якая выліваецца ў мецэнацтва, гаворыць аб станаўленні нашай агульнай грамадзянскай супольнасці, у якой ёсць усе ўмовы як для развіцця бізнесу, так і для праяўлення бескарыслівасці і дабрачыннасці.
Валерый Гапееў.
Фота Валерыя Міскевіча.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тром установам аховы здароўя, а таксама тром цэнтрам карэкцыйнага развіцця, рэабілітацыйным – усяго па шасці адрасах у гэтым годзе аказана дапамога на суму ў 94...
|
|